Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя дасьледаваньні засьцерагаюць ад празьмернага спажываньня чырвонага мяса


Новае дасьледаваньне, заснаванае на аглядзе вынікаў папярэдніх дасьледаваньняў, зноў паказвае на сувязь чырвонага і апрацаванага мяса з дыябэтам 2 тыпу. Пра гэта інфармуе The New York Times.

Для аматараў каўбасы, салямі і стэйкаў, піша мэдычная аглядальніца газэты Эліс Калаган, навіны ня вельмі добрыя. Навукоўцы ўвесь час знаходзяць сувязь паміж спажываньнем чырвонага і апрацаванага мяса з хваробамі сэрца, некаторымі відамі раку і раньняй сьмерцю.

Вынікі двух дасьледаваньняў, якія зьявіліся ў жніўні 2024 году, прынесьлі новыя доказы таго, што дыета зь вялікім утрыманьнем мяса можа павялічыць рызыку дыябэту ІІ тыпу.

Вынікі большага дасьледаваньня

У дасьледаваньні, апублікаваным у часопісе The Lancet Diabetes and Endocrinology, яго аўтары прааналізавалі дадзеныя амаль двух мільёнаў дарослых, якія ўдзельнічалі ў 31 дасьледаваньні ў 20 краінах сьвету, у тым ліку ў ЗША, а таксама ў некаторых краінах Эўропы і Азіі.

Дасьледчыкі вывучылі апытаньні наконт рацыёну ўдзельнікаў, а затым прааналізавалі іх здароўе праз 10 гадоў. Пасьля карэктаваньня іншых фактараў рызыкі, такіх як курэньне, вышэйшы індэкс масы цела, фізычная пасіўнасьць і прысутнасьць дыябэту ў сямейнай гісторыі, было выяўлена, што на кожныя 50 грамаў апрацаванага мяса (адна сасіска або дзьве-тры лустачкі шынкі), зьедзенага кожны дзень, рызыка дыябэту ІІ тыпу павялічвалася на 15 працэнтаў. А на кожныя 100 грамаў неапрацаванага чырвонага мяса, зьедзеных штодзень (гэта памер невялікага стэйку), рызыка дыябэту павялічвалася на 10 адсоткаў.

Чаму ўжываньне мяса павышае рызыку

Камэнтуючы вынікі і новых, і старых дасьледаваньняў аб уплыве чырвонага мяса на здароўе чалавека, прафэсар харчаваньня Кембрыджскага ўнівэрсытэту Ніта Фарухі сказала, што існуе некалькі магчымых тлумачэньняў, чаму рэгулярнае спажываньне мяса можа павысіць рызыку дыябэту ІІ тыпу.

Адно зь іх кажа, што чырвонае і апрацаванае мяса ўтрымліваюць больш насычаных тлушчаў, чым ненасычаных, а гэта зьвязана з большай рэзыстэнтнасьцю да інсуліну — і, адпаведна, з дыябэтам ІІ тыпу.

Паводле другога тлумачэньня, людзі, якія ядуць шмат мяса, могуць есьці менш здаровай ежы, такой як садавіна і гародніна.

Гатаваньне мяса на высокіх тэмпэратурах, напрыклад, шляхам смажаньня на патэльні або на адкрытым агні, утварае пэўныя злучэньні, якія выклікаюць пашкоджаньне клетак, запаленьне і зноў жа рэзыстэнтнасьць да інсуліну. Усё гэта спрыяе дыябэту ІІ тыпу.

Вынікі меншага дасьледаваньня

Дасьледаваньне, апублікаванае ў жніўні ў часопісе Nature Metabolism, прынесла новыя доказы яшчэ адной даўняй гіпотэзы — што гемавае жалеза (тып жалеза, якога вельмі шмат у чырвоным мясе) можа спрыяць разьвіцьцю дыябэту ІІ тыпу.

Дасьледчыкі на працягу 36 гадоў назіралі за 205 тысячамі пераважна белых дарослых амэрыканцаў. За гэты час 21 тысяча зь іх захварэлі на дыябэт ІІ тыпу.

Тыя з удзельнікаў, у каго спажываньне гемавага жалеза было найбольш высокае — ад васьмі да дзесяці порцый неапрацаванага чырвонага мяса ў тыдзень — мелі на 26 працэнтаў больш шанцаў захварэць на дыябэт ІІ тыпу, чым тыя, у каго спажываньне было самае нізкае. У іх таксама былі вышэйшыя ўзроўні ліпідаў (тлушчаў), маркераў рэзыстэнтнасьці да інсуліну і запаленьня, а таксама іншых злучэньняў у крыві, зьвязаных з дыябэтам ІІ тыпу.

Гэта стала важкім дадаткам да зробленай раней высновы, што менавіта гемавае жалеза — ключавы фактар сувязі паміж чырвоным мясам і дыябэтам ІІ тыпу, — сказаў прафэсар харчаваньня і эпідэміялёгіі ў Гарвардзкай школе грамадзкага здароўя доктар Фрэнк Гу, які кіраваў дасьледаваньнем.

Зь іншага боку, дадаў прафэсар Гу, гемавае жалеза не тлумачыць сувязі паміж апрацаваным чырвоным мясам і дыябэтам ІІ тыпу. Верагодна, у гэтых прадуктах іншыя фактары, такія як кансэрванты і соль, ствараюць дадатковую рызыку для здароўя людзей.

Жалеза — гэта важнае пажыўнае рэчыва, але яго лішак можа выклікаць у арганізьме чалавека запаленьне і пашкодзіць падстраўнікавую залозу. Якраз гэта павялічвае рызыку дыябэту, мяркуе прафэсар мэдыцыны ва Ўнівэрсытэце Тафтса Дарыюш Мазафарыян, які ня браў удзелу ў дасьледаваньні.

Шмат мяса — гэта колькі?

Хоць рэгулярнае спажываньне як чырвонага, так і апрацаванага мяса выклікае пагаршэньне здароўя, менавіта апрацаванае мяса найбольш зьвязана з дыябэтам ІІ тыпу і іншымі хваробамі, кажа прафэсар Мазафарыян. На яго думку, гэта тое, чаго трэба пазьбягаць.

Апрацаванае мяса ўключае ў сябе ня толькі стэрэатыпна шкодныя прадукты, такія як хот-догі і шынка, але і патэнцыйна карысныя, такія як, напрыклад, сасіскі з індыка або іншыя мясныя далікатэсы.

Ці трэба адмаўляцца ад чырвонага мяса?

Прафэсар Мазафарыян у сваім камэнтары для New York Times сказаў, што вынікі новых дасьледаваньняў не азначаюць, што мы ніколі не павінны есьці гэтыя прадукты. Замест поўнай адмовы лепш разглядаць іх як прынагодныя пачастункі.

Выказаў сваё меркаваньне і прафэсар Гу. На яго думку, цяпер яшчэ недастаткова дадзеных, каб дакладна сказаць, колькі трэба есьці чырвонага мяса. Але, грунтуючыся на цяперашнім узроўні ведаў, адна або дзьве порцыі ў тыдзень — напрыклад, невялікая сьвіная адбіўная або пара фрыкадэлек — шкоды не прынясуць.

Тым, хто баіцца захварэць на дыябэт ІІ тыпу або мае сямейную схільнасьць да яго, прафэсар рэкамэндуе адмовіцца ад «мясной» дыеты і перайсьці на дыету, якая ўключае шмат расьлінных прадуктаў, такіх як цэльнае зерне, садавіна, гародніна і бабовыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG