Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэнэджарка EPAM Дзіяна Завадзкая выйшла на волю па памілаваньні


Турма. Ілюстрацыйнае фота
Турма. Ілюстрацыйнае фота

34-гадовую берасьцейку Дзіяну Завадзкую затрымалі неўзабаве пасьля вяртаньня з-за мяжы.

На свабоду па памілаваньні выйшла 34-гадовая жыхарка Берасьця, мэнэджарка кампаніі EPAM Дзіяна Завадзкая. Пра гэта паведамляе @mediazona_by. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», Завадзкую вызвалілі 4 верасьня.

Жанчыну затрымалі 15 жніўня 2023 году пасьля вяртаньня ў Беларусь з Грузіі. Берасьцейскі абласны суд (судзьдзя Мікалай Сянько) пачаў разглядаць яе справу 26 лютага сёлета. Яе прызналі вінаватай па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу) Крымінальнага кодэксу і пакаралі пазбаўленьнем волі — праваабаронцам было невядома, на які тэрмін. Завадзкую прызналі палітзьняволенай.

7 жанчын і 23 мужчыны, «асуджаныя за злачынствы пратэставай накіраванасьці», памілаваныя па ўказе № 343, паведаміла 4 верасьня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. Было заяўлена, што большасьць зь іх — бацькі непаўналетніх і малалетніх дзяцей.

Дзіяна Завадзкая працавала ў EPAM, узначальвала каманду тэстэраў. Яна перайшла ў IT з маркетынгу, працуе ў гэтай сфэры ўжо больш за 7 гадоў.

Пасьля пачатку вайны Дзіяна разам з сынам, якому цяпер 7 гадоў, выехала ў Тбілісі. У нейкі момант яна вырашыла вярнуцца ў Беларусь, хоць час ад часу выяжджала за мяжу.

4 верасьня стала вядома, што на волю па памілаваньні выйшлі актывістка руху «Маці-328» Марына Кісялевіч, асуджаная па двух дыфамацыйных артыкулах: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), і прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна, асуджаная да 3 гадоў і 3 месяцаў калёніі (яе прызналі вінаватай у нясплаце падаткаў, зьліве зьвестак сілавікоў, удзеле ў пляне «Перамога», фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці).

На вечар 5 верасьня праваабаронцам агулам вядомыя прозьвішчы сямі палітвязьняў, вызваленых па памілаваньні, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бясьпекі вязьняў і пакуль не публікуюць прозьвішчы вызваленых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG