Беларускі памежны камітэт рэгулярна публікуе паведамленьні, у якіх абвінавачвае памежнікаў і сілавікоў Польшчы і краінаў Балтыі ў жорсткім абыходжаньні зь мігрантамі і нават у іх забойствах. Заявы беларускага боку «Белсату» пракамэнтавалі Міністэрства абароны і Памежная ахова Польшчы.
Апошняе такое паведамленьне Беларускага памежнага камітэту зьявілася 5 лістапада. У ім ведамства сьцьвярджае, што латвійскія сілавікі нібыта «выкінулі на беларускую тэрыторыю зьбітага ўцекача разам з трупам ягонага сябра». Акрамя гэтага, беларускія памежнікі заяўляюць, што з пачатку 2024 году знайшлі на межах з ЭЗ 17 загінулых іншаземцаў: 11 целаў на мяжы з Латвіяй і 6 на мяжы з Польшчай.
Агулам, паводле беларускіх памежнікаў, ад «злачынных дзеяньняў» службовых асобаў Польшчы і краінаў Балтыі нібыта пацярпелі больш за 320 уцекачоў. Сьледчы камітэт Беларусі нават завёў крымінальныя справы.
«На 30 кастрычніка 2024 году па крымінальнай справе ў дачыненьні да службовых асобаў Польшчы пацярпелымі прызнаныя 214 чалавек, зь іх 16 загінулі, Латвіі — 71 чалавек (22 загінулых), Літвы — 36 чалавек (12 загінулых). У тым ліку расьсьледуюцца абставіны нанясеньня цялесных пашкоджаньняў, сьмерці, наўмыснага неаказаньня дапамогі з боку службовых асобаў, сілавых структураў Рэспублікі Польшча ў дачыненьні да пацярпелых у выніку прымяненьня фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў», — заявілі ў СК Беларусі.
«Белсат» зьвярнуўся па камэнтар датычна абвінавачваньня беларускіх уладаў у Міністэрства абароны Польшчы. У ведамстве адказалі:
«Гэта чарговы прыклад хлусьні, скіраванай наўпрост супраць Польшчы. Яе мэтай ёсьць стварэньне фальшывага вобразу дзейнасьці польскіх службаў, якія ахоўваюць бясьпеку Польшчы і яе ўсходнюю мяжу. Вайскоўцы, вылучаныя для дапамогі Памежнай ахове ў пільнаваньні дзяржаўнай мяжы, дзейнічаюць у адпаведнасьці зь дзейнымі нормамі нацыянальнага і міжнароднага права».
У галоўным упраўленьні Памежнай аховы выданьню адказалі, што ня будуць камэнтаваць матэрыялы, апублікаваныя беларускімі службамі, бо трактуюць іх «як чарговыя элемэнты правакацыі і дэзынфармацыі».
Прадстаўнік праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў у камэнтары «Белсату» зазначыў, што гвалт у дачыненьні да мігрантаў прысутнічае з абодвух бакоў, але галоўнае пытаньне ў тым, хто яго распачаў. «Відавочна, што праваднік усяго гэтага крызісу зь мігрантамі — гэта рэжым Лукашэнкі», — кажа праваабаронца.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- Аляксандар Лукашэнка не аднойчы заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь. Так, напрыклад, 27 кастрычніка 2023 году, камэнтуючы плыні нелегальнай міграцыі зь Беларусі ў краіны ЭЗ, Лукашэнка заявіў: «Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць ня будзем. Тым больш вы (краіны Захаду. — РС) іх паклікалі. Няхай ідуць».
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча збудавалі сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. Урады спачатку Літвы, а потым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў сумежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў.
- Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны ЭЗ. Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- Паводле стану на 3 лістапада, з пачатку 2024 году суседнія зь Беларусьсю краіны Эўразьвязу папярэдзілі 34 367 спробаў пранікненьня мігрантаў зь Беларусі (Польшча — 28 412 спробы, Латвія — 5094, Літва — 861). Гэта на 12,1% менш, чым за аналягічны леташні пэрыяд — 39 110, сьведчыць аналіз зьвестак памежных ведамстваў, які праводзіць «Позірк».
Форум