Сёлета ў беларускія ВНУ па мэтавым наборы паступілі 4500 студэнтаў. Гэта калі чалавека накіроўвае на вучобу пэўная арганізацыя. Абітурыент бярэ накіраваньне ад такой арганізацыі і паступае паводле асобнага конкурсу на бясплатнае навучаньне. Пасьля сканчэньня ВНУ такі спэцыяліст мусіць адпрацаваць на арганізацыю, якая яго накіроўвала на вучобу, 5 гадоў (іншыя выпускнікі-бюджэтнікі — 2 гады).
Як зьмяняліся правілы
Магчымасьць мэтавага паступленьня ў Беларусі існуе даўно, але апошнія гады з ініцыятывы Лукашэнкі яна стала больш масавай.
У 2022 годзе ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі зьнялі абмежаваньні для арганізацый і прадпрыемстваў, якія маюць права адпраўляць спэцыялістаў на мэтавае паступленьне. Раней такія арганізацыі мусілі знаходзіцца ў маленькіх гарадах (да 20 тысяч жыхароў) ці на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях. Цяпер такой умовы няма.
Павялічылі і квоты набору для мэтавікаў. На мэдыцынскіх спэцыяльнасьцях — да 80% ад агульнай колькасьці месцаў (раней было да 50%), на спэцыяльнасьцях, зьвязаных зь сельскай гаспадаркай, аховай працы і вэтэрынарыяй — да 70% (раней 60%), на ўсіх іншых спэцыяльнасьцях — да 60% (раней было 40%).
Зьмяніліся таксама правілы паступленьня для такіх абітурыентаў. Калі раней яны здавалі два ці тры тэсты, як і ўсе іншыя, то з 2023 году — толькі адзін унутраны экзамэн па профільным прадмеце. Колькі мэтавікаў і ад якой структуры будуць вучыцца ў тым ці іншым ВНУ, вызначаюць чыноўнікі.
Мэтавым наборам у ІТ скарысталіся сілавікі
Зьмены правілаў паўплывалі на лічбы набору мэтавікаў. Вось так мянялася колькасьць месцаў для іх у Беларускім унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі:
- 2021 год — 0 чалавек
- 2022 год — 20 чалавек
- 2023 год — 40 чалавек
- 2024 год — 67 чалавек
Адметная асаблівасьць: сёлета ў БДУІР адвялі 9 месцаў для Дэпартамэнту апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС, а заявак было пададзена ад гэтага дэпартамэнту 19. Летась для гэтага Дэпартамэнту ў БДУІР было толькі 3 месцы, а ў 2022-м не было наагул. Гэта зьвесткі з загадаў міністра адукацыі аб колькасьці месцаў для мэтавікаў па гадах. Такі загад выходзіць звычайна ўвесну перад уступнай кампаніяй.
Паводле прадстаўніка супольнасьці былых сілавікоў BelPol Уладзімера Жыгара, такім чынам МУС спрабуе замяніць ня вельмі якасную адукацыю ў Акадэміі МУС.
«Адукацыя, якую даюць у Акадэміі МУС, ня самая сьвежая, і гэтая адукацыя непасрэдна датычыцца паўсядзённай працы ў МУС. Там дзесяцігодзьдзямі нічога не мяняецца. Інфармацыйныя тэхналёгіі зрабілі крок наперад, адукоўваць супрацоўнікаў згодна зь імі ў Акадэміі МУС не атрымліваецца, а ў БДУІР гэта магчыма. Патрэбны спэцыялісты, якія б зналіся ў новых тэхналёгіях. Таму ўзяліся за мэтавы набор. Туды адпраўляюць правераных людзей», — мяркуе Жыгар.
На ягоную думку, на агульны ўзровень сілавікоў гэта ніяк не паўплывае.
«Яны спадзяюцца, што пасьля заканчэньня ВНУ такі чалавек прыйдзе ў свой аддзел і зможа перадаць веды калегам. Аднак трэба разумець, што, каб перадаць такія веды, з гэтым трэба працаваць. А сама сыстэма не дае чалавеку разьвіваць веды ў гэтай галіне. Задачы супрацоўнікаў нават таго ж аддзелу „К“ руцінныя. Можна прыгадаць пачатак буму крыптавалюты. У МУС не разумелі, як расьсьледаваць такія злачынствы», — кажа Уладзімер Жыгар.
На ягоную думку, нават прыход адзінкавых спэцыялістаў з дыплёмамі БДУІР у цэлым ня зьменіць сыстэму.
Таксама ў 2023 годзе ў БДУР было 4 месцы для мэтавікаў ад навукова-тэхнічнага цэнтру КДБ, сёлета гэтая структура месцаў у БДУІРы пад мэтавае паступленьне ня мела.
Колькасьць мэтавікаў у Мэдыцынскім унівэрсытэце за 3 гады вырасла ўтрая
Беларускі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт сёлета набраў 730 чалавек (з улікам вайскова-мэдычнага факультэту) на мэтавае паступленьне. Гэтая колькасьць расла апошнія гады:
- 2021 год — 325
- 2022 год — 380
- 2023 год — 563
Лічбы пададзеныя з улікам вайскова-мэдычнага факультэту, бо туды паступаюць у мэтах Узброеных сілаў, Унутраных войскаў, Памежнага камітэту і МУС.
У 2024 годзе гэта 55 абітурыентаў, у 2023-м — 56 чалавек, у 2022-м — 43 чалавекі, у 2021-м — 30.
Чыноўнікі абяцаюць вырашыць праблему недахопу мэдыкаў праз павелічэньне набору ў ВНУ ўжо каля 30 гадоў, зазначае каардынатарка фонду мэдыцынскай салідарнасьці Лідзія Тарасенка. Зараз фонд рыхтуе справаздачу наконт уступнай кампаніі ў мэдычныя ВНУ.
«Апошнія гады пасьля ўвядзеньня зьменаў ёсьць тэндэнцыя, што балы для паступленьня на платным павышаюцца, а для мэтавікаў зьніжаюцца. Спроба закрыць кадравы дэфіцыт мэдыкаў робіцца з „нулявых“ гадоў, тады пачалі павялічваць набор у мэдычныя ВНУ. Амаль кожны міністар аховы здароўя абяцаў павялічыць набор і вырашыць кадравае пытаньне. Амаль 30 гадоў яны робяць адныя і тыя ж дзеяньні, і гэта не прыносіць выніку», — кажа Лідзія Тарасенка.
Яна прыводзіць прыклад прахадных балаў для мэтавікаў. На пэдыятрычны факультэт для Гомельскай вобласьці ў 2023 годзе — 99 балаў з 200 магчымых (атэстат і профільны прадмет). Прахадны ж на бюджэт для гэтага факультэту для ўсіх астатніх — 366 балаў з 400 магчымых (3 тэсты і атэстат). Гэта значыць, у адным выпадку можна здаць усё на 50 са 100 і прайсьці, у другім — трэба мець мінімум 91,5 па кожным прадмеце.
«Зараз канец лета, пасьля сканчэньня кантрактаў па разьмеркаваньні многія маладыя спэцыялісты звальняюцца. Нават у Менску цяпер праблемы з кадрамі. Нядаўна былі зьвесткі, што ў 2-й менскай лякарні на жнівень могуць быць зьмены, калі ў аддзяленьні на 70 чалавек застаецца адна мэдсястра. Падобныя зьвесткі з многіх лякарняў у сталіцы. Шмат праблемных пунктаў: хірургія, рэанімацыя.
Адміністрацыя спадзяецца на маладых спэцыялістаў. Яны трапляюць у самае пекла, а спачатку ж людзі ня маюць досьведу. А спагоняць пасьля з маладых спэцыялістаў. Аднак вакансіі, якія вызваляюцца, нават у Менску цяжка закрыць», — гаворыць Лідзія Тарасенка.
БДУ: 25 месцаў для Сьледчага камітэту
У БДУ для мэтавікаў сёлета выдзелілі 113 месцаў, летась іх было ўтрая менш. Чатыры гады таму іх было толькі 8, ці ў 14 разоў менш. Мэтавым прыёмам у БДУ таксама скарысталіся сілавікі. Для патрэбаў Сьледчага камітэту гэта 25 месцаў, для мытні — 18, для Дэпартамэнту апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС — 2. Будучыя сілавікі ад МУС будуць вучыцца на спэцыяльнасьці «Кібэрбясьпека».
У 2023 годзе сілавікоў у БДУ на мэтавае навучаньне не набіралі, а чатыры гады таму, у 2020-м, з кантрольных органаў на мэтавае навучаньне ў БДУ бралі толькі мытнікаў (6 чалавек).
На думку экспэрта ў адукацыі, навуцы і інавацыях Андрэя Лаўрухіна, пашырэньне практыкі мэтавага паступленьня — адказ на ад’езд беларускіх студэнтаў вучыцца за мяжу.
«Гэта адказ, які можа дазволіць сабе дзяржава, на тое, што людзі ня бачаць сябе ў гэтай краіне. Людзі робяць выбар не на карысьць дзяржаўнай адукацыі, многія едуць за мяжу. Некалькі апошніх гадоў востра стаіць дэфіцыт кадраў, і ён для дзяржавы ўжо адчувальны. Вялікі сыход моладзі зь Беларусі раней дзяржава ўжо бачыла, але не палічыла сур’ёзным выклікам. А прывабіць студэнтаў заставацца ў краіне — гэта няпростая задача. Дзяржава ня мае прывабных спосабаў адказу, таму ыбірае просты і прымітыўны сцэнар — зрабіць людзей прыгоннымі, каб яны адпрацоўвалі 5 гадоў», — кажа Андрэй Лаўрухін.
Паводле экспэрта, дзяржава дзякуючы мэтаваму набору рыхтуе сабе «апрычнікаў», асаблівую групу людзей, на 100% залежных ад дзяржавы.
«Ствараецца асаблівы сацыяльны слой, які будзе значна больш, чым раней, адданы дзяржаве. Гэта эліты новай генэрацыі, якіх плянуе сабе сёньняшняя дзяржава. У эліту ўваходзяць у беларускім выпадку больш залежныя. У іх могуць быць ніжэйшыя здольнасьці і адзнакі, але яны будуць выконваць загады», — падсумоўвае Лаўрухін.
Апошнія гады ў Беларусі становіцца менш студэнтаў ВНУ. На 2023/2024 вучэбны год іх было 232,9 тысячы. Чатыры гады таму ў 2020 годзе студэнтаў ВНУ было 254,4 тысячы чалавек, ці на 21,5 тысячы больш.
Форум