Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь будзе выкарыстоўваць права на самаабарону». Пасьля Лукашэнкі пра «правакацыі на мяжы» выказаўся і МЗС Беларусі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Парушэньне мяжы 9 жніўня групай «запушчаных з тэрыторыі Украіны ўдарных бесьпілётных лятучых апаратаў», якая «была зьбітая сіламі СПА», — гэта «вельмі сур’ёзны інцыдэнт, які не застанецца без належнай міжнародна-прававой і субстантыўнай ацэнкі», зьявіўся камэнтар МЗС Беларусі, які цытуе «Позірк».

Гэтыя «злачынныя дзеяньні», адзначыла зьнешнепалітычнае ведамства, «радыкальна эскалююць сытуацыю і ўяўляюць сабой небясьпечную спробу расшыць зону наяўнага ў <...> рэгіёне канфлікту».

«Пры гэтым далучыць спрабуюць Беларусь, якая нязьменна выступае за ўрэгуляваньне крызісу і спыненне кровапраліцьця, — заяўлена ў камэнтары. — Такія крокі робяцца украінскім кіраўніцтвам пры відавочным папушчальніцтве або нават падбухторваньні вядомых зьнешніх гульцоў. Рашуча заклікаем гэтыя бакі перадумаць і спыніцца».

Звяртаючыся да «народаў суседняй Эўропы», МЗС папярэдзіла, што «ў выпадку пашырэньня канфлікту пажар ахопіць увесь рэгіён і перакінецца ў тым ліку на краіны ЭЗ» — «пераможцаў ня будзе» — і заклікаў «астудзіць сваіх ваяўнічых палітыкаў».

«У сувязі з небясьпекай сытуацыі і глябальнымі рызыкамі МЗС Беларусі неадкладна давядзе падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт да профільных структур ААН і АБСЭ, а таксама да членаў міжнародных арганізацый і аб’яднаньняў, удзельнікам якіх зьяўляецца Рэспубліка Беларусь, — паведаміла ведамства. — Намі таксама будуць ініцыяваныя адпаведныя кансультацыі са сваімі саюзьнікамі і партнэрамі, а таксама па лініі міжнародных структур».

«Зразумела, Беларусь будзе ў поўнай меры выкарыстоўваць сваё права на самаабарону і належным чынам адказваць на любыя правакацыі або варожыя дзеяньні», — гаворыцца ў камэнтары.

  • 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Узброеныя сілы Ўкраіны ў нібыта парушэньні паветранай прасторы Беларусі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускія войскі зьбілі некалькі цэляў. Неўзабаве пасля гэтага міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўказаньне Лукашэнкі ўзмацняецца групоўка войскаў «на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках з мэтай рэагаваньня на любыя магчымыя правакацыі».
  • Лукашэнка ў гэты ж дзень упершыню згадаў падзеі ў Курскай вобласці РФ, куды ў ноч на 6 жніўня зайшлі ўкраінскія войскі, якія ў далейшым усталявалі кантроль над шэрагам населеных пунктаў. Пасля яго слоў МЗС Беларусі выказала занепакоенасьць сытуацыяй у гэтым расейскім рэгіёне і салідарызавалася зь яго жыхарамі, а таксама асудзіла Ўкраіну за «бессэнсоўную авантуру».
  • Адметна, што ў сытуацыі, якая склалася ў Курскай вобласьці, расейская прапаганда абвінавачвала ў тым ліку Лукашэнку, які раней загадаў адвесьці войскі ад мяжы з Украінай, з прычыны чаго ўкраінскія фарміраваньні, што нібыта знаходзіліся з іншага боку, вызваліліся для правядзення апэрацыі ў РФ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG