Таксама яна адказвае на пытаньне, як прапагандыстам удаецца ўгадаць, якое з выказваньняў Лукашэнкі трэба ўспрымаць як кіраўніцтва да дзеяньня, а якое прамоўлена дзеля праформы.
Сьцісла:
- Пускаюць пыл у вочы: для эфэктыўнага тэлеканалу ў іх няма рэсурсаў, найперш кадравых і фінансавых.
- Лукашэнка расказвае пэдагогам, як ім трэба вучыць, прапагандыстам — як прапагандаваць.
- Лукашэнка можа нават у адной прамове выказаць часам вельмі супярэчлівыя тэзісы.
- Непасрэдная задача прапаганды — накідаць розных вэрсіяў, каб чалавек заблытаўся.
- «Ступіш не туды — і Бондарава напіша, што ты абараняеш „змагароў“»
- Ёсьць тыя, хто бяжыць паперадзе цягніка — падхоплівае самыя адыёзныя выказваньні і разьвівае іх далей.
— Аляксандар Лукашэнка правёў нараду на тэму «інфармацыйнай палітыкі», дзе, сярод іншага, прагучала ідэя аб стварэньні новага тэлевізійнага каналу. Навошта беларускай прапагандзе яшчэ адзін тэлеканал?
— Калі шчыра, я зь вялікім сумневам стаўлюся да гэтай іхнай ідэі. Гэта тое, што яны заўсёды робяць — пускаюць пыл у вочы, маюць вялікія амбіцыі, якія невядома на чым грунтуюцца. Бо ў іх няма тут рэсурсаў, найперш кадравых і фінансавых. Калі грошы, як выглядае, ім дадуць, то наконт прафэсіяналаў у мяне вялікія сумневы.
Нават калі паглядзець на нейкія падобныя расейскія праекты, то і там мала што атрымалася, нягледзячы на большыя рэсурсы. Чаму ж беларускія прапагандысты думаюць, што ў іх са значна меншымі рэсурсамі штосьці можа атрымацца?
— Выглядае, што на гэтай нарадзе абмяркоўвалі, як прапаганда павінна рыхтавацца да прэзыдэнцкай кампаніі. Ці былі там пастаўленыя нейкія «стратэгічныя задачы», магчыма, новыя мэты і мэтады? Ці гэта проста абавязковае мерапрыемства, якое праводзіцца з пэўнай пэрыядычнасьцю?
— Я адзначу, што адкрытых зьвестак пра гэтую нараду было няшмат, яна была ў пэўным сэнсе закрытая — таму мы ня маем усёй інфармацыі, каб рабіць дакладныя высновы.
Але можна адзначыць, што Лукашэнка традыцыйна працуе ў ручным рэжыме. Перад гэтай інфармацыйнай нарадай была нарада пэдагагічная. Ён расказвае пэдагогам, як ім трэба вучыць, а цяпер расказвае прапагандыстам, як ім трэба працаваць. Мы да гэтага звыклі.
Вядома, наперадзе год выбарчай кампаніі, і Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб яна прайшла паводле ягонага сцэнару. Аднак я ня бачу нічога прынцыпова новага ані ў ягонай рыторыцы, ані ў працы прапаганды. Гэта тыя ж самыя наратывы пра тое, які кепскі «калектыўны Захад», і як добра жывецца ў Беларусі. Альбо, калі гавораць пра пэўныя недахопы, то іх, маўляў, Лукашэнка загадаў неадкладна выправіць. Нібыта ня ён 30 гадоў усім гэтым кіруе.
— Тэзісы прапаганды звычайна мяняюцца ўсьлед за словамі галоўнага кіраўніка. Калі лібэралізацыя і шматвэктарнасьць, то — слава лібэралізацыі і шматвэктарнасьці. Калі рэпрэсіі і поўны разрыў з Захадам, то ўслаўляюць гэта. Апошнія тыдні адбылося вызваленьне некаторых палітвязьняў, зьмякчэньне мігранцкага крызісу на мяжы з Польшчай, прагучалі нейкія памяркоўныя словы пра суседзяў. Прапаганда неяк рэагуе на ўсё гэта — ці пакуль не было такога загаду?
