Пра гэта сама Марына Зялёная (Калініна) паведаміла 5 верасьня на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
«Я і маё дзіця падыходзім па ўмовах Жэнэўскай канвэнцыі аб уцекачах 1951 г., але не падыходзім з пункту гледжаньня Службы дзяржаўнай бясьпекі Грузіі», — адзначыла Зялёная.
Актывістка пералічыла падставы, паводле якіх, згодна з грузінскім заканадаўствам, краіна можа адмовіць у міжнароднай абароне. Сярод іх — «сувязь з узброенымі сіламі, выведнымі службамі, тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі арганізацыямі, транснацыянальнымі злачыннымі арганізацыямі, незаконным абаротам узбраеньняў, зброі масавага зьнішчэньня і іх кампанэнтаў».
Зялёная адзначыла, што цяпер складае «тэкст ліста амбудсмэну Грузіі» і «вельмі хоча абараніць правы свайго сына» і «атрымаць на яго дакумэнт».
Паводле яе, у Грузіі цяпер пражывае каля 10 тысяч беларусаў, частка зь якіх «праз указ аб нявыдачы беларусам пашпартоў за мяжой» мае праблемы з дакумэнтамі.
«У краіне народжаныя дзеці, якія ня маюць пашпарта, — адзначае Марына Зяленая. — Людзі ня могуць выехаць на вучобу або працу або сустрэчу са сваякамі ў іншую краіну з прычыны пашпартоў, якія скончыліся, аддаць дзіця ў дзіцячы сад або адкрыць картку ў банку».
Беларуская спартоўка Марына Калініна (Зялёная) з Каардынацыйнай рады прыехала ў Грузію больш за год таму. Сёлета ў студзені яна падалася на ўцякацтва. У інтэрвію Свабодзе яна расказвала пра ўсе нязручнасьці падачы дакумэнтаў на атрыманьне статусу ўцекача ў Грузіі.
- У жніўні стала вядома, што Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне беларускаму праваабаронцу Раману Кісьляку. Па словах праваабаронцы, у адказе, які ён атрымаў ад Дэпартамэнту міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў, гаворыцца, што ён адпавядае крытэрыям, вызначаным Жэнэўскай канвэнцыяй «Аб статусе ўцекача» і закону Грузіі «Аб міжнароднай абароне», якія тычацца прысуджэньня статусу ўцекача, аднак «ёсьць дастатковыя падставы для дапушчэньня», што яго знаходжаньне ў Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны».
- У траўні Раман Кісьляк расказваў «Позірку», што ў 2019–2024 гадах беларусы «50 разоў зьвярталіся» па прытулак у Грузіі. «За гэты час ніводнага статусу беларусам не нададзена — ні статусу ўцекача, ні гуманітарнага статусу», — падкрэсьліў праваабаронца.
- У красавіку 2023 году грузінскія памежнікі не ўпусьцілі ў краіну актывіста «Беларускай дыяспары Аджарыі» Яўгена Гацака. Ён быў вымушаны зь сям’ёй зьехаць у Польшчу.
- Увесну 2024 году Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальныя справы ў дачыненьні да ўсіх 257 чалавек, якія балятаваліся на выбарах у Каардынацыйную раду сёлета.
Форум