Пазьней дзяўчына зьехала з мужам у Польшчу на вучобу і забыла пра свой перавод. Сёлета летам дзяўчына вярталася на радзіму на пахаваньне блізкага сваяка, і яе затрымалі на мяжы, піша «Вясна».
На мяжы дзяўчыну прывялі ў пакой дазнаваньня, забралі пашпарт, але прычыну затрыманьня не патлумачылі. Тэлефон не забіралі, таму Натальля (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) пасьпела напісаць блізкім.
Як расказвае дзяўчына, супрацоўнікі ГУБАЗіК паслалі на ўваходзе бел-чырвона-белы сьцяг і дэманстратыўна па ім тапталіся.
«Я шчыра думала, гэта засталося далёка ў 2020 годзе і падобныя „экзэмпляры“ былі адзінкавыя. Шчыра, я была ў шоку», — зьдзіўляецца Натальля.
У сілавікоў была раздрукоўка банкаўскай апэрацыі, у якой было імя і прозьвішча Натальлі, зьвесткі банкаўскай карткі, назва фонду BySol, дата і сума апэрацыі. Як яны сказалі, зьвесткі ім нібыта перадала плацёжная сыстэма PayPal, празь якую дзяўчына рабіла перавод.
Цягам дзьвюх гадзінаў Натальлю распытвалі, што яна рабіла ў Польшчы, пра вучобу і прыватнае жыцьцё, а таксама — калі прыяжджаў муж і чаму ён даўно ня быў у Беларусі. Сілавікі забралі ў яе смартфон і праглядалі ўсе фатаздымкі і падпіскі ў сацыяльных сетках.
«Я спытала, ці магчыма неяк па-іншаму вырашыць гэтае пытаньне. Тады сілавікі прапанавалі мне дэманстратыўна „ў межах закону“ зрабіць добраахвотнае ахвяраваньне ў Рэспубліканскі фонд мэдычнага рэагаваньня».
Дзяўчыне назвалі суму штрафу, у 250 разоў большую за данат. Яе ахвяраваньне на фонд у 2020 годзе склала некалькі дзясяткаў даляраў.
Натальля ня мела такой буйной сумы, як назваў ГУБАЗіК, і папрасіла, каб тыя зьменшылі памер штрафу.
«Я разумела, што мне такая сума не па кішэні, адразу пачала казаць ім, што такіх грошай ня маю. А яны мне толькі адказвалі: „У колькі вы ацэньваеце сваю свабоду? Вось, сядзіце думайце“. Я ім прапаноўвала заплаціць 1000 даляраў. Яны, канечне ж, не пагадзіліся. У выніку сказалі, што заўтра мае родныя ці знаёмыя мусяць прынесьці на адрас ГУБАЗіК тую агромністую суму.
Як высьветлілася, Натальля была ў ізалятары з такімі самымі людзьмі, якіх затрымалі за „захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў“.
„У першую ноч на шэсьць месцаў камэры нас сядзела сем чалавек. У астатнія дзьве нас было ўжо шэсьць. Усе сядзелі па тым жа артыкуле — за „экстрэмісцкія“ матэрыялы. Дваіх жанчын затрымалі ў Беларусі, астатніх, як і мяне, на беларускай мяжы».
Акрамя таго, Натальля расказала пра жахлівыя ўмовы ў ізалятары, прусакоў і адсутнасьць элемэнтарных рэчаў у зьняволеньні.
Пасьля 72 гадзін затрыманьня сілавікі выпусьцілі Натальлю з ізалятара і сказалі ехаць па банкаўскую выпіску. Усе некалькі дзён арышту бацькам дзяўчыны не казалі пра яе затрыманьне. Толькі за дзьве гадзіны да вызваленьня ўчастковы апавясьціў яе бацькоў. Дамовіцца на суму выплаты ўдалося ўдвая меншую, чым гаварылася спачатку. Пры гэтым бацькам у адказ на грошы, выплачаныя Натальляй, прыйшло апавяшчэньне аб адмове ад завядзеньня крымінальнай справы.
Затрыманьне Натальлі адбылося адразу пасьля пахаваньня блізкага сваяка і прынесла сям’і яшчэ больш стрэсу і перажываньняў.
«Маці ўвогуле думала, што мне дадуць тры гады. Калі мяне ня выпусьцілі ў першы дзень, маці вельмі ўсхвалявалася. Самае цяжкае для родных было тое, што яны не маглі атрымаць інфармацыю пра маё месцазнаходжаньне».
Дзяўчына кажа, што больш не плянуе вяртацца ў Беларусь, нягледзячы на тое, што сплаціла грошы, якія ад яе патрабавалі сілавікі. Яна ўпэўненая, што калі аднойчы трапілася сілавікам, яны могуць за ёй сачыць.
Форум