— Так, прапаганда імкнецца пасьпяваць за любымі хістаньнямі. Яна ж сэрвільная, службовая. Яна адпрацоўвае ня пэўную ідэалёгію, яна адпрацоўвае словы Лукашэнкі. А ў Лукашэнкі фактычна ніякай ідэалёгіі няма. У яго адзіная мэта — утрымаць уладу.
Таму ягоныя выказваньні заўсёды супярэчлівыя. Сёньня ён кажа, што ўкраінцы ворагі, а заўтра — што яны нашы суседзі і браты, таму не крытыкуйце іх занадта моцна. І ён можа нават у адной прамове сказаць часам вельмі супярэчлівыя тэзісы.
Таму прапагандыстам бывае складана, але яны таксама нярэдка самі сабе супярэчаць. І калі ім указваюць, што вы ж зусім па-рознаму тлумачыце адны і тыя ж факты, то яны не саромеюцца. Бо гэта іхняя непасрэдная задача — накідаць розных вэрсіяў, каб звычайны слухач і чытач падумаў: «Я ў гэтым разабрацца не магу, хай будзе так, як кажа кіраўнік».
Таму прынцыповых зьменаў у дзейнасьці прапаганды я ня бачу. Так, за апошні месяц рыторыка Лукашэнкі стала менш людажэрскай, але задачы прапаганды тут не зьмяніліся. Звычайным людзям, непалітызаваным, яна расказвае, як усё добра ў нас і як усё кепска на Захадзе. А людзям палітызаваным, апазыцыйным — і ў Беларусі, і за мяжой — паказвае: «Паглядзіце, якія мы моцныя, у вас няма ніякай будучыні, народ вас не падтрымлівае». Гэтыя мэсыджы не зьмяніліся.
— Калі дапусьціць, што здарыцца малаімаверны сцэнар: выбарчая кампанія пойдзе пад лёзунгам «мы адзін народ», «давайце перагорнем старонку», «давайце жыць мірна», «новая сацыяльная дамова» — як хутка прапаганда на гэта пераключыцца?
— Імгненна пераключыцца, тут няма ніякіх сумневаў. Але я ня думаю, што Лукашэнка будзе заклікаць да гэтага. Ён можа сказаць, што «давайце перагорнем старонку», а праз хвіліну паўторыць пра тое, што вакол ворагі, пятая калёна і нельга даваць ім магчымасьці разгарнуцца.
Я ўзгадваю нядаўнюю пэдагагічную нараду — ён там гаварыў і пра ворагаў, і пра тое, як добра, што ў школу прыходзяць мужчыны зь сілавых ведамстваў. Гэта ніяк не падобна да «перагортваньня старонкі» і «новага сацыяльнага кантракту».
— Калі Лукашэнка, як вы кажаце, часам нават у адной прамове дае самыя розныя мэсыджы, — як прапаганда разумее, дзе ягоная сапраўдная думка, якую трэба ўспрымаць як дырэктыву, а дзе нешта сказана «на ўсялякі выпадак», «для выгляду»? Прапаганда, напрыклад, пляжыць Украіну, а тут Лукашэнка раптам кажа, што трэба быць асьцярожнымі з гэтым, і потым віншуе Ўкраіну з Днём незалежнасьці...
— Часам гэта для іх сапраўды праблема. Але яны там паміж сабой ролі падзялілі. Ёсьць тыя, хто бяжыць паперадзе цягніка, тыя, хто падхоплівае самыя адыёзныя выказваньні і разьвівае іх далей. Ёсьць больш памяркоўныя і асьцярожныя.
Але ёсьць афіцыйныя «мэтадычныя рэкамэндацыі для інфармацыйных групаў». Таму нават тыя, хто прэтэндуе на «лідэраў думак», проста паўтараюць гэтыя мэтадычкі, асабліва не адыходзячы ад тэксту. Бо на самой справе гэта міннае поле — ступіш ня туды, і Бондарава напіша, што ты абараняеш «змагароў». Альбо нават сам Лукашэнка скажа, што так нельга.
Форум