Беларускае кіраўніцтва ў Казахстане заклікалі да «неабходнасьці аб’ектыўна ацэньваць пазыцыю Астаны ў дачыненьні працэсаў, якія адбываюцца». Пра гэта заявіў намесьнік прэм’ер-міністра – міністар замежных спраў Казахстану Мурат Нуртылеў.
Афіцыйную пазыцыю краны ён данёс амбасадару Беларусі Паўлу Ўцюпіну. Таго адмыслова запрасілі 21 жніўня ў МЗС Казахстану для тлумачэньняў. Паводле інфармацыі МЗС, на сустрэчы з амбасадарам «абмеркаваны актуальныя пытаньні казаска-беларускага супрацоўніцтва як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках шматбаковых арганізацый».
Прычынай стала інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу «Россия», дзе той выказваў свае думкі і наконт казаскай палітыкі.
Міністар замежных спраў падкрэсьліў, што Казахстан «праводзіць збалянсаваную і мірную замежную палітыку ў адпаведнасьці са Статутам ААН і асноватворнымі нормамі міжнароднага права». Астана «цьвёрда перакананая, што ўсе рознагалосьсі паміж дзяржавамі павінны вырашацца палітыка-дыпляматычнымі сродкамі».
У інтэрвію расейскім прапагандыстам Лукашэнка заявіў, што некаторыя дзяржавы на постсавецкай прасторы «выкручваюцца», у адрозьненьне ад Беларусі, і «хочуць чагосьці ўзяць, а ўзамен нічога ня даць».
«Вось гэты час недалёка, калі прыйдзеце да той жа Расеі і будзеце прасіць падтрымкі і дапамогі. Прасіць няма ў каго. У Казахстане нешта здарылася. Каго прасілі? Кітай, Індыю, Пакістан там побач — не. Вось Пуцін, Лукашэнка, дапамажыце. І мы перакінулі туды на працягу паўдня, нашыя ўжо самалёты там прызямляліся, у Казахстане. Уціхамірылі. Я не ў папрок кажу. І гэта не аддаць доўг, але трэба разумець, што складзецца сытуацыя, што вы потым прасіць нас будзеце, а не кагосьці, ніхто да вас на дапамогу ня прыйдзе».
Таксама Лукашэнка прыгадаў, што ім удалося стварыць эканамічную прастору. І тут паводзіны Казахстану яму не падабаюцца.
«Навошта яе страчваць? Што, Казахстан або Ўзбэкістан са сваімі таварамі — іх чакаюць дзесьці ў Амэрыцы ці Эўразьвязе? Ды не. Тое, чаго не хапае, можа, і купяць на 2 млн даляраў, а астатняе самі ешце».
Далейшае пагаршэньне стасункаў з Армэніяй
Выказваньні пра Казахстан і згадка Ўзбэкістану былі не адзінымі папрокамі іншым краінам. Лукашэнка раскрытыкаваў Армэнію, кінуўшы фразу пра тое, што «армяне нікому не патрэбныя». Такія выказваньні сталі прычынай акцыі пратэсту ля будынку беларускай амбасады ў Ерэване — яе закідалі памідорамі і бульбай.
Стасункі з Армэніяй у Беларусі істотна пагоршыліся пасьля падтрымкі Лукашэнкам Азэрбайджану. 13 чэрвеня гэтага году прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску Лукашэнка. Ён сказаў пра гэта ў кантэксьце заяваў Лукашэнкі пра карабаскі канфлікт на сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня. Пасьля заявы прэм’ера абедзьве краіны адклікалі сваіх амбасадараў у сталіцы для кансультацый.
2 чэрвеня, выступаючы перад парлямэнтам, кіраўнік ураду заявіў пра магчымы выхад Армэніі з АДКБ. 13 ліпеня Беларусь адклікала амбасадара Аляксандра Канюка з Армэніі для кансультацый.
Форум