«Idel.Рэаліі» аднаўляюць храналёгію зьняволеньня Алсу і ўспамінаюць, што яна пісала зь сьледчага ізалятару.
Журналістка Татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава летась ў траўні прыехала ў родны горад, Казань, наведаць хворую маці. У пачатку чэрвеня яна мерылася паляцець дадому ў Прагу, аднак у аэрапорце сталіцы Татарстану Алсу затрымалі сілавікі. У яе сканфіскавалі абодва пашпарты і тэлефон. Праз пару дзён на журналістку завялі крымінальную справу аб непаведамленьні аб другім грамадзянстве — у Алсу расейскі і амэрыканскі пашпарты.
Так званае расьсьледаваньне справы зацягнулася на некалькі месяцаў. Толькі ў кастрычніку 2023 году судзьдзя ў Казані прызнаў журналістку вінаватай і прызначыў ёй штраф у 10 тысяч рублёў (каля 116,57 даляра). Алсу рыхтавалася да вяртаньня дадому — да дзьвюх дачок і мужу.
Аднак праз тыдзень пасьля абвяшчэньня прысуду журналістку зноў затрымалі. Яе даставілі ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту, дзе паведамілі, што супраць яе завялі крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 330.1 КК РФ («Невыкананьне ўстаноўленага заканадаўствам РФ абавязку падаваць ува ўпаўнаважаны орган дакумэнтаў, неабходных для ўключэньня ў рэестар іншаземных агентаў, учыненае асобай, якая вядзе мэтанакіраваны збор зьвестак у галіне вайсковай, вайскова-тэхнічнай дзейнасьці РФ, якія пры іх атрыманьні замежнымі крыніцамі могуць быць выкарыстаныя супраць бясьпекі РФ»).
Алсу на некалькі дзён зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Толькі 23 кастрычніка Савецкі раённы суд Казані задаволіў хадайніцтва сьледзтва і зьмясьціў журналістку ў сьледчы ізалятар.
Першы ліст ад Алсу з СІЗА яе сябры атрымалі празь некалькі дзён пасьля затрыманьня.
— Што ў мяне ўнутры? Сёньня плачу першы раз з таго часу, як... Нават ня ведаю, дзе пачынаецца пункт адліку. Я не чакала ні лістоў, ні пасылак, праўду кажучы. А калі ўсё прыйшло нечакана, я не вытрымала. Усё расчуліла. Асабліва мяцёлка зь яршком. Кава з халвой — гэта кава па-татарску! — пісала Алсу.
У першым жа лісьце з СІЗА журналістка таксама расказала, што займаецца ёгай, шмат піша, чытае кнігі і дзякуе ўсім, хто ёй дапамагае.
— На прагулку сёньня нас вывелі на пляцоўку чатыры на шэсьць мэтраў. Мы прабеглі 40 кругоў, каб наблізіцца хаця б да 1000-мэтроўкі. Потым была расьцяжка, прысяданьні. Назорца быў вельмі зьдзіўлены. Мабыць, такое бывае рэдка, — апавядала ў лістападзе 2023 года Алсу.
У наступных лістах яна некалькі разоў скардзілася на холад у чатырохмясцовай камэры.
— Усё, чым вы ўсё займаецеся, — самае патрэбнае і важнае цяпер. Ці п’яце вы каву ці робіце дзірку ў сьцяне пэрфаратарам, каб павесіць шафу, — рабіце гэта цяпер, — пісала Алсу.
У сьнежні муж журналісткі Павел Буторын у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» расказваў, што «Алсу ўсьведамляла рызыкі, зь якімі магла быць зьвязана паездка ў Расею».
— Гэта было няпростае рашэньне, — успамінаў Буторын. — Але Алсу ня толькі клапатлівая маці сваіх дзяцей, яна і адданая дачка. І яна прыняла рашэньне паехаць у Расею, каб дапамагчы сваёй хворай маці. Мы разумелі, што гэта ў пэўным сэнсе рызыкоўна, але ня думалі, што яна апынецца за кратамі. Калі яе затрымалі 2 чэрвеня пры выезьдзе з краіны, да яе адразу палезьлі ў сумку па амэрыканскі пашпарт. Нам адразу было зразумела, што гэта ўсё праз тое, што яна амэрыканская грамадзянка.
Буторын тады меркаваў, што такое доўгае расьсьледаваньне першай крымінальнай справы зьвязана з тым, што сілавікі «магчыма, чакалі ўказаньня з Масквы і, відаць па ўсім, спрабавалі выстраіць нейкую больш сурʼёзную справу».
Празь некалькі дзён пасьля публікацыі інтэрвію стала вядома, што Сьледчы камітэт завёў у дачыненьні да Алсу Курмашавай яшчэ адну крымінальную справу — аб распаўсюджваньні «ваенных фэйкаў». Журналістку абвінавацілі ў распаўсюджваньні кнігі «Не — вайне. 40 гісторыяў расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ўва Ўкраіну», якую рэдакцыя «Idel.Рэаліі» прэзэнтавала восеньню 2022 году.
— Гэта зборнік кароткіх апавяданьняў расейцаў, якія ня хочуць, каб іхная краіна ваявала з Украінай, — казаў у сярэдзіне сьнежня Буторын. — Я, вядома, не юрыст, але Канстытуцыю РФ змог у інтэрнэце знайсьці: «Кожнаму гарантуецца свабода думкі і слова». «Кожны мае права свабодна шукаць, атрымліваць, перадаваць, вырабляць і распаўсюджваць інфармацыю ўсякім законным чынам». «Гарантуецца свабода масавай інфармацыі». «Цэнзура забараняецца». Нават у Расеі грамадзяне маюць права выказвацца. А журналісты маюць права гэтыя выказваньні зьбіраць і публікаваць.
Яшчэ да завядзеньня крымінальнай справы аб «ваенных фэйках» Алсу ў лісьце блізкім пісала, што часьцяком у яе чатырохмясцовай камэры знаходзяцца больш людзей. Паводле яе, новых сукамерніц маглі падсяліць сярод ночы, а спальных месцаў у камэры толькі чатыры.
Ужо ў сьнежні Алсу пісала: «Нават ня верыцца, што ўжо будзе два месяцы. Кожная хвіліна шнарам застаецца ўва мне і ў вас».
Пасьля трох месяцаў зьняволеньня журналістка пісала, што «зьмянілася ўсё».
— Зьмянілася я, зьмяніліся вы, зьмяніліся вашыя лісты. Пасьля працяглага перапынку я атрымала дзясяткі лістоў, якія вы напісалі падчас сьвятаў. Яны такія ўсьвядомленыя, вы даверылі мне свае страхі, вы вырашылі не абстрагавацца ад усяго, а падзяліцца са мной, пакуль астатнія даядалі аліўе. Гэта неацэнна, — пісала Алсу ў сваім лісьце ад 18 студзеня.
Яна таксама расказала, ці не шкадуе аб сваёй паездцы ў Казань у траўні летась.
— Вы захапляецеся маёй сьмеласьцю, што я прыехала да сябе дадому (!) у «такі час». Але мы жывем цяпер — і «іншага» часу ў нас ня будзе. «Час», вядома, будзе, але можа ня быць кагосьці з блізкіх, каму патрэбная дапамога сёньня. Мне ніхто ня верне трох месяцаў майго жыцьця, якія я правяла ня там, дзе павінна была б. Я адказная за сваю сямʼю. За малалетніх дзяцей, за састарэлую маці. У маім жыцьці і ў вашым больш ня будзе такога дня, як 18 студзеня 2024 году. Што мы зрабілі сёньня? Каму адчынілі дзьверы? Бо заўтра ўжо будзе заўтра, і ўсё будзе інакш. Сёньня ў мяне на стале вашыя паштоўкі з выявай адчыненых дзьвярэй і вокнаў. Вы моцныя і ўпэўненыя ў сабе. Вы абавязкова знойдзеце правільныя для сябе адказы на вашыя пытаньні. Адчыніце дзьверы для сябе і іншых, ня трэба гэтага баяцца. Я вам вельмі ўдзячная, — напісала Алсу Курмашава.
Журналістка пісала, што атрымала шмат лістоў і паштовак з Прагі, Парыжу, Аўстрыі, Нямеччыны і ЗША: «Гэта ўсё так міла. Неяк нават неймаверна. Усё ішло амаль месяц, але дайшло».
13 студзеня Алсу напісала, што да яе дайшлі некалькі лістоў ад блізкіх. «Значыць, плынь лістоў больш-менш наладжваецца. Мне было вельмі цяжка бязь іх. Насамрэч усё робіцца павольна, але стабільна невыносьней. Адкуль бяру сілы? Імкнуся не марнаваць».
Павел Буторын расказваў журналістам, што дочкі «цяжка перажываюць» зьняволеньне маці.
— Ніхто ня хоча вырастаць дачкой палітвязьня. Нічога добрага ў гэтым званьні няма. Гэта вельмі цяжкі час для нашай сямʼі. Але я ўдзячны іхным сябрам, настаўнікам. Яны зараз вельмі занятыя сваёй школай, сваімі хобі — абедзьве вельмі добра граюць на гітары. І гэта, вядома, дапамагае ў нейкай ступені спраўляцца з жахлівай сытуацыяй. Яны ўжо больш за паўгода бяз мамы. Алсу ўжо больш за месяц ня чула галасоў сваіх дзяцей.
Муж Алсу казаў, што размаўляе зь дзецьмі аб заключэньні Алсу «штодзень»: «Калі-нікалі нават занадта часта. Так, у школе яны хочуць быць як усе — яны ж падлеткі. Але дома галоўная тэма нашых размоваў — гэта Алсу».
Сябры Алсу зь першых дзён яе зьняволеньня выпісалі журналістцы розныя газэты, большасьць з якіх на татарскай мове.
Першага красавіка, на судовым паседжаньні аб падаўжэньні меры стрыманьня, Алсу фактычна ўпершыню зрабіла заяву для журналістаў. Яна расказала, што ў яе «абвастрыліся пэўныя дыягназы», ёй «ня вельмі добра фізычна, бытавыя ўмовы вельмі дрэнныя».
«У мяне няма магчымасьці сачыць за сваім здароўем», — сказала Алсу. На ўдакладняльнае пытаньне, ці аказваюць ёй мэдычную дапамогу, журналістка адказала: «Мінімальную».
— Рана ці позна я выйду адсюль, надзеўшы свае белыя ўборы. І буду піць гарбату з малаком з асаблівай падзякай, ведаючы, што гэтае задавальненьне таксама неацэннае. Але як будуць пачувацца тыя, хто паддаў мяне і маіх блізкіх такому выпрабаваньню? Ці змогуць сьмела падымаць свае вочы судзьдзі, якія скрозь зубы чыталі мне прысуд? Як будуць жыць тыя, хто, саджаючы мяне — маці дваіх дзяцей — разлучыў нас надоўга? Як яны будуць будаваць сваё жыцьцё далей? — задавалася пытаньнем Алсу ў лісьце ў рэдакцыю газэты «Безнең гәҗит».
Муж Алсу Павел Буторын прыклаў шмат намаганьняў, каб прыцягнуць увагу ў ЗША да справы ягонай жонкі. Ён разам з дочкамі сустракаўся з амэрыканскімі кангрэсмэнамі, сэнатарамі, службоўцамі й грамадзкімі дзеячамі.
У канцы красавіка прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў Уладзіміра Пуціна вызваліць Алсу Курмашаву, а таксама журналіста The Wall Street Эвана Гершкавіча.
«Журналістыка — зусім не злачынства», — падкрэсьліў ён.
Празь месяц, 31 траўня, Алсу зноў выступіла перад журналістамі на паседжаньні суду аб падаўжэньні меры стрыманьня. Яна паказала дзіцячыя малюнкі, якія ёй даслалі поштаю.
— Мне незалежна адзін ад аднаго бацькі даслалі малюнкі сваіх дзяцей. Я ня ведаю гэтых людзей. Вось гэта малюнак трохгадовай дзяўчынкі з Санкт-Пецярбургу, а вось гэта малюнак амэрыканскага хлопчыка. Бацькі папрасілі іх намаляваць свабоду, шчасьце, радасьць, і вось дзеці намалявалі такія цудоўныя малюнкі. Улічваючы тое, што, мабыць, гэта адзіныя трава і дрэва, якія я ўбачу гэтым летам, гэта неацэнна. І напярэдадні 1 чэрвеня гэта найлепшае, што можа быць, — сказала журналістка.
Алсу таксама расказвала, што ў нейкі момант яе перавялі ў 10-мясцовую камэру, дзе яна пачувалася лепш.
19 ліпеня Вярхоўны суд Татарстану прызнаў журналістку вінаватай у распаўсюджваньні «ваенных фэйкаў» і прысудзіў ёй шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня. Судовы працэс абмежаваўся двума судовымі паседжаньнямі і праходзіў у закрытым рэжыме.
1 жніўня Алсу апынулася на волі. Яна стала часткаю маштабнага абмену паміж краінамі Захаду, Расеяй і Беларусьсю. Усяго былі вызваленыя 16 палітвязьняў. Напярэдадні вечарам (цэнтральнаэўрапейскага часу) Белы дом апублікаваў заяву прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.
Паводле яго слоў, «угода, якая забясьпечыла свабоду Полу Ўілану, Эвану Гершкавічу, Алсу Курмашавай і Ўладзіміру Кара-Мурзу, была высокім дыпляматычным дасягненьнем».
«Агулам мы дамовіліся аб вызваленьні 16 чалавек з Расеі, у тым ліку пяці грамадзян Нямеччыны і сямі грамадзян Расеі, якія былі палітычнымі зьняволенымі ў сваёй краіне. Некаторых з гэтых жанчын і мужчын несправядліва трымаюць пад вартай цягам многіх гадоў. Усе яны перажылі неймаверныя пакуты і няпэўнасьць. Сёньня іхная пакута скончылася».
Крыху пазьней Байдэн выступіў у Белым доме. На падзеі прысутнічалі таксама муж Алсу Павел Буторын і іх дачкі Бібісара і Мірыям. Прэзыдэнт ЗША прасьпяваў для Мірыям Happy Birthday to You (у Мірыям другога жніўня дзень нараджэньня).
Першая заява мужа Алсу Курмашавай Паўла Буторына пасьля абмену:
— За апошнія некалькі месяцаў я навучыўся, ведаеце, трымаць свае эмоцыі і чаканьні пад кантролем. Відавочна, мы заўсёды спадзяваліся на лепшае. Але нават зараз я паверу ў гэта, калі ўбачу яе і калі мы яе абдымем. Вы ведаеце, нам былі дадзены некаторыя ўказаньні [аб яе вызваленьні]. І я бачыў зводкі навін, і нейкі час нават трымаўся далей ад інтэрнэту. Я не хацеў бачыць ніякіх выцекаў, ніякіх непацьверджаных паведамленьняў. Але калі мы атрымалі запрашэньне ў Белы дом, я ведаў, што гэта адбываецца. І, увайшоўшы ў Белы дом, калі мы ўбачылі семʼі іншых амэрыканцаў, несправядліва затрыманых у Расеі, мы дакладна ведалі, што адбываецца.
Праўду кажучы, сёньня гэта было падобна на сон, я маю на ўвазе, што апошнія дзевяць месяцаў былі падобныя на сон. Проста зараз нас перапаўняюць эмоцыі, мы ўсё яшчэ спрабуем асэнсаваць тое, што насамрэч адбылося з намі сёньня, знаходзіцца ў Белым доме, чуць голас Алсу з Авальнага кабінэту, побач з прэзыдэнтам Байдэнам — гэта было нешта асаблівае. Але для нас гэта быў неймаверна цяжкі год, і я рады, што мы падышлі да канца гэтага шляху, і зараз мы нецярпліва чакаем магчымасьці абняць Алсу і дапамагчы ёй рэінтэгравацца ў вольны сьвет пасьля столькіх месяцаў несправядлівага зьняволеньня ў Расеі.
Сёньня мы сталі сьведкамі гістарычнага акту рашучасьці і спагады з боку ўраду ЗША і яго хаўрусьнікаў, які прадэманстраваў, што свабодны сьвет ставіць чалавечае жыцьцё і сямʼю вышэй за ўсё. Нават калі гэта азначае абмен сапраўдных злачынцаў, каб выратаваць незаконна затрыманых на тэрмін больш за дзевяць месяцаў амэрыканцаў. Алсу была пазбаўленая элемэнтарнай чалавечай годнасьці. Яе заключылі ў жудасныя турэмныя ўмовы, ёй адмовілі ў тэлефонных званках да дзяцей, у наведваньні консульства як амэрыканскай грамадзянцы, яе пазбавілі належнага мэдычнага догляду і на таемным судзе асудзілі за злачынства, якога яна не ўчыняла. Яе трымалі ў турме выключна таму, што яна амэрыканка і амэрыканская журналістка. Мы ведаем, што Алсу не зрабіла нічога дрэннага. Урад ЗША ведае, што яна не злачынца, і сьвет ведае, што яна не зрабіла нічога дрэннага. Мы вельмі радыя такому выніку.
Цягам усяго гэтага выпрабаваньня дочкі Алсу праявілі неймаверную адвагу. Яны сталі найлепшымі абаронцамі руху «Свабода Алсу». І Алсу ня толькі пабачыць, што яны сталі вышэйшыя, можа быць, вышэйшыя за яе, але таксама ўбачыць дзьвюх маладых жанчын, больш сталых, якія больш рашуча адстойваюць свае правы на свабоду слова і самавыяўленьня як амэрыканкі. Шмат у чым дзякуючы ім — нашым дочкам — мы змаглі вытрымаць гэтае выпрабаваньне. Нам ня церпіцца абняць Алсу.
Гэта быў вельмі эмацыйны дзень, і думаю, што ён стане яшчэ больш эмацыйным, калі мы сапраўды ўбачым яе, — сказаў Павел Буторын.
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус падзякаваў амэрыканскаму ўраду і ўсім, хто «нястомна працаваў над тым, каб пакласьці канец несправядліваму абыходжаньню з Алсу з боку Расеі».
— Алсу стала мішэньню, бо яна была амэрыканскай журналісткай, якая проста спрабавала паклапаціцца аб блізкім чалавеку ў Расеі. Яна не зрабіла нічога дрэннага і ўжо сапраўды не заслужыла несправядлівага абыходжаньня і прымусовай разлукі зь сямейнікамі, якія яе любяць, і калегамі, — падкрэсьліў Капус.
Дырэктар Татара-башкірскай службы Радыё Свабода Рым Гільфанаў сказаў, што рэдакцыі ўвесь гэты час «не хапала ўсьмешкі і прысутнасьці Алсу».
— Алсу — вялікі прафэсіянал, якая ведае сваю працу і працуе зь велізарнай аддачай. Як чалавек яна заўсёды заладоўвала нас усіх добрым настроем і энэргіяй — нам бракаваламгэтага цэлы год. Мы вельмі спадзяваліся, што яна вернецца як мага хутчэй — і гэта нарэшце здарылася, — рэзюмаваў Рым Гільфанаў.
Форум