Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я нібыта праходжу ў справе таты». Размова зь Дзіянай Маісеенкай, якую затрымалі на грузінска-армянскай мяжы


Дзіяна Маісеенка
Дзіяна Маісеенка

Беларуска застаецца ў Армэніі. У аўторак 3 верасьня яна паедзе з гораду Наембэрана, дзе яе затрымлівалі, у Ерэван да адваката. Выезд з Армэніі ёй забаронены. Дзіяна падала дакумэнты на палітычны прытулак.

Дзіяна Маісеенка выехала зь Беларусі летам 2023 году. Яна дачка былога палітвязьня Андрэя Іванюшына, якога асудзілі за інцыдэнт 19 верасьня 2020 году каля гандлёвага цэнтру «Эўропа» ў так званай «справе байкераў». Іванюшын тады атрымаў два з паловай гады пазбаўленьня волі. Ён цалкам адбыў тэрмін у шклоўскай калёніі.

Дзяўчына не хавае, што ў 2020-м удзельнічала ў пратэстах. У 2022-м, калі чакала вызваленьня бацькі, адчувала, што за ёй сочаць.

«Затрымалі майго мужа і далі 15 сутак, хоць ён ні на якія пратэсты не хадзіў. За мной сачылі маладзёны ў цывільным, у кепках. Летам 2022 году я вырашыла выехаць зь Беларусі, так і не дачакаўшыся таты з калёніі. У чэрвені ён выйшаў, але ў жніўні яго зноў затрымалі і пасадзілі на паўгода ў Жодзіна. Тату яшчэ раз асудзілі паводле 342-га артыкулу («Aрганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»). Цяпер ён на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе», — расказала Дзіяна.

Больш за год яна жыве ў Грузіі. Пра тое, што і на яе завялі крымінальную справу, Дзіяна ня ведала. Са сваім сябрам раней езьдзіла ў Турэччыну. Гэтым разам вырашылі зьезьдзіць у вандроўку ў Армэнію, заадно і зрабіць так званы «візаран».

«Прыехалі на мяжу, памежнікі ўзялі пашпарт, запыталіся, ці мяняла я прозьвішча, якое прозьвішча ў мяне было раней (Маісеенка я па мужу). Адвялі ў адзін кабінэт, потым у другі — сказалі, што ня маюць права разгалошваць інфармацыю. Прыйшоў, як я зразумела, опэр і сказаў, што я ў вышуку. Павезьлі мяне ў мясцовую паліцыю. Там падпісалі пратакол і сказалі, што затрымліваюць да суду на 72 гадзіны. Натуральна, у мяне быў шок», — кажа Дзіяна.

Па словах суразмоўцы, абыходзіліся ў паліцэйскім пастарунку зь ёю цудоўна. Дзіяна прызнаецца, што спачатку быў страх, бо чула пра ўмовы на Акрэсьціна, наведвала бацьку ў Шклоўскай калёніі. А тут ёй прапаноўвалі каву, цікавіліся, ці не галодная яна, абыходзіліся надзвычай ветліва і далікатна.

«Я выйшла з пастарунку літаральна паўтары гадзіны таму і яшчэ ня ў курсе, што адбываецца. У аўторак паеду ў Ерэван да адваката. Майму абаронцу трэба працаваць, каб мне дазволілі выехаць з Армэніі. Бо пакуль выезд мне закрыты.

Па ідэі, экстрадаваць мяне ня могуць, але ў мяне ёсьць асьцярогі, што па мяне сілавікі могуць прыехаць зь Беларусі і забраць мяне. Ня ведаю, наколькі гэта рэальна. Таму я ўжо падала прашэньне аб палітычным прытулку ў Армэніі», — расказала Свабодзе Дзіяна Маісеенка.

Цяпер ад свайго адваката яна ведае, што ў дачыненьні да яе заведзена крымінальная справа па 342-м артыкуле. Копію справы ўжо мае армянскі адвакат.

«Я сваю справу яшчэ не адкрывала — там 150 старонак. Адвакат нібыта пачаў чытаць, але пакуль так і не зразумеў, за што мяне забралі. Нібыта я праходжу і ў справе таты — там фігуруе, што мы з татам былі ў змове і разам удзельнічалі ў пратэстах», — кажа Дзіяна Маісеенка.

Свабода будзе сачыць за разьвіцьцём падзей.

  • Гэта ўжо ня першы выпадак затрыманьня беларусаў у Армэніі на запыт беларускіх уладаў. Сёлета ў лютым пры перасячэньні мяжы з Армэніяй затрымалі Максіма Вайткявічуса на падставе таго, што Беларусь абвясьціла яго ў вышук у справе аб ухіленьні ад службы. Спачатку яго затрымалі на 40 дзён, пасьля тэрмін быў працягнуты. У сакавіку ён падаў прашэньне аб прытулку. Абарона зьвяртала ўвагу, што ў Беларусі ён адбыў 15 дзён арышту, яго перасьледавалі за палітычныя погляды ў 2020 годзе. Праз час яму далі палітычны прытулак.
  • Раней яшчэ адзін беларус, Яраслаў Новікаў, атрымаў прытулак у Армэніі. Яго таксама затрымлівалі на запыт беларускіх уладаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG