У рамках візыту 13 жніўня начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Мінабароны Беларусі генэрал-маёр Леанід Касінскі і начальнік дэпартамэнту СМІ Генштабу Ўзброеных сіл Ірану палкоўнік Маджтаба Абдалмалекі абмеркавалі «пытаньні ўзаемадзеяньня ў інфармацыйнай сфэры», паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.
Таксама ў першы дзень візыту іранская дэлегацыя наведала тэлекампанію Мінабароны «ВаенТБ» і пабывала з экскурсіяй у Беларускім дзяржаўным музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, зазначае беларускае абароннага ведамства.
Бягучы візыт праходзіць на фоне пагрозаў Тэгерану ў адрас Ізраілю адпомсьціць за забойства аднаго зь лідэраў палестынскай групоўкі ХАМАС Ісмаіла Ханіі. Іран усклаў адказнасьць за забойства Ханіі на Ізраіль.
Гэта ўжо трэці афіцыйны візыт па лініі абаронных ведамстваў Беларусі і Ірану за апошнія два тыдні. Агулам Беларусь і Іран сёлета ладзяць актыўныя кантакты і супрацоўніцтва.
- У лістападзе 2023 году прайшло першае паседжаньне беларуска-іранскай міжведамаснай камісіі па вайсковым супрацоўніцтве.
- У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сіл Ірану Сеед Галандары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў канцы красавіка — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Узброеных сіл Мэхдзі Джафары.
- 27 красавіка 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Махамадам Аштыяні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацоўніцтва з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Аштыяні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерана да больш шчыльнага супрацоўніцтва зь Менскам».
- У пачатку траўня стала вядома, што беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі 2024», якія прайшлі ў Тэгеране.
- 16 траўня ў Мінабароны Беларусі ўпершыню з моманту ўстанаўленьня беларуска-іранскіх дыпляматычных адносінаў (у 1993 годзе) акрэдытавалі вайсковага аташэ пры амбасадзе Ірану ў Расеі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) — капітана першага рангу Рэза Хасраві Магадам.
- Дыялёг паміж Менскам і Тэгеранам «на ўсіх узроўнях упэўнена пашыраецца», заявіў Аляксандар Лукашэнка, віншуючы 6 ліпеня 2024 году Пэзэшкіяна зь перамогай на выбарах прэзыдэнта Іранe, і запрасіў яго ў Беларусь. Лукашэнка наведваў Іран у сакавіку 2023 году.
- 30 ліпеня старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергеенка прыняў удзел у інаўгурацыі новага прэзыдэнта Ірану Масуда Пэзэшкіяна, а пасьля сустрэўся зь ім і абмеркаваў далейшае супрацоўніцтва.
- 31 ліпеня дэлегацыя Мінабароны і падтрымкі Ўзброеных сіл Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацоўніцтва ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
- 7 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі генэрал-маёр Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўнакамандуючым Арміяй Ірану генэрал-маёрам Абдулрахімам Мусаві і камандуючым ВПС Ірану брыгадным генэралам Хамідам Вахедзі.
Форум