Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Катары пачынаюць новыя перамовы наконт спыненьня агню ў сэктары Газа. Чаго хочуць ХАМАС і Ізраіль?


У сэктары Газа
У сэктары Газа

На перамовы, якія пройдуць у Досе, прыбылі прадстаўнікі чатырох краін — Ізраілю, Катару, ЗША і Эгіпту.

Асноўнай мэтай перамоваў называюць спыненьне агню ў сэктары Газа і паслабленьне рэгіянальнай напружанасьці.

Узяць удзел у сустрэчы, як і на мінулых перамовах, зьбіраюцца кіраўнік ЦРУ Ўільям Бэрнс, прэм’ер-міністар Катару Мухамад бін Абдулрахман аль-Тані і кіраўнік выведкі Эгіпту Абас Камель, паведамілі крыніцы агенцтва dpa. Ізраіль будзе прадстаўляць кіраўнік службы зьнешняй выведкі «Масад» Давід Барнэа.

ХАМАС, які прызнаны ў ЭЗ і ЗША «тэрарыстычнай арганізацыяй», удзелу ў перамовах ня возьме, але паведаміў, што гатовы атрымаць інфармацыю пра іх вынікі.

У Белым доме заявілі, што, нягледзячы на адмову ХАМАСу браць удзел у перамовах, сустрэча павінна прайсьці паводле графіку. На перамовах, праўдападобна, будзе і прадстаўнік Злучаных Штатаў па ўзаемадзеяньні з краінамі Блізкага Ўсходу Брэт Макгерк.

Ізраіль і ХАМАС больш за два месяцы разважалі над прапановай аб спыненьні агню пры міжнароднай падтрымцы. За гэты час завочныя перамовы не прасунуліся, і рознагалосьсі застаюцца непераадольнымі.

Арабістка Марыяна Беленькая ў размове з праектам «Настоящее время» адзначыла некалькі ключавых пунктаў перамоў.

Чаму апошні шанец?

Толькі пагадненьне аб спыненьні агню ў Газе стрымае Іран ад помсты Ізраілю, заявілі некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў у Тэгеране агенцтву Reuters. Яны сказалі, што ў выпадку правалу перамоваў ці іх зацягваньня Ізраілем Іран нанясе ўдар. Падставай для чарговай эскаляцыі на Блізкім Усходзе стала забойства 31 ліпеня ў Тэгеране кіраўніка палітбюро ХАМАС Ісмаіла Ханіі. Адказнасьць за гэта ніхто на сябе ня ўзяў, але Іран абвінаваціў Ізраіль і паабяцаў адпомсьціць.

Помстай Ізраілю пагражае і лібанская «Хезбала», чый вайсковы кіраўнік Фуад Шукр быў забіты ў Бэйруце за дзень да Ханіі. У адрозьненьне ад таго, што адбылося ў Тэгеране, Ізраіль узяў на сябе адказнасьць за забойства Шукра, адзначыўшы, што гэта быў адказ на гібель дзяцей у паселішчы на Галянскіх вышынях.

Крыніцы Reuters у Лібане паказваюць, што «Хезбала», як і Іран, гатовая «даць шанец перамовам», але не адмаўляецца ад свайго намеру адпомсьціць Ізраілю. Адначасова кувэйцкая газэта «Аль-Джарыда» піша пра рознагалосьсі Ірану са сваімі ценявымі арганізацыямі. Іран нібыта просіць пачакаць да канца перамоваў, а ХАМАС, «Хезбала», хусіты і праірацкія групоўкі патрабуюць ударыць па Ізраілі на ўсіх франтах адначасова. Таму ў Тэгеране асьцерагаюцца, што ня змогуць кантраляваць працэс.

У той жа час у ізраільскіх элітах усё часьцей паўстае пытаньне пра непазьбежнасьць маштабнай вайны ў Лібане, каб адсунуць «Хезбалу» ад мяжы з Ізраілем і спыніць абстрэлы зь яе боку. Міжнародныя пасярэднікі цягам месяцаў спрабуюць не дапусьціць такога разьвіцьця падзей, але сытуацыя толькі пагаршаецца. Многія палітычныя аналітыкі лічаць, што калі «Хезбала» пашырыць радыюс абстрэлу Ізраілю або атакуе стратэгічна важны аб’ект на яго тэрыторыі, у ізраільскага кіраўніцтва будуць разьвязаныя рукі. Тое самае тычыцца і Ірану. Ізраіль абавязкова адкажа на ўдар.

Аналягічная сытуацыя была ў красавіку, калі Іран упершыню ў гісторыі наўпрост атакаваў Ізраіль. Тады ніхто не загінуў, і пасярэднікам удалося пераканаць абодва бакі «не пераходзіць межаў». Але паступова падзеі на Блізкім Усходзе становяцца ўсё менш кантраляванымі. Вялікая вайна можа закрануць адразу некалькі краін у рэгіёне, уцягнуць у баявыя дзеяньні ЗША, а таксама, магчыма, Расею, чые вайскоўцы прысутнічаюць у Сырыі. Такога сцэнару ніхто ня хоча, уключаючы Ізраіль, Іран і «Хезбалу».

На гэтым фоне ЗША і яшчэ некалькі заходніх пасярэднікаў прапанавалі плян урэгуляваньня: пагадненьне аб спыненьні агню ў сэктары Газа ў абмен на адмову Ірану і «Хезбалы» ад помсты Ізраілю. І ў Бэйруце, і ў Тэгеране разумеюць, што наступствы вялікай вайны могуць быць вельмі цяжкімі, у той час як адмову ад помсты іранскія ўлады і «Хезбала» могуць паднесьці народу як сваю перамогу. Улічваючы, што «Хезбала» неаднаразова абяцала спыніць атакі на Ізраіль, калі спыніцца вайна ў Газе, шанец на поспех у прапанаванага пляну ёсьць.

Некаторыя крыніцы кажуць, што Іран, нягледзячы на няўдзел у перамовах, можа ўплываць на ХАМАС, ёсьць зьвесткі, што іранцы праяўляюць цікавасьць да заходніх прапановаў.

Яшчэ адзін важны момант на карысьць тэрміновай угоды — хуткі сыход адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША, пакуль не відавочна, але амэрыканская перамоўная каманда можа зьмяніцца, як і акцэнты ў палітычнай лініі, якая прасоўваецца Белым домам.

Але галоўнае, што час сыходзіць і для жыхароў самога сэктару Газа, і для ізраільскіх закладнікаў, якія там утрымліваюцца. Згодна са зьвесткамі Міністэрства аховы здароўя Газы, у сэктары загінулі больш за 40 тысяч чалавек, большасьць зь іх — жанчыны і дзеці. Ізраіль з гэтай ацэнкай ня згодны і сьцьвярджае, што яна завышаная. Міжнародная супольнасьць таксама рэгулярна выказваецца пра пагаршэньне гуманітарнай сытуацыі.

Усе названыя чыньнікі прымушаюць гаварыць пра перамовы ў Досе як пра «апошні шанец» спыніць буйную вайну ў рэгіёне.

Што прапаноўваюць пасярэднікі?

Эгіпет, Катар і ЗША выступілі з сумеснай заявай. Яна ўтрымлівае так званы трохэтапны «плян Байдэна».

Першы этап разьлічаны на шэсьць тыдняў і ўключае:

  • спыненьне агню ў сэктары Газа;
  • вывад ізраільскіх сілаў з усіх населеных раёнаў;
  • вяртаньне часткі закладнікаў, якіх трымае ХАМАС (жанчын, дзяцей, пажылых людзей і параненых);
  • вызваленьне з ізраільскіх турмаў сотняў палестынскіх зьняволеных;
  • павелічэньне аб’ёмаў гуманітарнай дапамогі сэктару Газа.

Меркавалася таксама, што на першым этапе ўгоды палестынцы ў Газе змогуць вярнуцца ў свае дамы, у тым ліку на поўнач сэктару. На гэтым жа этапе павінны распачацца перамовы аб бестэрміновым спыненьні агню.

Другі этап уключае ў сябе:

  • поўнае спыненьне ўсіх ваенных дзеяньняў;
  • паўнавартасны вывад ізраільскіх сілаў з астатніх раёнаў сэктару Газа;
  • вызваленьне ўсіх ізраільскіх закладнікаў, якія яшчэ жывыя, у тым ліку ізраільскіх вайскоўцаў;
  • вызваленьне астатніх палестынскіх зьняволеных.

На трэцім этапе пляну галоўнае:

  • аднаўленьне сэктару Газа, уключна з пабудовай новых школаў і лякарняў;
  • вяртаньне ўсіх целаў загінулых ізраільскіх закладнікаў.

Пры гэтым ёсьць агаворка — «плян Байдэна» нідзе афіцыйна не публікавалі, і ён складзены ў такой форме дзякуючы выцекам у прэсу. Пры гэтым застаецца шмат пытаньняў — колькі закладнікаў дакладна вызваляць і хто ў выпадку выхаду Ізраілю з рэгіёну будзе кантраляваць сэктар Газа.

Байдэн ужо пісаў у сацсетцы X пра тое, што бакам удалося прыйсьці да папярэдняга пагадненьня, аднак затым рознагалосьсі праявіліся зноў.

Чаго хоча ХАМАС?

Ізраіль запэўнівае, што ХАМАС унёс 29 зьмяненьняў у плян. Якіх менавіта, не ўдакладняецца. Галоўнае ў пазыцыі руху, прызнанага тэрарыстычным, на працягу месяцаў застаецца нязьменным: поўны сыход Ізраілю з сэктару Газа. Мяняліся толькі дэталі. ХАМАС то адмаўляўся пачынаць перамовы аб угодзе да спыненьня Ізраілем ваеннай апэрацыі, то выказваў гатоўнасьць адмовіцца ад гэтага патрабаваньня.

Цяпер пазыцыя ХАМАСу зноў стала жорсткай. Гэта адбылося пасьля абраньня Ях'і Сінвара новым кіраўніком палітбюро руху. Яго лічаць галоўным натхняльнікам і арганізатарам атакі баевікоў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023, які справакаваў далейшую вайну.

У кожным выпадку Ях’я Сінвар, як сьцьвярджае саудаўскі тэлеканал «Аль-Шарк», загадзя абазначыў свае «чырвоныя рысы», зь якімі пасярэднікі могуць працаваць і без прысутнасьці дэлегацыі ХАМАС:

  • забесьпячэньне пастаяннага спыненьня агню, а такім чынам — «спыненьне вайны»;
  • вяртаньне вымушаных перасяленцаў у свае раёны;
  • вывад ізраільскай арміі з сэктару Газа;
  • гарантыі аднаўленьня сэктару Газа пасьля вайны;
  • «прымальная» ўгода па абмене палоннымі.

Наконт апошняга пункту вядома, што ХАМАС патрабуе вызваліць «усіх лідэраў палестынскіх рухаў, якіх арыштавалі на надуманых падставах і трымаюць у ізраільскіх турмах дзесяцігодзьдзямі», а таксама ўсіх затрыманых жанчын і непаўналетніх, асабліва тых, хто быў арыштаваны пасьля 7 кастрычніка 2023 году.

Сярод тых, каго хоча вызваліць Сінвар, — адзін з кіраўнікоў руху ФАТХ Марван Баргуці і генэральны сакратар Народнага фронту вызваленьня Палестыны Ахмэд Саадат. Баргуці быў прыгавораны ізраільскім судом у 2004 годзе да пяці пажыцьцёвых тэрмінаў па абвінавачаньні ў забойстве пяці чалавек з дапамогай арганізацыі тэрактаў. Саадат быў асуджаны на 30 гадоў у 2008 годзе за арганізацыю забойства міністра турызму Ізраілю Рэхавама Зеэві.

Важна таксама дадаць, што Баргуці — самы папулярны палестынскі палітык, і, паводле апытаньняў грамадзкай думкі, у выпадку яго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах у Палестынскай аўтаноміі яму ня зможа скласьці канкурэнцыю ніводзін з кандыдатаў, да якога б руху яны ні належалі.

Арабістка адзначае, што для Сінвара вызваленьне Баргуці і Саадата мае глыбокае палітычнае значэньне. Гэтым Сінвар фактычна зробіць важны крок, каб прадэманстраваць клопат пра «агульнапалестынскія інтарэсы»: кіраўнік ХАМАС спрычыняецца да вызваленьня з турмы правадыроў ФАТХ, хоць два рухі знаходзяцца ў даўнім і буйным канфлікце. Такое вызваленьне можа прывесьці да прымірэньня Газы з Заходнім берагам і спыніць раскол сярод палестынскіх арабаў.

Якая пазыцыя ў Ізраілю?

Напярэдадні чарговага раўнду перамоваў амэрыканская газэта The New York Times паведаміла са спасылкай на атрыманыя дакумэнты, што ў канцы ліпеня прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу перадаў пасярэднікам пяць новых умоваў да базіснай угоды, агучанай Байдэнам. Зь іх у тэксьце згадваюцца два пункты.

Па-першае, ізраільскія сілы павінны захаваць кантроль над паўднёвай мяжой сэктару Газа — Філядэльфійскім калідорам. Гэтая дэталь, як сьцьвярджаецца, не была ўключаная ў «плян Байдэна». У ім гаварылася, што ізраільскія войскі будуць выведзеныя на ўсход ад густанаселеных раёнаў уздоўж межаў усяго сэктару Газа.

Акрамя таго, Ізраіль патрабуе стварыць мэханізм надгляду палестынцаў, якія хочуць вярнуцца ў свае дамы на поўначы сэктару пасьля спыненьня баявых дзеяньняў, каб не дапусьціць адраджэньня ў гэтым раёне тэрарыстычных структураў. NYT сьцьвярджае, што ў «пляне Байдэна» агаворвалася, што тыя, хто вяртаецца ў свае дамы, не павінны насіць зброю, але з дакумэнту быў прыбраны пункт аб праверцы на яе наяўнасьць. Цяпер Ізраіль вырашыў вярнуцца да гэтага патрабаваньня.

У камэнтары для NYT кабінэт Нэтаньягу не аспрэчваў сапраўднасьці дакумэнтаў, але адмаўляў, што прэм’ер дадаў да «пляну Байдэна» новыя ўмовы. Падкрэсьліваецца, што размова ідзе толькі пра жаданьне зрабіць больш дакладнымі некаторыя зь яго пунктаў.

Спрэчка ідзе вакол самых розных пытаньняў: гэта і мэханізм надгляду перамешчаных асоб, і Філядэльфійскі калідор. Так, 10 ліпеня міністар абароны Ізраілю Яаў Галянт заявіў, што ізраільскае войска можа пакінуць калідор на мяжы сэктару Газа з Эгіптам, калі там будуць забясьпечаныя ўмовы для спыненьня кантрабанды зброі. Перамовы на гэтую тэму вядуцца з Эгіптам цягам некалькіх месяцаў.

У чым адзіныя ўсе ізраільскія афіцыйныя асобы, дык гэта ў жаданьні дамагчыся ад ХАМАС вызваленьня як мага большай колькасьці закладнікаў ужо на першым этапе. Днямі Яаў Галянт паведаміў, што цяпер абмяркоўваецца лёс ад 20 да 35 чалавек.

Але перад Нэтаньягу — пагроза развалу кіроўнай кааліцыі ў выпадку прыняцьця ўгоды. Міністар нацыянальнай бясьпекі Ізраілю Ітамар Бэн-Гвір заклікаў улады не накіроўваць дэлегацыю на перамовы, а замест гэтага «паставіць на калені» ХАМАС. Раней Бэн-Гвір, а таксама міністар фінансаў Бэцалель Смотрыч пагражалі Нэтаньягу пакінуць кааліцыю ў выпадку прыняцьця ўгоды.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG