Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Неверагодны 2020-ы і верагодны 2025-ы. Шрайбман — пра паўстаньне 2020 году і выбары 2025 году


Аляксандар Лукашэнка, Арцём Шрайбман, каляж
Аляксандар Лукашэнка, Арцём Шрайбман, каляж

Ці зьмяніліся погляды беларускага грамадзтва на падзеі 2020 году? Ці адбудзецца перагляд стратэгіі дэмакратычных сілаў? Чаго можна чакаць ад прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

— У першую гадавіну масавых пратэстаў (паўстаньня, рэвалюцыі) Свабода выдала зборнік эсэ беларускіх інтэлектуалаў «Неверагодны 2020-ы». Там быў і ваш тэкст. Заўтра — чацьвёртая гадавіна. Ці зьмяніўся погляд на тыя падзеі — беларускага грамадзтва і ваш?

— Ужо ў 2021 годзе зьявілася разуменьне, наколькі глыбокай аказалася палярызацыя ў беларускім грамадзтве. Падзеі 2020 году сталі пралёгам да задзейнічаньня Беларусі ў вайне.

Таксама яны дазволяць беларусам пасьля цяперашняй вайны выйсьці зь меншымі стратамі, чым калі б 2020 году не было. Больш шанцаў на тое, што мы выйдзем зь яе, як, умоўна кажучы, Фінляндыя і Швэцыя выйшлі з Другой сусьветнай. Яны таксама супрацоўнічалі з нацыстамі. Але іх не трактавалі як адназначных саўдзельнікаў, як гэта было з Італіяй і Вугоршчынай.

— Адной з самых заўважных падзеяў нядаўняй канфэрэнцыі «Новая Беларусь» быў выступ дэлегата Каардынацыйнай Рады, экс-сьпікера Рады Андрэя Ягорава. Найбольш гучнай у мэдыйным сэнсе была яго прапанова наконт вяртаньня амбасадараў у абмен на вызваленьне палітвязьняў. Але насамрэч і заява блёку ў КР, кіраванага Ягоравым, і яго наступныя тлумачэньні — гэта цэлая праграма рэвізіі ўсіх падыходаў, якія дэмакратычныя сілы практыкавалі з 2020 — пачатку 2021 году. Якой рэакцыі вы чакаеце на гэты новы канцэпт — ад дэмсілаў, ад грамадзтва, ад улады, ад заходніх партнэраў?

— Улады сьвяткуюць гэтую чарговую спрэчку, тое, што яны лічаць раздраем у апазыцыі. І пазыцыю Ягорава яны трактуюць як жаданьне прыпаўзьці на каленях і прасіць прабачэньня. Беларуская прапаганда сыходзіцца з зацятымі крытыкамі Ягорава.

Заходнія дыпляматы гэта заўважылі, яны адзначаюць, што гэтыя аргумэнты пачынаюць гучаць на палітычным узроўні.

Што да кіраўніцтва дэмсілаў, то рэакцыя іх была, яе агучыў Павал Латушка. І яна была даволі рэзкая, канфрантацыйная. Думаю, што спрэчка працягнецца, мы бачым фармаваньне апазыцыі да апазыцыі.

Падобныя погляды з 2020 году выказвалі «бабарыкаўцы» і асацыяцыя сваякоў палітвязьняў.

Казаць, што пазыцыя Ягорава стане мэйнстрымам, заўчасна.

— Яшчэ адной важнай падзеяй канфэрэнцыі было прыняцьцё «Плятформы-2025» — эскіз стратэгіі на год, калі ў Беларусі пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Па ідэі, падзея важная, і дэмсілы мусяць рэагаваць на гэты выклік, прынамсі — «паказваць сьцяг». І як яны зьбіраюцца на яго рэагаваць? Ці ўжо рэагуюць?

— Думаю, што інфармацыйная кампанія апазыцыі ў 2025 годзе будзе больш удалая на вонкавым контуры.

Я ня ўпэўнены, што ў Беларусі ёсць вялікая аўдыторыя, якая яшчэ не сфармавала сваю думку наконт таго, легітымны Лукашэнка ці нелегітымны.

Выбары — нагода, «вакно магчымасьці» яшчэ раз нагадаць сьвету пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ня толькі наконт дэмакратыі, але і наконт палітзьняволеных і ўцягваньня Беларусі ў вайну.

Можна гуляць у вясёлыя стратэгіі накшталт «двух крыжыкаў», сапсаванага бюлетэня ці галасаваньня супраць усіх. Усё гэта — спробы проста неяк танізаваць тых людзей, якія яшчэ прыслухоўваюцца да заклікаў дэмакратычных сілаў у выгнаньні.

Мэта ў тым, каб прайсьці гэтую кампанію зь мінімальнымі стратамі ўласнай умоўнай легітымнасьці ці ўласнаму іміджу на міжнароднай. арэне.

— Шаман у племені дзікуноў выклікае дождж. У савецкія часы ўлады прыкладалі шмат высілкаў дзеля падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў з адным кандыдатам. У Беларусі ў 2025 годзе пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Усе гэтыя рытуалы не дасягаюць дэкляраванай мэты. Заклінаньні не выклікаюць дажджу. Савецкія выбары не былі свабодным народным волевыяўленьнем. Выбары налета ў Беларусі ня будуць таксама. А можа, гэтыя рытуалы выконвалі і выконваюць іншыя важныя функцыі ў адпаведных грамадзтвах?

— У гэтыя рытуалы, як і ўва ўсе іншыя палітычныя рытуалы, умантаваныя абсалютна зразумелыя сыгналы ўсім — грамадзтву, намэнклятуры, ворагам.

Сыгнал грамадзтву: улада ўпэўнена сябе адчувае, яна здольная арганізаваць сур’ёзнае працэдурнае практыкаваньне. Рэжым моцны, ён праходзіць гэты стрэс-тэст рэгулярна.

Людзям менш спрактыкаваным у палітыцы, якія не асабліва думаюць пра тое, сумленныя ў нас выбары ці не, пасылаецца мэсыдж пра тое, што большасьць на баку ўлады.

Праціўнікам улады пасылаецца адваротны мэсыдж: вы — недабітая меншасьць.

Гэта мэханізм падтрыманьня парадку, няпісаных канвэнцый у грамадзтве, у намэнклятуры, у стане апанэнтаў.

— Рытуальныя мерапрыемствы часам выкарыстоўваюцца для абвяшчэньня новага курсу. Зьезды КПСС мелі няшмат сэнсу, але менавіта на ХХ зьезьдзе Хрушчоў абвясьціў курс на «пераадоленьне наступстваў культу асобы». Лукашэнку з культам асобы змагацца, напэўна, няёмка. Але нагодай для абвяшчэньня ім новага курсу выбары 2025 году могуць стаць? Некаторыя бачаць прыкметы гэтага ўжо цяпер — у апошніх кадравых прызначэньнях, вызваленьні 18 палітвязьняў, міралюбным тоне адносна Ўкраіны. А вы ня бачыце? Ці гэта ілюзіі ружовых поні, якія рэгулярна мараць, што дыктатар нарэшце падабрэе?

— Я не лічу, што пералічаныя вамі фактоіды — прыкметы нейкага новага курсу. Корань палітыкі будзе ў адносінах Лукашэнкі і Пуціна. Калі яны пагоршацца, то тады, я думаю, мы ўбачым нашмат больш відавочныя і выразныя сыгналы ў бок зьмены курсу. Але пакуль мы бачым у адносінах гэтых дзьвюх асобаў і рэжымаў, што гэтыя стасункі ў цэлым даволі гарманічныя. Лукашэнка аказвае паслугу за паслугай. А Пуцін працягвае гэта ўсё фінансаваць.

Калі б гэтыя кавалачкі пазла склаліся так, што Лукашэнка б задумаўся аб зьмене курсу, — а навошта яго публічна абвяшчаць? Калі ён сапраўды захоча мяняць курс, яму трэба быць вельмі асьцярожным, нікога не злаваць, рабіць гэта абачліва. Ён ня будзе абвяшчаць на ўвесь сьвет, што мы лібэралізуемся і вылазім з расейскага акопу. Калі такі паварот і будзе адбывацца, то павольна, спакваля, як Лукашэнка, у прынцыпе, гэта ў мінулым і рабіў.

У 2008-м і ў 2014–2015 гадах не было моманту, у які ён выйшаў і сказаў: мы мяняем курс.

— У 1996 годзе Лукашэнка пасьля рэфэрэндуму сфармаваў Палату прадстаўнікоў зь ляяльных яму дэпутатаў ВС. Але прадстаўніцтва ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ засталося за апальнымі дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Аднак у 2000 годзе адбыліся выбары ў Палату. І месца ў асамблеі перадалі Палаце. Абранай на несумленных, несправядлівых выбарах, пры якіх, аднак, рытуал быў выкананы. Выбары 2025 году будуць несумленныя і несправядлівыя. Аднак рытуал будзе выкананы. Сцэнар 2000 году ня можа паўтарыцца?

— На пачатку нулявых не было яшчэ відавочна, куды ідзе гэты рэжым. Была, відаць, надзея, што Лукашэнка — толькі на два тэрміны. Не было наканаванасьці, што пры Лукашэнку нічога ўжо ня зьменіцца.

Я ня ўпэўнены, што прызнаньне рэжыму пасьля выбараў 2025 году ўваходзіць у пляны заходніх краінаў. Акрамя краінаў кшталту Вугоршчыны і Швайцарыі, я ня бачу, каб нехта рыхтаваўся перагледзець палітыку 2020 году з той прычыны, што ў 2025 годзе пройдуць прэзыдэнцкія выбары.

Якасны скачок, які мы зрабілі з 2020 па 2024 год, нашмат больш сур’ёзны, чым тое, што адбылося з 1996-га па 2000-ы, нягледзячы нават на забойствы палітыкаў. Зьнізілася значнасьць Беларусі для заходніх эліт.

Нікому на Захадзе ня важна, што будзе зь Беларусьсю. А тыя, каму ўсё ж важна, — гэта краіны, якія займаюць найбольш «ястрабіную» пазыцыю. Гэта Польшча і Літва. Яна ім важная з прычыны пагрозаў, якія паходзяць зь Беларусі.

А для іншых краінаў, якія маглі б заняць больш прагматычную пазыцыю, Беларусь ужо практычна сьцёртая з мапы сьвету.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG