Лінкі ўнівэрсальнага доступу

63 польскія памежнікі былі параненыя сёлета пры затрыманьні нелегальных мігрантаў зь Беларусі


Польскі памежнік, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Польскі памежнік, архіўнае ілюстрацыйнае фота

З пачатку 2024 году пры затрыманьні або спыненьні нелегальных мігрантаў зь Беларусі пацярпелі і атрымалі раненьні ўжо 63 польскія вайскоўцы, заявіў на паседжаньні польскага Сэйму 17 кастрычніка дзяржаўны сакратар Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Павал Бэйда.

Актыўнасьць нелегальных мігрантаў на польска-беларускай мяжы ў 2024 годзе павялічылася, адзначыў ён.

«У пэрыяд з 1 студзеня па 15 кастрычніка 2024 году на ўчастку мяжы зь Беларусьсю зафіксавана амаль 28 тысяч спробаў незаконна перасекчы мяжу. Гэта больш, чым за ўвесь мінулы год — летась зафіксавана 25 702 спробы незаконнага перасячэньня мяжы», — распавёў Павал Бэйда.

Паводле яго, сярод выяўленых замежнікаў пераважалі грамадзяне Сырыі, Афганістану, Самалі, Эрытрэі, Індыі, Этыёпіі і Емэну.

Бэйда таксама адзначыў, што ў апошнія тры тыдні колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня польска-беларускай мяжы зьнізілася і цяпер захоўваецца «на ўзроўні 60 спробаў у дзень», аднак, «зыходзячы з гістарычных зьвестак, трэба ўлічваць, што узровень міграцыйнага ціску можа ўзрасьці на працягу наступных месяцаў», дадаў ён.

У сувязі з гэтым Польшча гатовая павялічыць колькасьць вайскоўцаў у памежнай зоне больш як утрая. Павал Бэйда удакладніў, што цяпер колькасьць вайскоўцаў на мяжы складае каля 6 тысяч чалавек, аднак пры неабходнасьці яе могуць павялічыць да 17 тысяч чалавек.

  • З 1 студзеня па 14 кастрычніка 2024 году суседнія краіны Эўразьвязу спынілі сама меней 33 001 спробу мігрантаў нелегальна перасячы мяжу з боку Беларусі — на 7,6% менш, чым за той жа пэрыяд 2023-га (35 718), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз дадзеных іх памежных службаў. Прычым Польшча перадухіліла мінімум 27 625 такіх спробаў (23,8%; 22 308), Латвія — 4 676 (-58,8%; 11 354), Літва — 700 (-66%; 2056).
  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі Менску і Масквы.
  • 15 кастрычніка ўрад Польшчы зацьвердзіў новую міграцыйную стратэгію на 2025–2030 гады, якая падкрэсьлівае намаганьні Польшчы спыніць міграцыйныя праблемы, у прыватнасьці на ўсходняй мяжы зь Беларусьсю. Дакумэнт выклікаў спрэчкі ў вышэйшых эшалёнах улады Польшчы. Юрысты лічаць, што ён можа паўплываць і на беларусаў, якія імігруюць у Польшчу.
  • 17 кастрычніка міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк заявіў пра намеры стварыць спэцыяльнае падразьдзяленьне ў структуры Памежнай аховы Польшчы, якое будзе займацца «фізычнай, непасрэднай аховай межаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG