Бэльгія. «У нас і гараж, і стол»
Беларуская рэжысэрка Вольга Нікалайчык жыве ў лагеры для ўцекачоў у Бэльгіі 2,5 года. Нядаўна яна атрымала статус уцекача.
«Гэта цяжка, але ўсё ў параўнаньні. Што наракаць на лёс: гэта не турма і не вайна», — кажа Вольга пра свой лягер.
Яна параўноўвае свае побытавыя ўмовы з «хіміяй» у Беларусі. Вольга жыве ў пакоі з трыма дзяўчынамі з Афрыкі. Там стаяць два двухпавярховыя ложкі, паміж імі маленькі праход. Вольга сьпіць на другім паверсе, для яе гэта цяжка. Месца вызначыла адміністрацыя лягера. Вузкае вакно выходзіць на ангар. Пад вакном часта сядзяць жыхары лягера і кураць.
У пакоі таксама стаяць чатыры мэталічныя шафы, стол, два ровары і два скутэры. Транспарт захоўваюць у пакоі, бо з паркінгаў яго крадуць. У самой Вольгі ўжо скралі ровар коштам 100 эўра.
«У нас і гараж, і стол. Не павярнуцца», — камэнтуе суразмоўца.
Вольга жыве ў лягеры сыстэмы Fedasil. Яго жыхароў бясплатна кормяць тройчы на дзень. Харчаваньне аднастайнае, Вользе ня вельмі падабаецца.
«Добрае мяса, але нясмачнае. Ялавічына ці курыца. Яны прыбіваюць соўсамі перасоленымі і нясмачнымі», — прызнаецца суразмоўца.
Па словах суразмоўцы, на сьняданак часта даюць вараную каўбасу, сыр, малако, плаўленыя сыркі, хлеб, джэмы, шакалядны крэм. У дзень даюць адзін фрукт. Па чацьвяргах — два яйкі. Раз на меяц — амлет. Па аўторках — смажаную курыную нагу і бульбу-фры. Па пятніцах — рыбу. Штодня — салату з пэкінскай капусты, памідора, гурка. Каву, гарбату, цукар можна браць, колькі хочаш, расказвае Вольга.
«Ужо праз паўгода пачынаюцца праблемы са страўнікам», — адзначае яна якасьць харчаваньня.
Гатаваць самастойна ў лягеры нельга. Інакш даюць штраф 20 эўра і забіраюць плітку. Штодня заходзіць адміністрацыя і правярае пакоі. Тым, хто жыве і харчуецца ў лягеры, даюць дзяржаўную дапамогу 30 эўра ў месяц. У краме набор з двух гатовых селядцоў, прыкладам, каштуе 2,9 эўра, дзясятак яек — 2 эўра.
У Бэльгіі ёсьць таксама лягеры для ўцекачоў сыстэмы Чырвонага Крыжа. У іх можна адмовіцца ад арганізаванага харчаваньня. Тады дадаткова даюць каля 300 эўра на ежу.
Раней у лягеры, дзе жыве Вольга, не было інтэрнэту. Яго трэба было набываць за свае грошы. Wi-fi правялі толькі нядаўна. Агульныя прыбіральня і душ знаходзяцца на паверсе.
Вольга расказвае, што ў іхным цэнтры жывуць уцекачы з краін Афрыкі, Палестыны, Афганістана, Емэна, Малдовы, Альбаніі. Многія знаходзяцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі. У суседкі па пакоі дзеці застаюцца ў Афрыцы і пакуль ня могуць прыехаць да маці. У кагосьці паміраюць сваякі на радзіме, і нельга паехаць разьвітацца. Бывае, чуваць плач. Здараюцца канфлікты, пасьля якіх удзельнікаў саджаюць у турму.
«У нас паліцыя раз на тыдзень. Бойкі, разаніна, на ўваходзе шыба была разьбітая ўшчэнт... Зь цяжкімі раненьнямі людзей забіралі», — расказвае пра атмасфэру ў цэнтры Вольга.
Праз чатыры месяцы жыцьця ў краіне чалавеку, які запрасіў прытулак, даюць дазвол на працу. У гэты час можна прыбіраць лягер за грошы. Калі працаваць цэлымі днямі, то можна зарабіць каля 400 эўра за месяц, расказвае суразмоўца. Праз чатыры месяцы можна шукаць лепшую працу.
«Нядаўна ўвялі новае правіла: калі чалавек працуе і зарабляе больш за 1500 эўра, то ён мусіць плаціць за месца ў лягеры 600 эўра», — зазначае Вольга.
Чалавек, які запрасіў палітычнага прытулку ў Бэльгіі, не абавязаны жыць у лягеры для ўцекачоў. Тым, хто чакае вырашэньня справы аб уцякацтве і жыве на арандаванай кватэры, плацяць 270 эўра сацыяльнай дапамогі. Але гэтага недастаткова, каб зьняць жытло.
Раней разгляду заявы на статус уцекача чакалі прыкладна год, а пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне — больш за два гады, тлумачыць суразмоўца.
Калі чалавек атрымлівае статус уцекача, ён мусіць цягам чатырох месяцаў выехаць зь лягера. Пасьля гэтага дзяржава плаціць яму 1300 эўра штомесяц. Аднак знайсьці кватэру пад сацыяльныя гарантыі цяжка, адзначае Вольга. На камэрцыйнай аснове гаспадар можа запрасіць адразу аплату за тры месяцы, а ўцякач можа плаціць толькі ў канцы кожнага месяца.
«Вельмі цяжка. Хоць ты ў намёт ідзі», — камэнтуе Нікалайчык.
Бэльгія. 30% заробку забіраюць на аплату пражываньня
Алег (поўнае імя суразмоўца папрасіў не раскрываць у мэтах бясьпекі. — РС) жыве зь сям’ёй з дваімі дзецьмі ў цэнтры для ўцекачоў у Бэльгіі амаль два гады. Раней у гэтых будынках месьцілася вайсковая частка. У іхным будынку каля 30 пакояў, жыве каля 150 чалавек. Алег параўновае свае ўмовы з інтэрнатам. Кажа, што пасьля Акрэсьціна і СІЗА ўспрымае як прымальныя. Галоўнае, што ёсьць свабода перамяшчэньня.
Былы вялікі пакой падзялілі сьценкай напалову. У адной частцы жыве сям’я Алега, у другой — іншая сям’я. Іхная плошча каля 15 «квадратаў». У пакоі стаяць двухпавярховыя ложкі. Паміж пакойчыкамі — маленькі калідор з умывальнікам. Агульныя душ і прыбіральня месьцяцца на паверсе.
Гатаваць самастойна ў лягеры забаронена. Жыхароў кормяць. Алег кажа, што рацыён разнастайны: яйкі, курыца, ялавічына, рыба, салаты, бульба. Аднак ён адзначае, што гэтай ежы яму як мужчыну не хапае. Даводзіцца дакупляць. Ежа яму ня вельмі смачная, бывае зашмат спэцыяў, няма прывычных беларускіх супоў.
На сям’ю з чатырох чалавек дзяржава плаціць каля 125 эўра сацыяльнай дапамогі на месяц. Пасьля чатырох месяцаў можна працаваць. У самім лягеры прапануюць сымбалічную аплату за працу, адзначае суразмоўца: 2 эўра, каб памыць тры прыбіральні. Некаторыя ідуць працаваць у таксі або на пошту. Пажадана ведаць ангельскую або нідэрляндзкую мову.
Алег пайшоў працаваць у клінінг, прыбірае памяшканьні. Калі працаваць штодня, можна зарабіць 2,5 тысячы эўра за месяц. Апошнім часам у лягеры ўвялі новае правіла: калі чалавек працуе, то ў яго адлічваюць 30% заробку на аплату пражываньня. У выпадку Алега гэта каля 800 эўра.
Новае правіла матывуе працоўных людзей пераяжджаць у асобнае жытло. Ім тады будуць выплачваць 800 эўра дапамогі на ежу штомесяц, пакуль разглядаюць іхную справа на ўцякацтва. Аднак зьняць кватэру ў Бэльгіі складана: трэба мець працоўны кантракт, грошы на рахунку, праходзіць гутарку.
Алег расказвае, што ён камунікуе ў асноўным з тымі, хто гаворыць па-расейску. Гэта малдаване і чачэнцы. Крыху — з дагестанцамі і ўцекачамі з Афрыкі па-ангельску. Сяброў у цэнтры ў яго і ягоных сямейнікаў не зьявілася. У лягеры здараюцца канфлікты, бойкі, прыяжджае паліцыя. Рэгулярна ў цэнтры ладзяць інтэграцыйныя імпрэзы з музыкай, грылем. Да жыхароў цэнтру могуць прыходзіць госьці да 22:00.
Моцнага кантролю, на думку суразмоўцы, у лягеры няма. Можна прыходзіць і выходзіць у любы час. На 10 дзён у месяц можна выяжджаць зь лягера. Ёсьць асыстэнт, зь якім можна пагаварыць пра розныя справы. Недзе раз на два месяцы прыходзіць праверка, каб спраўдзіць, што ў пакоі ўсё добра. Напрыклад, што не размаляваныя сьцены.
Суразмоўца кажа, што ў яго былі праблемы з мэдычнай дапамогай. У лягеры ёсьць мэдычны пакой. Але калі дзіця захварэла на пнэўманію з высокай тэмпэратурай, даводзілася пераконваць мясцовага лекара, каб дзіця забралі ў шпіталь і добра абсьледавалі.
Ірляндыя. «Адзін з найлепшых прытулкаў»
Дзіна (поўнага імя гераіні не называем з пытаньняў бясьпекі. — РС) тры месяцы жыве ў Ірляндыі ў невялікім горадзе за 30 хвілін язды ад Дубліна. Яна прыехала ў краіну па візе, запрасіла абарону. Жыве ў лягеры для ўцекачоў, які арганізавалі на месцы былога гатэлю. Лягер нядаўна адкрылі, і ён лічыцца адным з найлепшых у краіне, кажа суразмоўца. У яе корпусе жывуць жанчыны і сем’і.
Пакоі разьлічаныя на двух чалавек. Стаяць два асобныя ложкі, стол, дзьве шафы, крэсла, люстэрка і нават тэлевізар. Ёсьць wi-fi. У кожным пакоі ёсьць прыбіральня і душ. Сродкі гігіены выдаюць, калі ёсьць патрэба. Можна карыстацца пральнай машынай з сушкай у лягеры. Раней у цэнтры бясплатна кармілі, але потым перасталі, бо жыхарам зручней гатаваць самім. У прытулку добра абсталяваная кухня. Ёсьць пакой для малітвы. У цэнтры праводзяць бясплатныя курсы ангельскай мовы, маляваньня, хору.
Дзяржаўная дапамога складае 83 эўра на тыдзень. Аднаразовая дапамога на адзеньне — 200 эўра. Кампэнсуюць аплату за праезд, калі чалавек едзе ў справах уцякацтва, прыкладам, да адваката. Ёсьць лекар, да якога можна зьвяртацца бясплатна.
Дзіна кажа, што сацыяльнай дапамогі ёй хапае на сярэдні ўзровень жыцьця. Яна купляе сабе садавіну, гародніну, мяса. Стараецца рабіць гэта са зьніжкамі. Раз на тыдзень можа зьезьдзіць у невялікую вандроўку ў Дублін ці іншае месца. За мабільную сувязь плаціць 20 эўра на месяц.
У прытулку жывуць уцекачы з Банглядэш, Індыі, Грузіі, краінаў Афрыкі, некалькі ўкраінцаў і беларусаў. Суразмоўца кажа, што атмасфэра ў цэнтры досыць спакойная і прыязная. Размаўляюць збольшага па-ангельску. Ёсьць ахоўнікі, якія сочаць за парадкам. Калі адміністрацыя хоча нешта праверыць у пакоях, то жыхароў папярэджваюць.
Агулам суразмоўца задаволеная ўмовамі ў прытулку. Самым складаным яна называе спробу падстроіць графік жыцьця пад суседзяў. Суседкамі Дзіны былі мусульманкі. Яны ўставалі ў чатыры ранку, уключалі сьвятло, каб маліцца. Дзіна, наадварот, хацела класьціся спаць позна, але перашкаджала б тады іншым.
Атрымаць дазвол на працу ў Ірляндыі можна толькі празь 9 месяцаў жыцьця ў краіне. У лягеры прапануюць бясплатныя прафэсійныя курсы: IT, садаводства, прадаўцоў, для адкрыцьця бізнэсу.
Паводле заканадаўства, справу аб міжнароднай абароне могуць разглядаць 13 месяцаў. Калі чалавек атрымае міжнародную абарону, ён мусіць пакінуць цэнтар для ўцекачоў. Тады дзяржава будзе плаціць яму 1200 эўра на месяц.
Нямеччына. Чатыры прытулкі за паўгода
Беларусу Андрэю (поўнае імя просіць не называць дзеля бясьпекі. — РС) за 50 гадоў. Ён каля паўгода жыве ў Нямеччыне, запрасіў міжнародную абарону. За гэты час мужчына зьмяніў чатыры лягеры для ўцекачоў.
Спачатку трапіў у разьмеркавальны лягер у горадзе Трыр, дзе правёў некалькі дзён. Гэта быў цагляны будынак, асобны мужчынскі корпус. У пакоі з двух- і аднапавярховым ложкамі жылі пяць чалавек. Выдавалі «сухі паёк»: малако або сок, булку, паштэты, джэмы, гарачы абед у кантэйнэры з фольгі. Быў wi-fi. Выходзіць зь лягеру можна было да 22:00. Каб на ноч выехаць зь лягеру, трэба было папярэдзіць адміністрацыю.
Тым, хто зьвяртаецца па статус уцекача, выдаюць дзяржаўную дапамогу 550 эўра на месяц, зь іх каля 150-200 эўра ідзе на аплату пражываньня і харчаваньня. На рукі застаецца больш за 300 эўра, расказвае суразмоўца.
Наступны лягер, куды разьмеркавалі Андрэя, месьціўся ў горадзе Цырндорф. Тэрыторыя была абнесеная плотам. Апрача цагляных будынкаў, там стаяў намёт даўжынёй каля 50 мэтраў з двухпавярховымі ложкамі. У намёце жылі маладыя мужчыны з Блізкага Ўсходу. Сем’і мігрантаў жылі ў вагончыках на тэрыторыі.
Пры ўваходзе ў лягер жыхароў надглядалі ахоўнікі. Нельга было праносіць алькаголь. Ранкам у пакой таксама зазіраў ахоўнік, пэўна, правяраў, ці ўсе на месцы.
Андрэй жыў у цагляным будынку. Разам зь ім у пакоі знаходзіліся яшчэ пяць мужчын. На паверсе была прыбіральня і душ. У гэтым лягеры іх таксама кармілі. Суразмоўца адзначае, што сьвініны ў мэню ніколі не было праз рэлігійныя абмежаваньні большасьці мігрантаў. Карыстацца тэлефонамі ў сталоўцы забаранялі. Пасьля абеду выдавалі «сухі паёк» з сасісак, сыру, паштэту, джэму, напою. Побач зь лягерам былі крамы, дзе можна было дакупіць прадукты. Андрэй адзначае, што ежы было нават зашмат.
Празь месяц яго чамусьці перавезьлі ў іншы прытулак, у Нюрнбэргу. Засялілі фактычна ў аднапакаёўку шматпавярховіка. Ён знаходзіўся адзін у пакоі, дзе быў ложак, стол, стул, лядоўня, умывальнік. Аднак там мужчына пражыў толькі адзін дзень.
Далей яго перавялі ў Шайнфэльд. Там Андрэй пражыў чатыры месяцы. Умовы яму не спадабаліся.
«Мякка кажучы, гэта быў шок, на мяжы з жахам, з жаданьнем уцячы адтуль, не адпускаць аўтобус. Нас прывезьлі ў ангар», — кажа суразмоўца.
«Ангарам» ён называў памяшканьне, куды іх прывезьлі жыць. Гэта быў вялікі будынак, разьдзелены перагародкамі з тканіны на сэкцыі, дзе стаялі двухпавярховыя ложкі. У кожнай сэкцыі жылі некалькі чалавек. Вокны знаходзіліся толькі з аднаго тарца будынка. Андрэй адзначае, што ў «ангары» было холадна, скразьнякі, там ён зарабіў атыт. Потым беларус разам з суседзямі пераехалі ў вагончык — «палепшылі свае ўмовы».
Урэшце беларусу адмовілі ў статусе ўцекача ў Нямеччыне. Яго дэпартавалі ў Польшчу. Цяпер Андрэй спрабуе легалізавацца там.
«У дзяржавы няма абавязку задавальняць патрэбы вегана»
Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка пракамэнтаваў Свабодзе ўмовы ў лягерах для ўцекачоў.
«Кожны чалавек, які вырашае паехаць у іншую краіну і папрасіць палітычнага прытулку, павінен ведаць, што яго там ніхто не чакае», — кажа праваабаронца.
Паводле Судаленкі, кожная краіна стварае розныя ўмовы для ўцекачоў, у тым ліку ў залежнасьці ад дабрабыту гэтай краіны.
«Ёсьць канвэнцыя ААН пра ўцекачоў. Дзяржавы, якія яе падпісалі, бяруць на сябе абавязак забараніць дыскрымінацыю ў дачыненьні да ўцекачоў паводле іх сацыяльнага, нацыянальнага статусу, забясьпечыць ім свабоду веравызнаньня. Не парушаць іхных базавых правоў», — камэнтуе суразмоўца.
Ён адзначыў, што дзяржавы абяцаюць, паводле канвэнцыі, ставіцца да ўцекачоў ня горш, чым да іншых іншаземцаў.
«Часам яны выкарыстоўваюць ангары для жытла. Ну няма ў бюджэце дзяржавы сродкаў на ўцекачоў. Яны ў першую чаргу думаюць, як клапаціцца пра сваіх грамадзян. Я ня думаю, што дзяржава зацікаўленая ствараць уцекачам умовы такія ж, як і для сваіх грамадзян», — кажа Судаленка.
На думку праваабаронцы, пытаньне парушэньня правоў уцекачоў у прытулках трэба разглядаць канкрэтна і індывідуальна. Ён кажа, што ў канвэнцыі аб уцекачах, прыкладам, няма нарматываў памеру плошчы жытла, якую дзяржава мае прапанаваць уцекачу.
«Калі чалавека пакінуць без трохразовага харчаваньня, гэта, безумоўна, будзе парушэньне. А калі чалавек хоча курыцу зьесьці, а яму даюць сьвініну, то ня думаю, што гэта будзе парушэньне. У дзяржавы няма абавязку задавальняць патрэбы вэгана, сыраеда. Трохразовае харчаваньне — і ўсё, кропка», — пракамэнтаваў Леанід Судаленка.
Форум