The New York Times пагутарыла з экспэртамі, каб разабрацца, ці маюць такія засьцярогі пад сабой глебу.
Вось што трэба ведаць
Шмат хто з нас пачынае дзень з кубачка духмянай кавы. Яна забясьпечвае энэргіяй і прыносіць асалоду сваім смакам і водарам.
Але ўжываньне кавы можа мець і непажаданыя наступствы. У кубку кавы аб’ёмам 200–250 грамаў зьмяшчаецца ад 80 да 100 міліграмаў кафэіну, што можа выклікаць нэрвовасьць, неспакой, часты пульс і праблемы з засынаньнем.
Таму на рынку і зьявілася кава без кафэіну — шмат хто любіць яе смак, але дбае пра здаровы сон. Дэкафэінізаваная кава звычайна пазбаўленая прынамсі 97 адсоткаў кафэіну, таму гэта добрая альтэрнатыва звычайнай каве.
Але некаторыя арганізацыі аховы здароўя выказваюць занепакоенасьць з прычыны хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе дэкафэінізацыі. Сьцьвярджаецца, што яны могуць павышаць рызыку ўзьнікненьня пэўных відаў раку.
Як дэкафэінізуюць каву
Існуе некалькі спосабаў вытворчасьці дэкафэінізаванай кавы. У двух самых распаўсюджаных зь іх выкарыстоўваюць два хімічныя рэчывы — мэтыленхлярыд або этылацэтат. Яны патрэбныя, каб раствараць кафэін і выцягваць яго з кававых зерняў.
У адным выпадку кававае зерне непасрэдна кантактуе з хімікатамі. Гэты працэс, паводле загадчыцы катэдры хімічнай інжынэрыі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Тоні Куль, пачынаецца з прапарваньня зялёнага неабсмажанага кававага зерня, каб яно набрыняла і адкрыла поры. Пасьля зерне прамываюць у мэтыленхлярыдзе або этылацэтаце, каб выдаліць зь яго кафэін.
Затым зерне зноў прапарваюць і прамываюць, каб выдаліць рэшткі хімікатаў, і абсмажваюць. Канчатковы прадукт звычайна ня мае абсалютна такога ж смаку, як звычайная кава, але, «калі ўсё зроблена правільна, адрозьненьняў вельмі мала», кажа Тоні Куль.
Ці сапраўды гэтыя два хімікаты небясьпечныя?
Экспэрты сьцьвярджаюць, што адказ — не. Мэтыленхлярыд або этылацэтат у той колькасьці, якую мы спажываем разам з дэкафэінізаванай кавай, ня могуць прынесьці шкоды для здароўя.
Людзі, якія зазнаюць узьдзеяньне мэтыленхлярыду ў вялікай колькасьці — напрыклад, работнікі, якія здымаюць ім фарбу ці абястлушчваюць мэталы — могуць мець павышаную рызыку раку печані і лёгкіх і пашкоджаньня цэнтральнай нэрвовай сыстэмы. Але гэта праблема органаў аховы працы.
Што ж тычыцца дэкафэінізаванай кавы, то ў такой разьвітай краіне, як ЗША, паводле адпаведных нормаў, яна ня можа ўтрымліваць больш за 0,001 працэнта гэтага хімічнага рэчыва. Паводле доктаркі Тоні Куль, гэта азначае, што чалавеку практычна немагчыма выпіць столькі дэкафэінізаванай кавы, каб атрымаць небясьпечную колькасьць мэтыленхлярыду.
Іншае хімічнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца для дэкафэінізацыі кавы, — этылацэтат, — таксама не выклікае асаблівай занепакоенасьці навукоўцаў, кажа памочнік дырэктара Цэнтру дасьледаваньняў кавы ў Тэхаскім унівэрсытэце Эрык Брэнэр.
Этылацэтат у прыродных умовах утрымліваецца ў некаторых відах садавіны, напрыклад, у ківі і гуаве. У хімічнай прамысловасьці яго выкарыстоўваюць для вытворчасьці ляку для пазногцяў і друкарскай фарбы. Але няма ніякіх доказаў, што ён можа павялічыць рызыку раку, кажа доктар Брэнэр.
Калі ўдыхаць этылацэтат, глытаць яго або дапускаць кантакт са скурай, ён можа выклікаць раздражненьне вачэй, скуры або горла, але ня больш.
Таму экспэрты сьцьвярджаюць, што гэтыя хімікаты, прынамсі іх рэшткі ў каве, не становяць пагрозы для здароўя.
Ці існуе кава без кафэіну і без хімікатаў?
Доктар Брэнэр станоўча адказвае на гэтае пытаньне. Тыя, хто занепакоены магчымай прысутнасьцю хімікатаў у каве, маюць альтэрнатыву.
Некаторыя брэнды дэкафэінізуюць каву з дапамогай швайцарскага воднага працэсу, падчас якога, як відаць з назвы, для выдаленьня кафэіну з кававых зерняў выкарыстоўваюць ваду замест патэнцыйна таксычных хімічных растваральнікаў.
Паводле доктара Брэнэра, кампаніі выкарыстоўваюць гэты працэс у якасьці камэрцыйнага аргумэнту, бо падчас яго выкарыстоўваюцца нетаксычныя інгрэдыенты. Але, на думку спэцыяліста, любая кава без кафэіну «цалкам бясьпечная» незалежна ад таго, як яе вырабляюць.
Каб высьветліць, ці быле кававае зерне дэкафэінізаванае водным спосабам, дастаткова паглядзець на этыкетку. На ёй можа быць адпаведнае паведамленьне — напрыклад, «Water Process», «Swiss Water decaf» або «Swiss Water decaffeinated», або іншыя падобныя фразы на нацыянальных мовах.
Форум