Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ, якога ніхто ня бачыў. Як беларускім выпускнікам ускладнілі паступленьне за мяжу


Апошні званок ў менскай школе №19, 29 траўня 2019. Ілюстрацыйнае фота.
Апошні званок ў менскай школе №19, 29 траўня 2019. Ілюстрацыйнае фота.

Расказваем, зь якімі перашкодамі сутыкнуліся сёлета абітурыенты, якія хочуць паступаць вучыцца за мяжу. Беларускі бок не выдае ім патрэбных дакумэнтаў.

«Гэта дазвол на атрыманьне вышэйшай адукацыі»

Беларуска Надзея* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) плянуе сёлета паступаць у вышэйшую ўстанову адукацыі ў Польшчы. У яе, як і ў многіх абітурыентаў, зьявіліся праблемы з дакумэнтамі, якія патрабуе польскі бок і якія перастаў выдаваць беларускі.

Адзін зь іх — даведка пра тое, што школа, якую скончыў выпускнік, мае права выдаваць дакумэнты дзяржаўнага ўзору. Гэтую даведку мусіць выдаць Міністэрства адукацыі Беларусі, а канкрэтна — дэпартамэнт кантролю якасьці навучаньня.

«Гэта дазвол на атрыманьне вышэйшай адукацыі. Калі ты застаесься ў Беларусі, табе не патрэбна гэтая даведка. Калі выяжджаеш за мяжу, патрэбная. Многія знаходзяцца ў складанай сытуацыі, бо ня ведалі, што трэба атрымліваць даведку з дэпартамэнту», — тлумачыць Надзея.

Яшчэ некалькі суразмоўцаў Свабоды, якія ў тэме паступленьня ў польскія ВНУ для беларусаў, расказалі, што сёлета ўпершыню пачулі пра гэты дакумэнт.

Праблема ўзьнікае таму, што ў Мінадукацыі сёлета адмаўляюцца выдаваць такую даведку. Пра гэта стала вядома ў пачатку траўня. Надзея ведае пра гэта ад бацькоў іншых абітурыентаў, якія ўжо ня здолелі атрымаць такую паперу. Некаторым абітурыентам, якія зьвярнуліся па даведку раней, яе яшчэ выдалі.

«Тыя, хто тэлефанаваў у дэпартамэнт, сказалі, што гэтых даведак больш не выдаюць, бо чакаюць новага ўказу, які яшчэ не набыў моц», — кажа Надзея.

Дзяўчына дадае, што ў Мінадукацыі спасылаюцца ня толькі на ўказ, які ніхто ня бачыў, але і на ўказ Лукашэнкі № 200 2010 году. Там у 6-м разьдзеле прыводзіцца шэраг дакумэнтаў, якія могуць выдаваць дзяржаўныя органы на падставе заяваў грамадзянаў у сфэры адукацыі. Такой даведкі, якую патрабуюць польскія вучэльні, у пераліку няма.

Надзея перакананая, што польскі бок стаў патрабаваць гэтую даведку нядаўна. Гэта, на ейную думку, стала рэакцыяй Польшчы на разарваную дамову аб сумеснай адукацыі зь Беларусьсю. Беларускі бок спыніў дамову з Польшчай пра ўзаемнае прызнаньне дакумэнтаў аб вышэйшай адукацыі 25 кастрычніка 2022 году.

Алесь Лапко
Алесь Лапко

Кіраўнік Беларускага моладзевага хабу Алесь Лапко сьцьвярджае, што гэтая даведка зь Міністэрства адукацыі і раней была патрэбная ў польскіх вучэльнях. Праўда, ня ўсе яе патрабавалі, бо кожны ўнівэрсытэт мае права вызначаць свае правілы. Суразмоўца кажа, што яе раней выдавалі ў міністэрстве аўтаматычна, разам з апастылем атэстату.

«Таксама ў той жа даведцы адразу прапісвалася, што „9“, „10“ — гэта „выдатна“, „7“ і „8“ — гэта „добра“ і гэтак далей. Такая расшыфроўка. З году ў год адныя і тыя ж даведкі прыносілі абітурыенты, і палякі ведаюць, як яны расшыфроўваюцца. Але ў іх няма такой працэдуры і на іх няма такой адказнасьці, каб яны самі гэта рабілі і ацэньвалі, што гэты дакумэнт пасуе», — кажа Алесь Лапко.

На ягоную думку, беларускія дзяржаўныя структуры наўмысна ствараюць перашкоды абітурыентам, каб яны ня ехалі зь Беларусі вучыцца за мяжу. Толькі ў варшаўскім кураторыюме (аналяг беларускага раённага аддзела адукацыі. — РС) больш за 100 справаў беларускіх выпускнікоў знаходзяцца ў падвешаным стане, расказвае Алесь Лапко.

Школы таксама адмаўляюцца выдаваць паперы

Другая праблема, зь якой сутыкнуліся ахвотнікі вучыцца за мяжой, — даведкі з праграмай, тэмамі, прадметамі, якія дзеці вучылі ў старшых клясах. Такую даведку мусіць выдаць школа, якую скончыў выпускнік. Аднак школы таксама адмовіліся выдаваць гэтыя паперы. Бязь іх праблемы з паступленьнем могуць узьнікнуць ня толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах. Улады пры адмове спасылаюцца зноў жа на нейкі новы ўказ, які нібыта неўзабаве апублікуюць, працягвае Надзея.

«У многіх школах кажуць, што чуюць пра гэтую даведку першы раз, хаця пра яе дзеці пыталіся яшчэ год таму, да таго, як пагадненьні спыніліся», — дадае абітурыентка.

Наколькі ведае дзяўчына, ня ўсе польскія вучэльні патрабуюць сярод дакумэнтаў даведку са школаў.

«Раней патрэбен быў атэстат, апастыль атэстату і часам прасілі вынікі цэнтралізаванага тэставаньня і прысяжны пераклад дакумэнтаў. Апастыль пакуль выдаюць без праблем (у тым жа дэпартамэнце Мінадукацыі. — РС). Атэстаты таксама выдаюць без праблем», — тлумачыць суразмоўца.

Алесь Лапко кажа, што і гэтая даведка таксама была патрэбная раней. Хаця, зноў жа, ня ўсе польскія вучэльні як вымагалі.

«Была форма, якую абітурыент сам запаўняў. Прыходзіў у сваю школу, і дырэктар або намесьнік падпісваў і ставіў пячатку. Гэтага хапала. Цяпер з боязьзю ставяцца да дакумэнтаў, якія падпісваюць адміністрацыі навучальных установаў, асабліва на замежнай мове і для замежных структураў. Тут пытаньне, ці гэта з раённага аддзелу адукацыі прыйшло, ці гэта самі дырэктары перастрахоўваюцца», — разважае суразмоўца.

У Горадні ў мінулым навучальным годзе звольнілі двух дырэктараў школаў, выпускнікі якіх аформілі шмат апастыляў атэстатаў і паступілі за мяжу.

У Надзеі ёсьць знаёмая, якая заканчвае 11-ю клясу і ня ведае, што далей рабіць праз праблемы з даведкамі. Таксама яна ведае дзяўчыну, якая, наадварот, цьвёрда зьбіраецца паступаць у Польшчу, нягледзячы на «напор, які ёсьць цяпер у школах».

«Літаральна нельга казаць, што ты зьбіраесься паступаць у Польшчу, бо пагражаюць ня выставіць адзнак, ня даць атэстату. Яна проста трымае гэта пакуль у сакрэце. Усе думаюць, што яна застаецца ў Беларусі», — расказвае Надзея.

Праблемы з дакумэнтамі пачаліся пасьля 2020 году

Палітоляг Роза Турарбекава расказала, што праблемы з дакумэнтамі ў абітурыентаў за мяжой пачаліся не сёлета, а зь 2020 году, калі людзі тэрмінова зьяжджалі зь Беларусі праз палітычны перасьлед. Некаторыя не пасьпявалі забраць са школы атэстат і іншыя дакумэнты, патрэбныя для паступленьня.

Роза Турарбекава
Роза Турарбекава

Узьніклі таксама складанасьці з апастылем атэстату. Спачатку яго выдавалі на запыт любых людзей. Потым сталі патрабаваць генэральную даверанасьць. Аднак, калі выдалі «пашпартны ўказ», які дазваляе апэрацыі ў Беларусі толькі па генэральнай даверанасьці, аформленай у Беларусі, і гэтая магчымасьць для палітэмігрантаў зьнікла.

Сын Розы Турарбекавай таксама апынуўся ў такой сытуацыі.

«Ён уцякаў, дакумэнтаў на руках не было. Іх даводзілася дадаткова дазьбіраць», — дзеліцца маці.

Праз польскую онлайн-сыстэму можна было паглядзець, якія вучэльні пагодзяцца на абмежаваны набор дакумэнтаў. Прыкладам, Гданьскі ўнівэрсытэт адмовіўся.

«Пісалі зварот да кіраўніцтва ўстановы, каб увайшлі ў становішча. Аднак яны не пагадзіліся», — успамінае Роза Турарбекава.

Урэшце сын паступіў у іншы ўнівэрсытэт.

«Яны пагадзіліся на копіі дакумэнтаў з умовай, што цягам некалькіх месяцаў студэнт падасьць арыгіналы дакумэнтаў і апастыль атэстату», — дадае суразмоўца.

Алесь Лапко дадаў, што вынікі цэнтралізаванага тэставаньня дзейсныя цягам двух гадоў. Для тых, хто ня здолеў паступіць адразу, гэта таксама становіцца перашкодай.

«Былы выпускнік не заўсёды можа паехаць у Беларусь і пераздаць ЦТ з прычыны магчымасьці перасьледу. Пры гэтым вынікі польскага выпускнога экзамэну прызнаюцца заўсёды», — адзначае Лапко розьніцу.

Яшчэ адной праблемай абітурыентаў стаў «студэнцкі візавы скандал». Летась у верасьні высьветлілася, што многія іншаземныя студэнты насамрэч ня вучацца ў польскіх ВНУ. Гэта датычыла найперш мігрантаў з Афрыкі і Азіі. Ім патрэбна была студэнцкая віза, каб легалізавацца ў краіне. Вучэльням было выгадна, бо яны атрымлівалі аплату за навучаньне.

Беларусы не былі галоўнымі актарамі візавага скандалу, але і на іх адбілася сытуацыя. Пасьля гэтага шэрагу беларускіх абітурыентаў і студэнтаў не выдалі візы. Аднак Алесь Лапко кажа, што гэта праблема не масавая, яна закранула адзінкі маладых беларусаў. На некалькі тысяч атрыманых візаў — з тузін адмоваў.

Варшава, ілюстрацыйнае фота
Варшава, ілюстрацыйнае фота

Кожны ўнівэрсытэт мае свае правілы

Алесь Лапко падзяліўся, што яны ведалі аб праблемах з даведкамі ад Мінадукацыі яшчэ ў лістападзе 2023 году. І з гэтага часу вялі перамовы з польскімі ўстановамі, каб іх вырашыць. Ён сам дзейнічаў у рамках некалькіх ініцыятываў, якія прадстаўляе: «Беларускі моладзевы хаб», палітычная група «Моладзевы наступ», «Народная амбасада» Беларусі ў Польшчы. Ён ведае, што такія перамовы вялі іншыя дэмакратычныя сілы Беларусі.

«Мы зьвярталіся да Аб’яднаньня польскіх унівэрсытэтаў. Збольшага яны станоўча прымалі дакумэнты беларусаў. Але ў вучэльнях, куды паступае няшмат беларускіх выпускнікоў, больш пытаньняў. Хацелася б стварыць прэцэдэнт», — кажа Лапко.

Ужо скончыўся тэрмін падачы дакумэнтаў на праграму Каліноўскага.

«Цяпер шмат моладзі трапіла ў пастку, бо ў іх не было патрэбных дакумэнтаў», — зазначае суразмоўца.

Агульная ўступная кампанія ў польскія ВНУ неўзабаве пачнецца і працягнецца некалькі месяцаў. Ёсьць спадзеў, што да яе завяршэньня пытаньне вырашыцца ў Польшчы на заканадаўчым узроўні.

«У мазавецкім кураторыюме вельмі ляяльна ставяцца. Там запіс на два месяцы наперад, каб падаць дакумэнты для настрыфікацыі. Нашых кліентаў яны запісвалі на ліпень з такім разьлікам, што да гэтага часу будзе вырашанае пытаньне», — кажа кіраўнік Беларускага моладзевага хабу.

Польскія ўнівэрсытэты маюць аўтаномію і шмат якія пытаньні могуць вырашаць самі. Камусьці дастаткова мінімальнага набору дакумэнтаў, іншым патрэбен пашыраны сьпіс. Калі нейкага дакумэнту абітурыент ня мае, вучэльню можа задаволіць пісьмовы адказ зь беларускай установы, што яны такой даведкі выдаць ня могуць, тлумачыць Лапко.

«Польскія вучэльні прывыклі да пэўнага стосу дакумэнтаў, таму ня вельмі гнутка рэагуюць на зьмены. Ім патрэбна рашэньне агульнае ад Міністэрства, каб яны ня трапілі ў непрыемную сытуацыю самі», — кажа ён.

Бацькам абітурыентаў ёсьць сэнс таксама прыватна дамаўляцца зь беларускім бокам, настойваць на выдачы патрэбных папераў, мяркуе Лапко.

Абітурыентка Надзея кажа, што яны вырашэньня сытуацыі чакаюць хутчэй ад польскага боку, які можа пайсьці ім насустрач.

«Я тэлефанавала ў кураторыюм гораду, куды хачу паступаць. Мне сказалі, што пра сытуацыю ведаюць у Міністэрстве адукацыі ў Варшаве і што трэба чакаць новых прыпісак у законе, бо яны пакуль зрабіць нічога ня могуць. Усё разумеюць, але проста бясьсільныя ў гэтай сытуацыі», — тлумачыць Надзея.

Яна перакананая, што зь беларускага боку зьменаў у выдачы дакумэнтаў ня будзе.

«На гэта нельга ніяк паўплываць. Хутчэй за ўсё, нешта зноў памяняе польскі бок, як было і з сытуацыяй з пашпартамі, калі нельга было памяняць іх не ў Беларусі і іх дазволілі замяняць праязнымі дакумэнтамі», — прыгадвае суразмоўца.

Сама Надзея ўжо знаходзіцца ў Польшчы і ня можа пакуль паехаць у Беларусь, каб дамагацца патрэбных дакумэнтаў. Зьвяртацца пісьмова ў беларускія ўстановы і ведамствы яна больш не плянуе, бо пісала туды раней зь іншай прычыны і сьцьвярджае, што ёй проста не адказвалі.

Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец падчас прызначэньня на пасаду, люты 2022
Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец падчас прызначэньня на пасаду, люты 2022

Рашэньне могуць прыняць 24 траўня

16 траўня ў польскіх і беларускіх мэдыя зьявілася інфармацыя, што польскі Сэйм прыняў папраўкі, якія палегчаць беларускім абітурыентам паступленьне ў польскія вучэльні. Паводле намесьніцы міністра адукацыі Польшчы Ёанны Мухі, гэта датычыць 5 тысяч беларускіх абітурыентаў.

«Там не зусім прама напісана. Тут галоўнае інтэрпрэтацыя, як гэта будзе ўспрымацца па дакумэнтах, што тычыцца беларусаў. Але гэта добры крок для міністэрства, для кураторыюмаў, што створаная праўная падстава», — кажа Алесь Лапко.

Канчатковае рашэньне ў настрыфікацыі дакумэнтаў для абітурыентаў зь Беларусі Міністэрства адукацыі Польшчы мае прыняць сёлета 24 траўня. Тады зьбяруцца прадстаўнікі кураторыюмаў усіх ваяводзтваў Польшчы, будуць разглядаць розныя пытаньні прыёмнай кампаніі, у тым ліку беларускае, расказаў Алесь Лапко.

Чакаецца, што тады Міністэрства адукацыі Польшчы выдасьць інструкцыю, паводле якой могуць дзейнічаць беларускія абітурыенты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG