Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пагражае Ўкраіне закрыцьцём амбасады. Украінскі бок пакуль не камэнтуе


24 лютага 2023 году. У амбасадзе Ўкраіны ў Менску правялі мерапрыемства з нагоды гадавіны пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Ілюстрацыйнае фота.
24 лютага 2023 году. У амбасадзе Ўкраіны ў Менску правялі мерапрыемства з нагоды гадавіны пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Ілюстрацыйнае фота.

Часовай паверанай у справах Украіны ў Беларусі Вользе Цімуш уручана нота з «рашучым пратэстам» у сувязі з «парушэньнем мяжы» Беларусі «групай бесьпілётных лятучых апаратаў, запушчаных з тэрыторыі Ўкраіны», паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Менск запатрабаваў «прыняць вычарпальныя меры для выключэньня ў будучым такіх інцыдэнтаў, якія могуць прывесьці да далейшай эскаляцыі сытуацыі ў рэгіёне», паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Цімуш папярэджаная, што «ў выпадку паўтарэньня такіх правакацый беларускі бок пакідае за сабой права зрабіць крокі ў адказ для абароны сваёй тэрыторыі».

«Асабліва было ўказана на тое, што калі дыпляматычнае прадстаўніцтва Ўкраіны ў Беларусі ня зможа ўплываць на прадухіленьне такіх правакацый, беларускім бокам будзе пастаўлена пытаньне пра мэтазгоднасьць яго далейшай прысутнасці ў Менску», — гаворыцца ў паведамленьні.

У МЗС Украіны пакуль не камэнтуюць сытуацыю

  • 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Узброеныя сілы Ўкраіны ў нібыта парушэньні паветранай прасторы Беларусі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускія войскі зьбілі некалькі цэляў. Неўзабаве пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўказанане Лукашэнкі ўзмацняецца групоўка войскаў «на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках з мэтай рэагаваньня на любыя магчымыя правакацыі».
  • Лукашэнка ў гэты ж дзень упершыню згадаў падзеі ў Курскай вобласці РФ, куды ў ноч на 6 жніўня зайшлі ўкраінскія войскі, якія ў далейшым усталявалі кантроль над шэрагам населеных пунктаў. Пасля яго слоў МЗС Беларусі выказала занепакоенасьць сытуацыяй у гэтым расейскім рэгіёне і салідарызавалася зь яго жыхарамі, а таксама асудзіла Ўкраіну за «бессэнсоўную авантуру».
  • Адметна, што ў сытуацыі, якая склалася ў Курскай вобласці, расейская прапаганда абвінавачвала ў тым ліку Лукашэнку, які раней загадаў адвесьці войскі ад мяжы з Украінай, з прычыны чаго ўкраінскія фарміраваньні, што нібыта знаходзіліся з іншага боку, вызваліліся для правядзеньня апэрацыі ў РФ.
  • У ноч з 30 на 31 ліпеня адбылося ўваходжаньне ў паветраную прастору Беларусі дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед», якімі Расея атакуе Ўкраїну: на тэрыторыю краіны заляцела ня менш як пяць дронаў, заявіла маніторынгавая група «Беларускі гаюн». Тады ў Беларусі ніяк не рэагавалі на ўваходжанне расейскіх дронаў на тэрыторыю краіны.
  • Аляксандр Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 года, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG