Газэта The New York Times падрыхтавала агляд сучасных поглядаў на праблему.
Дыскусіі пра шкоду і карысьць падсалоджвальнікаў для здароўя ідуць дзесяцігодзьдзямі. Газэта канстатуе, што дасьледаваньні аб тым, як заменьнікі цукру ўплываюць на здароўе, пакуль усё яшчэ папярэднія, складаныя і часам супярэчлівыя. Але навукоўцы і дыетолягі мяркуюць, што падсалоджвальнікі ўсё ж могуць несьці пэўныя рызыкі для здароўя.
Што такое заменьнікі цукру?
Гэты тэрмін уключае ў сябе шэраг рэчываў, якія маюць салодкі смак, але не ўтрымліваюць калёрый, якія ёсьць у цукры. Часам яны ў сотні ці нават дзясяткі тысяч разоў саладзейшыя за цукар.
Сёньня іх выкарыстоўваюць для падсалоджваньня шматлікіх «безцукровых» і «дыетычных» прадуктаў і напояў, уключаючы энэргетычныя напоі, жавальную гумку, цукеркі, выпечку і замарожаныя дэсэрты. Многія з заменьнікаў цукру прадаюцца як асобныя прадукты ў выглядзе вадкасьці, парашку або таблетак.
Заменьнікі цукру падзяляюцца ў залежнасьці ад спосабу іх вытворчасьці. Існуюць натуральныя падсалоджвальнікі, вырабленыя з расьлінных прадуктаў, напрыклад, стэвія, і штучна, хімічна сынтэзаваныя, такія як аспартам. Натуральныя заменьнікі цукру могуць быць саладчэйшыя за яго ў 100 разоў. Сынтэтычныя падсалоджвальнікі могуць быць саладчэйшыя за цукар у 200 або нават 20 000 разоў.
Асобную групу натуральных падсалоджваньнікашў складаюць цукровыя сьпірты, якія насамрэч не зьяўляюцца ні цукрамі, ні сьпіртамі. Гэта тып вугляводаў, якія маюць салодкі смак, але ўтрымліваюць менш калёрый, чым цукар. Гэта сарбіт, ксыліт, маніт і эрытрыт. Гэтыя рэчывы натуральным чынам прысутнічаюць у некаторых відах садавіны і гародніны, напрыклад, ананасах, чарнасьліве і грыбах. Таксама іх у невялікай колькасьці выпрацоўвае і арганізм чалавека.
Патэнцыйныя выгады і рызыкі заменьнікаў цукру
Ёсьць некаторыя сьведчаньні, што калі вы рэгулярна п’яце салодкія вадкасьці, такія як газаваныя напоі і салодкія чаі, пераход на дыетычныя вэрсіі можа дапамагчы крыху скінуць вагу — пры ўмове, што вы не спажываеце больш калёрый зь іншых крыніц.
У адным аглядзе 12 рандамізаваных клінічных дасьледаваньняў 2022 году, большасьць зь якіх працягвалася шэсьць месяцаў або менш, дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што замена салодкіх напояў нізкакалярыйнымі або бескалярыйнымі падсалоджанымі напоямі можа прывесьці да нязначнай страты вагі — у сярэднім прыкладна 1 — 1,5 кіляграма ў дарослых з залішняй масай цела або атлусьценьнем.
Іншыя дасьледаваньні паказалі яшчэ большую страту вагі пры пераходзе на заменьнікі цукру.
Але доўгатэрміновыя дасьледаваньні ўплыву штучных падсалоджваньнікаў не знайшлі ад іх ніякай карысьці для зьніжэньня вагі, затое знайшлі пэўную шкоду. Таму ў 2023 годзе Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндавала пазьбягаць выкарыстаньня заменьнікаў цукру для пахудзеньня і кантролю вагі або для аздараўленьня. Пры гэтым экспэрты САЗ спасылаліся на дасьледаваньні, якія зьвязваюць заменьнікі цукру з больш высокай рызыкай дыябэту ІІ тыпу, сардэчна-судзіннымі хваробамі, атлусьценьня і раньняй сьмерцю.
Вядома таксама, што цукровыя сьпірты, такія як эрытрыт і ксыліт, зьвязваюць з падвышанай рызыкай сардэчных прыступаў і інсультаў.
У чым праблема рандамізаваных дасьледаваньняў
Экспэрты кажуць, што сёньня цяжка зрабіць адназначныя высновы з дасьледаваньняў па дыеце і здароўі.
«Такі тып дасьледаваньняў зьяўляецца назіральным, гэта значыць можа зьвязаць спажываньне заменьнікаў цукру з пэўнымі наступствамі для здароўя, але ня можа даказаць прычыну і сьледзтва, — сказала New York Times дацэнтка катэдры харчаваньня Тэхналягічнага інстытуту ў амэрыканскім штаце Вірджынія Валіса Гэдрык. — Магчыма, аматары дыетычных газаваных напояў проста ад пачатку менш здаровыя. Або наносяць сабе шкоду іншымі інгрэдыентамі ў прадуктах і напоях».
Каб цалкам вырашыць ці ёсьць простая сувязь паміж заменьнікамі цурку і станам здароўя, трэба правесьці дасьледаваньні з канкрэтнымі замерамі такога ўплыву, але правесьці яго практычна немагчыма, бо нельга зачыніць людзей ў нейкім памяшканьні, карміць іх тым ці іншым заменьнікам цукру і глядзець, што адбудзецца. Тут паўстае праблема навуковай этыкі.
Разам з тым, некаторыя добра кантраляваныя дасьледаваньні на жывёлах і невялікія экспэрымэнты на людзях з выяўленьнем прычын і наступстваў, усё ж паказалі, што некаторыя заменьнікі цукру здольныя выклікаць праблемы са здароўем. Напрыклад, цукровыя сьпірты могуць загушчаць кроў і павялічваць рызыку сардэчных прыступаў і інсультаў.
Іншыя заменьнікі цукру могуць зьмяняць кішэчны мікрабіем і ўскладняюць кантроль за ўзроўнем цукру ў крыві.
Што рабіць
Найперш, не панікаваць. Пытаньне пра шкоднасьць і карысьць штучных заменьнікаў цукру навукай яшчэ канчаткова ня вырашанае. Як і пытаньне, які са штучных падсалоджвальнікаў лепшы за іншы.
Варта памятаць, што занадта шмат цукру, несумненна, шкодна для здароўя. Гэта дакладна зьвязана з падвышанай рызыкай дыябэту ІІ тыпу, з хваробамі сэрца і атлусьценьнем.
Амэрыканская кардыялягічная асацыяцыя рэкамэндуе жанчынам спажываць ня больш за 25 грамаў цукру ў дзень, а мужчынам — ня больш за 36 грамаў. Слоік кока-колы ёмістасьцю 330 грам зьмяшчае 39 грамаў цукру. Так што лепш выбіраць штучна падсалоджаныя напоі, а не звычайныя, калі вы п’яце іх кожны дзень.
А наогул, лепш за ўсё паступова скарачаць у сваім рацыёне як спажываньне цукру, так і яго заменьнікаў. Салодкую газіроўку можна замяніць несалодкай або троху падсалоджанай садавінным сокам. Можна купляць несалодкія ёгурты замест салодкіх і дадаваць у іх троху мёду. Ну і шмат хто, у тым ліку апытаныя New York Times лекары, замест салодкай малочнай кавы ў апошнія гады пачалі піць каву з малаком, але бяз цукру.
Форум