Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу аб арганізацыі нелегальнай міграцыі праз Польшчу перадалі ў суд. Сярод падсудных беларус


На польска-беларускай мяжы
На польска-беларускай мяжы

Пракуратура Польшчы перадала ў суд крымінальную справу ў дачыненьні да 26 чалавек, паведаміла Памежная варта.

Фігуранты справы абвінавачваюцца ў рэалізацыі злачыннай схемы нелегальнай міграцыі, сярод іх пяцёра грамадзян Украіны і адзін грамадзянін Беларусі.

«Гэта фінал паўтарагадовага расьсьледаваньня <…>, — гаворыцца ў паведамленьні. — Сабраны матэрыял паказвае, што ў складзе арганізаванай злачыннай групы людзі дзейнічалі з кастрычніка 2022 году. Замежнікі перавозілі нелегальных мігрантаў празь Беларусь і так званы „Балканскі маршрут“ у краіны Заходняй Эўропы».

Фігурантам выставілі абвінавачаньне ў «дзейнасьці ў складзе арганізаванай злачыннай групы». Аднаму чалавеку інкрымінавана «кіраваньне злачыннай групай», 16 — «арганізацыя нелегальнай міграцыі».

«Шасьцярым замежнікам таксама выстаўленае абвінавачаньне ў захоўваньні значнай колькасьці наркатычных сродкаў», — падкрэсьліла Памежная варта Польшчы.

«Большасьць падазраваных прызналіся ў злачынствах на допытах. <…> Восем чалавек арыштаваныя. Падчас расьсьледаваньня была арыштаваная маёмасьць і фінансавыя сродкі на агульную суму 173 940 злотых (каля 43,5 тысячы даляраў. — РС)», — заявілі ў ведамстве.

Пра тое, што ў розных раёнах Польшчы затрымалі 11 чалавек — беларускіх, польскіх, расейскіх і ўкраінскіх грамадзян, абвінавачаных у арганізацыі нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі і Расеі ў краіны Заходняй Эўропы, паведаміла 24 кастрычніка польскае выданьне Wiadomości са спасылкай на прэс-сакратара Падляскага аддзелу памежнай аховы Катажыну Здановіч.

У дачыненьні да шасьці чалавек прыменена мера стрыманьня ў выглядзе часовага арышту. У апэрацыі ўдзельнічалі каля 120 супрацоўнікаў польскага памежнага ведамства і прадстаўнікоў Эўраполу.

Сілавікі абшукалі 11 аб’ектаў нерухомасьці і некалькі транспартных сродкаў, якімі карысталіся затрыманыя. Вынятыя сродкі сувязі, кампутары, дакумэнты і 80 тысяч злотых (каля 20 тысяч даляраў).

Здановіч паведаміла, што ў пераважнай большасьці выпадкаў роля затрыманых заключалася ў пошуку ў Польшчы кур’ераў, якія б забіралі мігрантаў у раёне мяжы зь Беларусьсю і адвозілі да мяжы зь Нямеччынай.

Ад пачатку году супрацоўнікі Падляскай памежнай управы затрымалі 321 арганізатара нелегальнай міграцыі. Суды наклалі часовы арышт на 66 зь іх.

4 чэрвеня Памежная ахова Польшчы паведаміла, што ў Варшаве затрыманы 26-гадовы грамадзянін Беларусі. Яго абвінавацілі ў кіраваньні злачыннай групай, якая займалася арганізацыяй нелегальнай міграцыі. Паводле інфармацыі ведамства, у выніку дзейнасьці гэтай групы ў краіну незаконна трапілі каля 2 тысяч чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG