Вярхоўны суд Татарстану (ВС РТ) прызнаў журналістку Татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашаву вінаватай у распаўсюджваньні «фэйкаў» пра расейскую армію (артыкул 207.3 КК РФ) і асудзіў яе на шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня ў калёніі. Пра гэта паведамляе Associated Press з спасылкай на кіраўніцу прэс-службы суду Натальлю Лосеву.
Раней у прэс-службе ВС РТ «Мэдыязоне» паведамілі, што справа «паступіла ў суд з грыфам „сакрэтна“, яна разглядалася ў закрытым рэжыме». Associated Press адзначае, што прысуд вынесьлі ў мінулую пятніцу.
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус назваў прысуд «насьмешкай над правасудзьдзем» і заявіў, што «адзіны справядлівы зыход — гэта неадкладнае вызваленьне Алсу з турмы».
— Для гэтай амэрыканскай грамадзянкі, нашай дарагой калегі, ужо даўно настаў час узьяднацца са сваёй любімай сям'ёй, — сказаў Капус.
Перасьлед Алсу Курмашавай
- У Алсу Курмашавай падвойнае грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе з мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году прыехала ў родны горад Казань да хворай маці. 2 чэрвеня ў аэрапорце Казані — перад вылетам дадому ў Прагу — яе затрымалі сілавікі. У яе канфіскавалі амэрыканскі і расейскі пашпарты. Празь некалькі дзён на журналістку завялі крымінальную справу аб непаведамленьні пра другое грамадзянства (арт. 330.2 КК).
- Пазьней ёй выставілі абвінавачаньне ў тым, што яна не зьвярнулася да ўладаў і не папрасіла зарэгістраваць яе ў якасьці «іншаземнага агента» (ч. 3 арт. 330.1 КК). Яшчэ амаль праз два месяцы на яе завялі новую крымінальную справу — аб распаўсюджваньні «фэйкаў» пра расейскую армію. Падставай стала апублікаваная рэдакцыяй Idel.Рэаліі кніга «Не — вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну».
- Затрыманьне Алсу Курмашавай асудзілі многія краіны і міжнародныя арганізацыі.
Форум