Памідоры, піша The New York Times, прайшлі доўгі шлях з XVI стагодзьдзя, калі некаторыя эўрапейцы называлі іх «атрутнымі яблыкамі», бо памылкова лічылі таксычнымі.
Але такія погляды даўно сталі анахранізмам. Цяпер у многіх краінах сьвету, напрыклад, у такой вялікай, як ЗША, памідоры — другая па спажываньні гародніна пасьля бульбы, і дыетолягі гэта ўхваляюць. Навукоўцы знайшлі ў памідорах шэраг карысных для здароўя якасьцяў.
Вось што кажуць пра гэтую гародніну апытаныя The New York Times экспэрты па харчаваньні.
Памідоры наталяюць смагу
Памідоры на 95 працэнтаў складаюцца з вады. Адзін кубак нарэзаных мяккіх памідораў утрымлівае больш за 150 грамаў вады. Гэта азначае, што яны насычаныя вадой яшчэ больш, чым кавуны.
«Сьвежыя сырыя памідоры ўтрымліваюць больш за ўсё вады, — кажа ганаровы прафэсар дыеталёгіі і харчовых навук ва Ўнівэрсытэце Ілінойсу Джон Эрдман. — Пры гатаваньні яны, як правіла, вадкасьць троху губляюць».
Памідоры абараняюць ад раку
Памідоры ўтрымліваюць вялікую колькасьць антыаксыданту, які называецца лікапін. Ён застаецца ў памідорах незалежна ад таго, перасьпелыя яны, прыгатаваныя ці высушаныя на сонцы. Памідоры і прадукты зь іх, такія як кетчуп, соўс для спагеці або таматны сок, забясьпечваюць больш за 80 працэнтаў лікапіну ў рацыёне жыхароў такой краіны, як ЗША, кажа прафэсар Эрдман.
У іншых разьвітых краінах сьвету стандарты харчаваньня не нашмат адрозьніваюцца ад прынятых у Злучаных Штатах.
Лекары кажуць, што такія антыаксыданты, як лікапін, могуць дапамагчы супрацьдзейнічаць акісьляльнаму стрэсу ў арганізьме чалавека. Гэты стрэс можа выклікаць хранічнае запаленьне, якое павялічвае рызыку многіх відаў раку.
«Навукоўцы пакуль не прыйшлі да канчатковай высновы, што ўжываньне прадуктаў з высокім утрыманьнем лікапіну можа наўпрост прадухіліць рак, — кажа дацэнт катэдры харчаваньня ва Ўнівэрсытэце штату Агаё Рэйчэл Копэк. — Але дасьледаваньні на людзях і жывёлах з выкарыстаньнем таматаў або іншых крыніц лікапіну, такіх як харчовыя дадаткі, сьведчаць пра сувязь паміж высокім узроўнем лікапіну і ніжэйшай рызыкай раку прастаты і лёгкіх».
Некаторыя дасьледаваньні таксама паказваюць, што лікапін можа дапамагчы прадухіліць хваробы сэрца, печані і іншыя хранічныя праблемы са здароўем.
У якіх памідорах найбольш лікапіну
Чым чырванейшы памідор, тым вышэйшы ўзровень лікапіну, кажа прафэсар Эрдман. Аранжавыя і жоўтыя памідоры ўтрымліваюць іншы тып лікапіну. Мяркуецца, што ён таксама карысны для здароўя, але дасьледчыкі недастаткова яго вывучылі, каб сьцьвярджаць гэта напэўна.
У зялёных памідорах лікапіну няма.
«Прыгатаваныя памідоры ўтрымліваюць больш лікапіну, чым сырыя, — дадае ў размове з журналістамі The New York Times прафэсар дыеталёгіі Ўнівэрсытэту Тафтса Эліс Ліхтэнштэйн. — Гэта адбываецца таму, што прыгатаваныя памідоры робяцца больш канцэнтраванымі, бо страчваюць пэўную колькасьць вады».
Адзін кубак прыгатаваных памідораў зьмяшчае каля 7300 мікраграмаў лікапіну, а сырых — 4600 мікраграмаў. Цяпло, якое выкарыстоўваецца пры гатаваньні памідораў, разбурае сьценкі іх клетак, і лікапін робіцца больш даступным для арганізму чалавека.
А паколькі лікапін тлушчараспушчальны, то спажываньне таматаў разам зь невялікай колькасьцю здаровага тлушчу можа дапамагчы арганізму яшчэ лепш засвойваць лікапін, кажа доктарка Копэк. Яна рэкамэндуе дадаваць да таматаў аліўкавы алей або спалучаць іх з авакада.
Памідоры багатыя на вітаміны і мінэралы
«Таматы — добрая крыніца калію, — кажа дацэнт катэдры дыеталёгіі ў Ратгерскім унівэрсытэце Пінкін Панчал. — Адзін вялікі сыры памідор зьмяшчае ў сабе 431 міліграм калію — прыкладна столькі ж, колькі банан сярэдняга памеру».
Доктарка Панчал дадае, што таматы ўтрымліваюць прыстойную колькасьць фоліевай кіслаты — вітаміну, які дапамагае нашым клеткам дзяліцца. Гэтая кіслата асабліва важная для жанчын падчас цяжарнасьці.
Таксама ў памідорах шмат вітаміну K, які спрыяе згусаньню крыві і здароўю костак.
Як памідоры рыхтаваць да спажываньня
Сьвежыя таматы найбольш пажыўныя, калі іх зрываюць з галінкі ў пік сьпеласьці, таму лепш за ўсё купляць іх у мясцовых фэрмэраў-вытворцаў і ў сэзон, раіць доктарка Панчал.
Усе экспэрты заявілі, што купляць менавіта арганічныя прадукты не абавязкова, дастаткова прамыць сырыя памідоры перад ужываньнем. Гэта можа дапамагчы выдаліць рэшткі пэстыцыдаў на іх скурцы.
Доктарка Панчал падзялілася сваім сакрэтам. Яна прамывае памідоры вадой, у якую дадае трошку дыстыляванага белага воцату. Сумесь вады і воцату, сказала яна, дапамагае выдаліць больш хімічных рэчываў, чым адна вада.
Форум