Аляксандар Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці», падпісаўшы ўказ № 343 «Аб памілаваньні асуджаных», паведамілі БелТА ў ягонай прэс-службе.
Сярод памілаваных 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасьць асуджаных зьяўляюцца бацькамі непаўналетніх і малалетніх дзяцей. Паводле прэс-службы Лукашэнкі, усе яны падалі хадайніцтва аб памілаваньні.
4 верасьня сталі вядомыя прозьвішчы двух памілаваных палітвязьняў: гэта актывістка руху «Маці-328» Марына Кісялевіч, асуджаная па двух дыфамацыйных артыкулах: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), і прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна, асуджаная да 3 гадоў і 3 месяцаў калёніі (яе прызналі вінаватай у нясплаце падаткаў, зьліве зьвестак сілавікоў, удзеле ў пляне «Перамога», фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці).
Большасьць з 30 памілаваных былі асуджаныя паводле артыкулаў аб «абразе» і «паклёпе», удакладніў генпракурор Беларусі Андрэй Швед. Прадстаўленых да памілаваньня вывучала камісія пад ягоным кіраўніцтвам.
Паводле Андрэя Шведа, камісія старанна вывучала матэрыялы крымінальных спраў палітвязьняў, іх «паводзіны ў месцах зьняволеньня», улічвала іх узрост, стан здароўя, «шчырае раскаяньне» і абяцаньне весьці правапаслухмяны лад жыцьця і іншыя акалічнасьці.
«Мы таксама ўлічылі той факт, што ўсе гэтыя асобы не зьдзяйсьнялі гвалтоўнае злачынства супраць прадстаўнікоў улады. Яны былі асуджаныя ў асноўным за абразу і паклёп у інтэрнэт-прасторы», — заявіў Швед у камэнтары дзяржаўнаму тэлебачаньню.
Таксама генпракурор Беларусі анансаваў чарговае пасяджэньне камісіі па памілаваньні на наступным тыдні. Колькі менавіта заяваў разгледзіць камісія, не паведамляецца, але як заявіў Андрэй Швед, іх будзе «дастаткова шмат».
Там паведамілі, што кантроль за паводзінамі вызваленых забясьпечыць МУС.
Указ аб памілаваньні 30 палітвязьняў пракамэнтавала дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
«Я рада, што яшчэ 30 палітычных зняволеных у Беларусі было памілавана», — напісала палітык 4 верасьня на сваёй старонцы ў сетцы «Х» .
Яна падкрэсьліла, што ўсе гэтыя людзі невінаватыя.
«Аднак рэпрэсіі працягваюць узмацняцца, і больш за 1.400 чалавек застаюцца ў зьняволеньні па палітычных матывах. Нам неабходны пастаянны міжнародны ціск, каб дабіцца свабоды для ўсіх іх», — лічыць палітык.
Раней беларускія дэмакратычныя сілы склалі «гуманітарны сьпіс» палітвязьняў, якія павінны быць неадкладна вызваленыя. Туды ўвайшло 16 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі, 91 зь цяжкімі захворваннямі, 65 пэнсіянэраў, 10 чалавек з псыхічнымі расстройствамі, 23 непаўналетнія, а таксама не менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца абодва бацькі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, цяпер палітвязьнямі ў Беларусі прызнаны 1.371 чалавек.
- 3 ліпеня выйшлі на волю 18 палітзьняволеных. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны на 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.
- 16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні. Сярод памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні. Таксама ёсьць пэнсіянэры. Прозьвішчаў памілаваных тады афіцыйна таксама не называлі, сам указ не публікаваўся.
Сьпіс некатрых агучаных пасьля 16 жніўня прозьвішчаў вызваленых вязьняў:
- Ксенія Луцкіна,
- Вольга Новікава,
- Ала Зуева,
- Вольга Стаброўская,
- Васіль Берасьнеў,
- Ірына Санкоўская,
- Кацярына Леў,
- Натальля Пятровіч,
- Тамара Каравай,
- Сьвятлана Палуэктава,
- Яўген Чуміла.
Форум