Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іх было каля дзясятка». Лукашэнка заявіў пра зьнішчэньне некалькіх «паветраных цэляў з Украіны» над Беларусьсю

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі паветраных цэляў над тэрыторыяй Беларусі, якія ляцелі з тэрыторыі Ўкраіны.

Гэтую заяву Лукашэнка зрабіў 10 жніўня падчас нарады па сельскагаспадарчых пытаньнях у Магілёўскай вобласьці.

Як сьцьвярджае Лукашэнка, 9 жніўня а 18.10 вечара сілы Вайскова-паветраных сілаў і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя Сілы Ўкраіны.

«Узброеныя Сілы Ўкраіны парушылі ўсякія правілы паводзінаў і парушылі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь. На ўсходнім напрамку, зусім побач ад нас у раёне Касьцюковіцкага раёну. Таму сілы СПА былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць на перахоп цэляў. Іх было каля дзясятка. Вылецелі самалёты, верталёт. І таксама сродкі РСЗА былі прыведзеныя ў падвышаную баявую гатоўнасьць», — прыводзіць словы Лукашнкі «Пул первого».

Міністар абароны Віктар Хрэнін пасьля гэтага паведаміў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках.

Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19.04 сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі. Астатнія цэлі, паводле Лукашэнкі, перадалі Расеі, і іх, паводле Генштабу Расеі, паразілі пад Яраслаўлем.

«Уначы і сёньня з раніцы адбываецца пошук таго, што было зьнішчана. Мы падазраём, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі. Парушыўшы паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны», — заявіў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка прыгразіў Украіне «адказам».

«Навошта гэта Ўкраіне, я не разумею. Нам трэба разабрацца. Але мы, як я казаў, дакладна вызначаліся зь імі і давялі да іх гэтую інфармацыю, што без адказу любыя правакацыі не застануцца», — заявіў Лукашэнка.

Акрамя гэтага, ён абвінаваціў Украіну ў у тым, што яна нібыта «працягвае эскаляцыю напружанасьці», і згадаў у сувязі з гэтым атаку на Курскую вобласьць Расеі. У сувязі з гэтым з вуснаў Лукашэнкі прагучала заява, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны на курскім напрамку «прасунуліся на некалькі дзясяткаў кілямэтраў, на 30-35, і ўжо сёння закопваюцца там».

Украіна пакуль не камэнтавала заявы Лукашэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG