Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на «плян перамогі» Зяленскага адрэагавалі ў NATO, Эўразьвязе і ў Расеі і што пра яго кажуць палітолягі


Уладзімір Зяленскі прэзэнтуе «плян перамогі» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Кіеў, 16 кастрычніка 2024 году
Уладзімір Зяленскі прэзэнтуе «плян перамогі» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Кіеў, 16 кастрычніка 2024 году

16 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прадставіў у Вярхоўнай Радзе так званы плян перамогі Ўкраіны ў вайне супраць Расеі. Украінская служба Радыё Свабода сабрала рэакцыі на гэты плян прадстаўнікоў NATO, Эўразьвязу і Расеі, а таксама камэнтары экспэртаў.

Як «плян перамогі» пракамэнтавалі ў NATO і Эўразьвязе

Кіраўнік замежнапалітычнай службы Эўразьвязу Жузэп Бурэль, камэнтуючы «плян перамогі» Ўладзімера Зяленскага карэспандэнтцы ўкраінскай службы Радыё Свабода ў Брусэлі, прызнаў, што Ўкраіна «мае патрэбу ў больш магутных гарантыях бясьпекі».

«Давайце дачакаемся прыезду Зяленскага для прэзэнтацыі пляну лідэрам краінаў ЭЗ і яго абмеркаваньня. Так, мы павінны даць Украіне лепшыя і мацнейшыя гарантыі бясьпекі. І, як я казаў раней, гэта не таму, што мы добрыя сябры Ўкраіны, а таму, што бясьпека Ўкраіны зьяўляецца нашай бясьпекай», — адзначыў Бурэль.

Паводле кіраўніка дыпляматыі ЭЗ, эўрапейцы павінны зразумець, што «мы занадта шмат вагаліся ў мінулым, каб забясьпечыць неабходную вайсковую моц Украіне».

«Цяпер нам ня трэба вагацца. Мы ня можам дапусьціць, каб Украіну напаткала зацяжная вайна, якая ідзе гадамі. Як я зазначыў, адзіны спосаб прымусіць Пуціна сесьці за стол перамоваў — гэта перамагчы на полі бою. Іншага шляху няма», — рэзюмаваў ён.

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, камэнтуючы «плян перамогі», прадстаўлены Зяленскім, сказаў, што ня можа пакуль выказаць поўнай яго падтрымкі, але паабяцаў, што плян будуць дэталёва вывучаць.

«Нам трэба будзе паглыбіцца, зразумець, што ў ім. Гэта будзе адбывацца таксама за зачыненымі дзьвярыма з саюзьнікамі. Я ня буду камэнтаваць кожны элемэнт у пляне. Але гэта таксама моцны сыгнал ад Зяленскага і ягонай каманды — яны распрацавалі гэты плян, выставілі яго. Гэта ня значыць, што я магу сказаць цяпер, што падтрымліваю ўвесь плян. Гэта было б крыху складана, бо ёсьць шмат момантаў, у якіх трэба разабрацца», — сказаў ён.

Генсакратар NATO таксама адзначыў, што, на ягоную думку, на пэўныя аспэкты пляну будуць розныя погляды, але гэта ня значыць, што NATO «не стаіць цьвёрда за Ўкраіну».

Амбасадарка ЗША пры NATO Джуліян Сміт адрэагавала на некаторыя пункты «пляну перамогі», адзначыўшы, у прыватнасьці, што пазыцыя ЗША наконт даваньня Ўкраіне дазволу на дальнабойныя ўдары па тэрыторыі Расеі «не зьмянілася».

«Цяпер украінцы, як вам добра вядома, падымаюць пытаньне выкарыстаньня гэтай зброі ў іншых месцах (па-за межамі Харкаўшчыны і навакольляў. — Рэд.). У мяне няма навінаў, якія я магла б паведаміць аб зьменах у палітыцы ЗША. Бачу, што мы на тым месцы, дзе былі. Гэта значыць, даём усю неабходную дапамогу Ўкраіне для абароны сваёй тэрыторыі», — адзначыла Сміт.

Што тычыцца запрашэньня Ўкраіны ў NATO, дыпляматка адзначыла, што ня бачыць прыкметаў таго, што гэта можа адбыцца ў найбліжэйшай будучыні.

«Мы заявілі гэтым летам на 75-м юбілейным саміце (NATO ў Вашынгтоне. — Рэд.), што Ўкраіна ідзе незваротным шляхам сяброўства і што яна далучыцца да альянсу. Цяпер мы не на тым этапе, калі гаворка ідзе пра запрашэньне ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. Але, як заўсёды, мы ў сувязі з нашымі сябрамі ва Ўкраіне, абмяркоўваючы зь імі далейшае набліжэньне Ўкраіны да альянсу», — рэзюмавала Сміт.

Рэакцыя Расеі

У Крамлі таксама адрэагавалі на «плян перамогі», агучаны Зяленскім. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы плян, заявіў, што спыненьне вайны магчымае нібыта толькі пры ўмове «ўсьведамленьня кіеўскім рэжымам беспэрспэктыўнасьці ягонай палітыкі».

«Ужо колькі тыдняў гаворка ідзе пра нейкі эфэмэрны мірны плян. Хутчэй за ўсё, гэта той жа плян амэрыканцаў ваяваць з намі да апошняга ўкраінца („Вайна да апошняга ўкраінца“ зьяўляецца адным з ключавых наратываў Расеі. — Рэд.), які цяпер Зяленскі закамуфляваў і назваў „мірны плян“. Якого-небудзь іншага пляну там няма», — заявіў Пяскоў.

Пры гэтым прадстаўнік Крамля прызнаў, што пакуль ня чуў і ня бачыў выступу Зяленскага з прэзэнтацыяй «пляну перамогі» ва ўкраінскім парлямэнце.

Камэнтары ўкраінскіх экспэртаў

Экспэрты, зь якімі паразмаўляла ўкраінская служба Радыё Свабода, бачаць як станоўчыя, так і адмоўныя бакі ў пляне Зяленскага.

Паводле палітоляга Ўладзімера Фясенкі, дакумэнт, магчыма, зможа пераканаць падтрымаць Украіну тых, хто раней скептычна выказваўся аб дапамозе. Некаторыя пункты пляну, паводле яго, могуць быць накіраваныя на канкрэтных людзей, ад якіх палітыка дапамогі Ўкраіне з боку Захаду ўжо зусім хутка можа залежаць больш за ўсё, у прыватнасьці экспэрт згадаў у сувязі з гэтым Дональда Трампа, у выпадку ягонай перамогі на выбарах у ЗША 5 лістапада.

«Пяты пункт, разьмяшчэньне ўкраінскіх войскаў замест амэрыканскіх у рамках падразьдзяленьняў NATO на тэрыторыі Эўропы — гэта відавочна пад [Дональда] Трампа і пад рэспубліканцаў», — кажа Фясенка.

З другога боку, паводле палітоляга Яўгена Магды, прадстаўлены плян Зяленскага ўскладае больш адказнасьці на партнэраў Кіева, чым на саму Ўкраіну. Тым часам экспэрт лічыць, што ўкраінская ўлада павінна найперш умацаваць уласныя магчымасьці, бо цяперашняя структура кіраваньня дзяржавай, на яго думку, неэфэктыўная, што нэгатыўна ўплывае і на абараназдольнасьць.

На думку палітоляга Алега Саакяна, зварот Зяленскага меў на мэце запэўніць украінцаў у тым, што плянаў падпісваць мірныя дамовы, ахвяруючы сувэрэнітэтам, няма.

«Для ўнутранай аўдыторыі тут мэсэдж пра яднаньне: ворагаў унутры няма, а ўлада не зьбіраецца ісьці на капітуляцыю. Прамаляваны шлях паміж „формулай міру“ і „плянам перамогі“ для таго, каб паказаць, як яны зьвязаныя паміж сабой, і паспрабаваць згуртаваць вакол гэтага грамадзтва, прынамсі заклікаць да адзінства», — сказаў Сааякян у камэнтары Радыё Свабода.

Прадстаўнік украінскай апазыцыйнай партыі «Эўраалідарнасьць» Уладзімір Ар’еў зазначыў, што плян перамогі «не павінен пісацца адной палітычнай сілай». На ягоную думку, Зяленскі «павінен сабраць усе праўкраінскія і праэўрапейскія палітычныя сілы і разам напісаць рэальны плян», які пасьля трэба выканаць.

  • 16 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на пасяджэньні Вярхоўнай Рады прадставіў пункты прапанаванага ім «пляну перамогі» Ўкраіны ў вайне з Расеяй. Ён складаецца зь пяці публічных пунктаў і некалькіх засакрэчаных дадаткаў. Паводле Зяленскага, першым пунктам зьяўляецца запрашэньне Ўкраіны ў NATO.
  • Наступныя чатыры пункты пляну: абарона, стрымліваньне, эканоміка і бясьпека. Яны прадугледжваюць працяг і ўзмацненьне вайсковай дапамогі партнэраў, дазвол наносіць удары па вайсковых аб’ектах Расеі, атрыманьне дадатковых сродкаў супрацьпаветранай абароны, разьмяшчэньне зброі стрымліваньня на тэрыторыі Ўкраіны і эканамічны патэнцыял.
  • На думку Зяленскага, выкананьне гэтага пляну дазволіць завяршыць вайну да канца 2025 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG