Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы знайшлі цяжкія мэталы ў цёмным шакалядзе. Ці варта турбавацца?


Новае дасьледаваньне, вынікі якога апублікаваныя ў сераду, 31 ліпеня, выявіла цяжкія мэталы ў цёмным шакалядзе, піша The New York Times.

Гэтае дасьледаваньне дае новыя доказы таго, што некаторыя какава-прадукты ўтрымліваюць у сабе сьвінец і кадмій. Яно стала апошнім па часе дасьледаваньнем у сэрыі іншых, якія ўзьнялі пытаньне пра таксыны ў какава-прадуктах.

Дасьледнікі ў ЗША праверылі 72 пліткі цёмнага шакаляду, каб высьветліць, ці былі яны забруджаныя цяжкімі мэталамі ў канцэнтрацыях, якія перавышаюць бясьпечныя ўзроўні паводле заканадаўства штату Каліфорнія.

Сярод пратэставаных прадуктаў 43% утрымлівалі больш высокія ўзроўні сьвінцу, чым тыя, якія лічацца бясьпечнымі, а 35% мелі больш высокія канцэнтрацыі кадмію. Абодва металы таксычныя, зь імі зьвязаны шэраг праблем са здароўем.

Аўтары дасьледаваньня не назвалі канкрэтных брэндаў, але паведамілі, што арганічныя прадукты з большай імавернасьцю маюць высокія канцэнтрацыі цяжкіх мэталаў. Пры гэтым прадукты, сэртыфікаваныя як «Fair Trade» (справядлівы гандаль), ня мелі ніжэйшых узроўняў цяжкіх мэталаў.

Але агулам узроўні цяжкіх мэталаў былі не настолькі высокія, каб сярэднестатыстычны спажывец турбаваўся з прычыны ўжываньня цёмнага шакаляду ва ўмераных колькасьцях, сказаў Джэйкаб Гэндс, вядучы аўтар артыкула з Школы мэдыцыны і навук аб здароўі Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона.

Разам з тым аўтары дасьледаваньня адзначылі, што амаль усе шакалядкі ўтрымлівалі сьвінцу менш за кантрольныя межы, прызнаныя ў ЗША на нацыянальным узроўні (менш строгія, чым у Каліфорніі).

І хоць кадмій і сьвінец могуць несьці значныя рызыкі для здароўя, аўтары дасьледаваньня кажуць, што на дадзены момант не зразумела, ці становіць спажываньне некалькіх кавалачкаў цёмнага шакаляду рызыку для большасьці здаровых дарослых людзей.

«Той факт, што цяжкія мэталы прысутнічаюць у цёмным шакалядзе, не абавязкова азначае, што неадкладна ўзьнікнуць нейкія жудасныя наступствы для здароўя, — сказала газэце Лора Корлін, дацэнт катэдры грамадзкай мэдыцыны Ўнівэрсытэту Тафтса. — Але ўжываньне вялікай колькасьці цёмнага шакаляду разам зь іншымі прадуктамі, якія, як даказана, утрымліваюць цяжкія мэталы (некаторыя морапрадукты, чай і спэцыі), можа прывесьці да трывожных узроўняў».

«Я б не турбавалася за таго, хто троху захапляецца цёмным шакалядам, часта яго купляе і нават есьць кожны вечар, — сказала выданьню Мэліса Мэлоў, дацэнт катэдры харчаваньня Ўнівэрсытэту Дэлавэра. — Але калі гэта сапраўды асноўная частка вашага паўсядзённага жыцьця ці вы ясьце яго ў вялікіх колькасьцях, вось тады б я турбавалася».

Цяжарным жанчынам і зусім малым дзецям, якія асабліва ўразьлівыя да ўзьдзеяньня цяжкіх мэталаў, варта абмежаваць спажываньне цёмнага шакаляду, сказаў Тэадрос Ранга Гадэба, дацэнт Школы грамадзкай аховы здароўя і трапічнай мэдыцыны Тулэйна, які раней у ліпені таксама апублікаваў дасьледаваньне пра цяжкія мэталы ў шакалядзе. Ягонае дасьледаваньне паказала, што спажываньне каля 30 грамаў цёмнага шакаляду штодзень не становіць рызыкі для здаровых дарослых (каля яны не цяжарныя).

Працэс вытворчасьці цёмнага шакаляду робіць яго асабліва ўспрымальным да забруджваньня цяжкімі мэталамі, бо ён утрымлівае больш какавы, чым малочны шакаляд. Какава можа быць забруджаная кадміем і сьвінцом у залежнасьці ад таго, дзе яна вырошчваецца і як апрацоўваецца. Адно новае дасьледаваньне паказала, што канцэнтрацыі цяжкіх мэталаў могуць моцна адрозьнівацца ў розных вытворцаў і нават у розных плітках шакаляду аднаго і таго ж вытворцы.

Доктар Мэлоў дадала, што на рынку можа быць болей прадуктаў з больш высокімі ўзроўнямі цяжкіх мэталаў.

Разам з тым Джэйкаб Гэндс заявіў, што тыя, хто турбуецца з прычыны магчымага ўтрыманьня цяжкіх мэталаў у шакалядзе, могуць падумаць, які менавіта прадукт і чыёй вытворчасьці яны спажываюць. Але для яго было б трагедыяй, калі б нехта перастаў спажываць цёмны шакаляд з прычыны гэтых страхаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG