Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску за данаты судзяць ІТ-спэцыяліста, яму пагражае да 10 гадоў калёніі. У Горадні — працэс над дызайнэрам за ўдзел у пратэстах

абноўлена

Менскі абласны суд
Менскі абласны суд

На волі ІТ-адмысловец захапляўся трыятлёнам. Цяпер яму пагражае вялікі тэрмін за ахвяраваньні.

У Менскім абласным судзе пачаўся працэс над Максімам Рэмезавым, былым супрацоўнікам кампаніі А1, якога вінавацяць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 2 артыкулу 361-2 КК) і «фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні вайны» (частка 2 артыкулу361-3 КК).

Праграмісту пагражае да 10 гадоў калёніі.

Інфармацыю пра суд над Максімам Рэмезавым пацьвердзілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна».

Максіму Рэмезаву 43 гады. Апошняе месца працы і пасада — «сыстэмны архітэктар» у кампаніі A1. Пра падсуднага таксама вядома, што ён захапляецца бегам, удзельнічаў у аматарскіх чэмпіянатах у маратонскім бегу, у трыятлёне.

Судзіць Максіма Рэмезава будзе Вікторыя Палішчук, якая летась прысудзіла 3,5 года калёніі выкладчыцы Натальлі Дулінай і 3 гады стрыечнаму праўнуку Якуба Коласа Мікіту Брую.

Пачаўся суд над горадзенскім дызайнэрам, які вярнуўся з Польшчы

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні пачаўся працэс над Дзьмітрыем Глушчанкам, якога затрымалі неўзабаве пасьля вяртаньня ў Беларусь з Польшчы. На тым жа працэсе судзяць Андрэя Карповіча.

Дзьмітрыя Глушчанку абвінавачваюць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). За гэта пагражае да 4 гадоў зьняволеньня, справу разглядае судзьдзя Ўладзімер Пазьняк, паведамляе «Вясна».

Дзьмітрыю Глушчанку 29 гадоў, ён скончыў Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы па дзьвюх спэцыяльнасьцях: «эканоміка і кіраваньне на прадпрыемстве» і «кампутарная графіка і вэб-дызайн». Да ад’езду зь Беларусі Глушчанка працаваў дызайнэрам у ІТ-кампаніі.

Пра затрыманьне маладога чалавека стала вядома ў сакавіку. На відэа затрыманьня Глушчанкі, якое зьмясьціў афіцыйны ТГ-канал, трапіў супрацоўнік ГУБАЗіК, які начапіў на сябе так званую «георгіеўскую» стужку і накрыўся сьцягам СССР.

Разам зь Дзьмітрыем Глушчанкам судзяць Андрэя Карповіча, але падрабязнасьці справы Карповіча пакуль невядомыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG