Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інфармацыя была канфідэнцыйная». Зяленскі пракамэнтаваў просьбу Кіева аб пастаўцы «Тамагаўкаў»


Уладзімер Зяленскі
Уладзімер Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што інфармацыя пра запыт Кіева аб пастаўцы амэрыканскіх крылатых ракет «Тамагаўк», пра які напярэдадні са спасылкай на крыніцы паведаміла газэта The New York Times, была канфідэнцыйная ў рамках зносінаў паміж уладамі Ўкраіны і ЗША.

Пра гэта Зяленскі сказаў у інтэрвію СМІ краін Паўночнай Эўропы 30 кастрычніка.

«Як разумець гэтыя паведамленьні? Гэта азначае, што паміж партнэрамі няма нічога канфідэнцыйнага», — пракамэнтаваў Зяленскі паведамленьні СМІ.

Ён пацьвердзіў, што ў рамках прапанаванага ім заходнім саюзьнікам так званага «пляну перамогі» запытваў у ЗША пакет зброі далёкага радыюсу дзеяньня. Наўпрост амэрыканскія крылатыя ракеты «Тамагаўк» Зяленскі не згадаў, аднак адзначыў, што гэтая зброя павінна была быць перш за ўсё фактарам стрымліваньня на выпадак, калі Расея пойдзе на далейшую эскаляцыю.

Прэзыдэнт Украіны фактычна пацьвердзіў, што заходнія саюзьнікі ў гэтым пытаньні адмовіліся выконваць ягоную просьбу.

«Я сказаў, што гэта прэвэнтыўны мэтад. Мне адказалі, што гэта эскаляцыя», — заявіў ён.

Зяленскі выказаў і шэраг іншых крытычных заўваг у дачыненьні да партнэраў Украіны. Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, Украіна атрымала толькі 10% ад пакету дапамогі, за які прагаласаваў Кангрэс ЗША ў 2024 годзе, а таксама дагэтуль не атрымала абяцаныя на саміце NATO ў ліпені сыстэмы СПА.

«Мы рыхтуем краіну да зімы, якая будзе вырашальнай. З адключэньнямі сьвятла. Але некаторыя партнэры не трымаюць слова», — сказаў Зяленскі, не прывёўшы падрабязнасьцяў.

Зяленскі адзначыў, што на шэрагу ўчасткаў фронту па-ранейшаму назіраецца вялікая перавага Расеі ў жывой сіле, і недахоп людзей часам прымушае ўкраінскіх вайскоўцаў адыходзіць. Пры гэтым, паводле Зяленскага, Украіна магла б у ходзе наступу ў Курскай вобласьці захапіць Курскую АЭС. «Калі б мы захацелі захапіць іх атамную станцыю, мы гэта зрабілі б. Мы маглі б гэта зрабіць, але ніколі не хацелі гэтага», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Раней прадстаўнікі расейскіх уладаў і праваенныя блогеры сьцьвярджалі, што Курская АЭС у горадзе Курчатаў была галоўнай мэтай украінскага наступу. Да АЭС, аднак, некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад крайняга пункту прасоўваньня ўкраінскіх войскаў, і ў Кіеве ніколі не казалі пра яе як пра мэту наступу.

Рэалізацыя пляну супрацьстаяньня Расеі, які Зяленскі называе плянам перамогі, на думку ўкраінскага прэзыдэнта, павінна прымусіць расейскія ўлады адмовіцца ад працягу вайны і пайсьці на перамовы. Плян, мяркуючы па апублікаванай інфармацыі, прадугледжвае істотнае павелічэньне падтрымкі Ўкраіны з боку заходніх саюзьнікаў, у тым ліку яе фармальнае запрашэньне ў NATO, дазвол на ўдары ўглыб тэрыторыі Расеі з выкарыстаньнем заходняй зброі, пастаўкі новых відаў узбраеньняў.

Зяленскі раней заяўляў пра існаваньне трох сакрэтных дадаткаў да пляну. The New York Times раскрыла зьмест аднаго зь іх, які адносіцца да тэматыкі стрымліваньня. Гаворка ідзе пра перадачу Ўкраіне ракет «Тамагаўк» далёкасьцю да 2400 кілямэтраў — тэхнічна гэта ракеты сярэдняй далёкасьці. Крыніца NYT назвала просьбу Зяленскага «абсалютна невыканальнай».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG