Экспэрты Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ), якія знаходзяцца на тэрыторыі Запароскай АЭС, зьвярнуліся да Расеі з просьбай даць доступ да месца пажару на адным з аб’ектаў станцыі.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце МАГАТЭ, генэральны дырэктар арганізацыі Рафаэль Гросі пацьвердзіў, што ніякага ўплыву здарэньня на ядзерную бясьпеку няма.
У паведамленьні адзначаецца, што экспэрты былі сьведкамі «густога цёмнага дыму, які ішоў з паўночна-заходняга раёну станцыі, а перад гэтым чулі некалькі выбухаў». Ім паведамілі пра атаку бесьпілётніка на адну з ахаладжальных вежаў заводу 11 жніўня.
«Каб высьветліць маштаб і магчымую прычыну гэтага здарэньня, місія падтрымкі і спрыяньня МАГАТЭ ў Запарожжы (ISAMZ) просіць неадкладнага доступу да вежы для ацэнкі шкоды», — адзначылі ў арганізацыі.
Намесьніца міністра энэргетыкі Ўкраіны Сьвятлана Грынчук заявіла, што паводле маніторынгу, росту радыяцыйнага фону не назіраецца.
«Мы таксама чакаем навін ад місіі МАГАТЭ, якая знаходзіцца на ЗАЭС, у той жа час безупынна кантралюем пры дапамозе нашых маніторынгавых сыстэмаў радыяцыйны фон. Пакуль што не зафіксавалі ніякіх ані выкідаў, ані скідаў. Будзем спадзявацца, што далей гэтая сытуацыя ня будзе разьвівацца ў бок тэхнагеннай катастрофы», — сказала Сьвятлана Грынчук у этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Дзьве ахаладжальныя вежы Запароскай атамнай электрастанцыі разьмяшчаюцца па-за пэрымэтрам станцыі з паўночнага боку вадаёму-ахаладжальніка. Цяпер станцыя не працуе. У МАГАТЭ падкрэсьлілі, што пашкоджаньні вежы «непасрэдна не ўплываюць на бясьпеку шасьці адключаных блёкаў», хоць усякі пажар на пляцоўцы або паблізу яе нясе рызыку распаўсюджваньня агню на неабходныя для бясьпекі аб’екты.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС у пачатку сакавіка 2022 году.
Тэрыторыя станцыі пэрыядычна зазнае абстрэлы, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.
Сёлета 11 ліпеня Генэральная Асамблея ААН 11 ліпеня ўхваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, а таксама з Запароскай атамнай электрастанцыі.
Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.
Форум