Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ анансаваў запуск сыстэмы, якая зьменіць памежны кантроль для грамадзян трэціх краін, у тым ліку беларусаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Эўракамісія назвала дату меркаванага запуску новай сыстэмы ўезду і выезду ў Эўразьвяз (EES) — 10 лістапада, паведамляе Schengen.News. Сыстэма зьменіць правілы перасячэньня мяжы для грамадзян трэціх краін, у тым ліку грамадзян Беларусі.

Як заявіла камісар ЭЗ ва ўнутраных справах Ільва Югансан, сыстэму EES плянуюць запусьціць 10 лістапада, цяпер яна знаходзіцца на завяршальнай стадыі выпрабаваньняў.

«Паводле закону, перш чым Камісія прыме афіцыйнае рашэньне, павінны прайсьці розныя этапы, але сёньня я з гонарам паведамляю, што 10 лістапада — гэта мэтавы дзень», — удакладніла Ільва Югансан.

Паводле яе, з пачаткам працы сыстэмы EES штогод будзе закранаць каля 700 мільёнаў чалавек — прыкладна столькі наведваюць Эўразьвяз штогод. Разам з тым, на думку Ільвы Югансан, сыстэма дапаможа 450 мільёнам эўрапейцаў «адчуваць сябе ў большай бясьпецы».

Галоўнай мэтай укараненьня EES называюць ўзмацненьне бясьпекі на мяжы і перадухіленьне нелегальнай міграцыі. Таксама сыстэма павінна дапамагчы выяўляць тых, хто перавысіў дазволеныя тэрміны знаходжаньня на тэрыторыі Эўразьвязу, і тых, хто спрабуе ўехаць у ЭЗ з выкарыстаньнем падробленых дакумэнтаў.

Што такое EES і як гэта будзе працаваць

EES уяўляе сабой аўтаматызаваную ІТ-сыстэму, якая будзе рэгістраваць зьвесткі грамадзян краін, што не ўваходзяць у Эўразьвяз, у лічбавым выглядзе пры кожным уезьдзе і выезьдзе з вонкавых шэнгенскіх межаў. Сыстэма заменіць бягучае ручное прастаўленьне штампу ў пашпарце і будзе рэгістраваць імя падарожніка, тып праязнога дакумэнта, біямэтрычныя зьвесткі (адбіткі пальцаў і фота твару), а таксама дату і месца ўезду і выезду з ЭЗ. Пэрсанальныя зьвесткі ў сыстэме будуць захоўвацца 3 гады.

Апроч рэгістрацыі ўезду і выезду падарожнікаў, сыстэма таксама будзе фіксаваць адмовы ва ўезьдзе.

Прадугледжваецца, што пасьля пачатку працы EES грамадзяне краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ і ўяжджаюць у Шэнгенскую зону, павінны будуць зарэгістравацца ў гэтай інфармацыйнай сыстэме. Падарожнікі таксама будуць сканаваць свае пашпарты ці іншыя праязныя дакумэнты ў «кіёску самаабслугоўваньня» штораз, калі перасякаюць вонкавую мяжу ЭЗ.

Раней паведамлялася, што EES будзе дзейнічаць ва ўсіх краінах ЭЗ, акрамя Кіпра і Ірляндыі, а таксама ў чатырох краінах Шэнгенскай зоны, якія не зьяўляюцца чальцамі ЭЗ: Ісьляндыі, Ліхтэнштэйне, Нарвэгіі і Швайцарыі.

Укараненьне EES ня раз адкладалі з прычыны розных праблем, у тым ліку праз пандэмію. Першапачаткова гаворка ішла пра старт праекту ў канцы 2022 году, потым у 2023 годзе, пасьля гэты тэрмін перанесьлі на 2024 год.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG