Беларуска Дзіяна Маісеенка каля двух гадоў жыве ў Грузіі. Яе сябар Уладзімер расказаў Свабодзе, што яны зь Дзіянай хацелі зьезьдзіць у падарожжа ў суседнюю Армэнію, паглядзець Ерэван. Паехалі, прайшлі без праблем грузінскі памежны кантроль.
«Армянскія памежнікі, калі ўзялі беларускі пашпарт Дзіяны, кажуць: „Хвіліначку“. Потым яшчэ: „20 хвіліначак“, „30 хвіліначак“. У выніку — „Вы ў вышуку“. І павезьлі ў раённы аддзел паліцыі ў горад Наембэран. Там Дзіяне патлумачылі, што з 23.07.2023 году яна знаходзіцца ў Беларусі ў вышуку.
Мы былі ў шоку, бо ня ведалі, што Дзіяна ў вышуку. Я не люблю палітычныя тэмы, не ўздымаю іх. Пра свой удзел у пратэстах Дзіяна мне не расказвала. Хоць пра беларускія пратэсты, натуральна, я ведаю», — кажа Ўладзімер. Сам ён не грамадзянін Беларусі.
Яму дазволілі перадаць для Дзіяны ваду, ежу і асабістыя рэчы.
«Умовы ўтрыманьня нармальныя, там не сьпякотна, нават прахалодна — наколькі гэта можна казаць пра паліцэйскі пастарунак. Яна не ў СІЗА, а менавіта ў аддзяленьні паліцыі. Усё неабходнае ў мяне прынялі», — расказаў Уладзімер у размове са Свабодай.
Па яго словах, пара і раней вандравала, езьдзілі разам у Турэччыну. «Праўда, у Армэнію ніколі ня езьдзілі раней. Ну вось і прыехалі», — наракае суразмоўца.
«У Беларусі ёй пагражае да чатырох гадоў»
Пакуль Дзіяну зьмясьцілі пад варту на 72 гадзіны. Сябры дзяўчыны зьвязаліся з адвакацкім бюро Алеся Міхалевіча. Той ужо выйшаў на армянскіх адвакатаў.
Алесь Міхалевіч кажа, што ў Беларусі Дзіяне інкрымінуецца «народны» 342 артыкул Крымінальнага кодэксу.
«Яна знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі па адным з часта ўжываных беларускімі ўладамі палітычных крымінальных артыкулаў — „Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх“. У Беларусі ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да чатырох гадоў.
Маё адвакацкае бюро ўжо падключылася да гэтага працэсу. Спадзяюся, разам са СМІ мы ўздымем хвалі салідарнасьці. Думаю, што нам удасца адстаяць правы Дзіяны і дамагчыся адмовы яе экстрадыцыі з Армэніі, паколькі міжнароднае права забараняе экстрадыцыю асоб, якія перасьледуюцца з палітычных матываў», — мяркуе Алесь Міхалевіч.
Адвакат просіць нагадаць беларусам, якія знаходзяцца ў Грузіі, што так званы «візаран» лепш рабіць у Турэччыну. У Армэнію езьдзіць рызыкоўона.
Свабода будзе сачыць за разьвіцьцём сытуацыі.
Форум