«Да 25-годзьдзя падпісаньня дамовы аб саюзнай дзяржаве, якое будзем сьвяткаваць у сьнежні сёлета, мы плянуем падпісаць з Расеяй міждзяржаўную дамову аб гарантыях бясьпекі дзьвюх краінаў, дзе будзе закладзены прынцып выкарыстаньня ядзернага ўзбраеньня і звычайнага ўзбраеньня, а таксама іншых мэтадаў абароны абедзьвюх краінаў, якія ўваходзяць у склад саюзнай дзяржавы», — заявіў Максім Рыжанкоў.
Ён яшчэ на пачатку ліпеня паведамляў, што Менск і Масква плянуюць падпісаць гэтую дамову.
Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на Валааме напрыканцы ліпеня заяўляў, што абмяркоўваў з прэзыдэнтам Расеі гэтую дамову аб гарантыях бясьпекі.
У ваеннай дактрыне Беларусі, прынятай сёлета на першым пасяджэньні новага складу Ўсебеларускага народнага сходу, не ўдакладняецца парадак ужываньня расейскай ядзернай зброі, разьмешчанай у Беларусі. У першы дзень працы УНС Лукашэнка на адпаведнае пытаньне адказаў: «Мэханізм не прапісаны. Гэта нашая справа з Пуціным».
Паводле ўказу Пуціна ад 2 чэрвеня 2020 году «Расейская Фэдэрацыя пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў адказ на ўжываньне супраць яе і (або) яе саюзьнікаў ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расейскай Фэдэрацыі з ужываньнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаваньне дзяржавы».
Сёлета Пуцін заявіў, што расейская ядзерная дактрына можа быць перагледжаная.
Форум