Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад і Расея абмяняліся вязьнямі. Сярод іх — журналістка Радыё Свабода Алсу Курмашава

абноўлена

Эван Гершковіч, Алсу Курмашава і Пол Уілан пасьля вызваленьня
Эван Гершковіч, Алсу Курмашава і Пол Уілан пасьля вызваленьня

Расея, ЗША і некалькі іншых краін правялі маштабны абмен вязьнямі, які стаў найбуйнейшым з часоў заканчэньня халоднай вайны.

Джо Байдэн выступае ў акружэньні родных вызваленых Расеяй вязьняў
Джо Байдэн выступае ў акружэньні родных вызваленых Расеяй вязьняў

Вядома, што ўжо вызваленыя рэпартэр Wall Street Journal Эван Гершковіч і былы марскі пяхотнік ЗША Пол Уілан, а таксама журналістка Радыё Свабода Алсу Курмашава. Пра гэта паведамляецца ў заяве прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. Усяго Расея выдала па абмене 16 чалавек, 8 расейскіх грамадзян былі перададзеныя Расеі з ЗША і Нямеччыны.

Усяго ў абмене ўдзельнічалі 24 чалавекі (а таксама двое непаўналетніх, верагодна, гэта дзеці Арцёма і Ганны Дульцавых, асуджаных у Славеніі за шпіянаж).

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус вітаў вызваленьне Алсу Курмашавай і Эвана Гершковіча.

«Мы вітаем навіны аб будучым вызваленьні Алсу і дзякуем амэрыканскаму ўраду і ўсім, хто бяз стомы працаваў, каб пакласьці канец несправядліваму абыходжаньню з ёй у Расеі», — адзначыў Капус. Ён падкрэсьліў: «Журналістыка — гэта не злачынства. Іншым тром журналістам Радыё Свабода, якія несправядліва знаходзяцца за кратамі — двум у Беларусі і аднаму ў падкантрольным Расеі Крыме — мы кажам, што пра вас не забылі. Радыё Свабода зробіць усё, што ад нас залежыць, каб дамагчыся вашага вызваленьня і ўзьяднаньня з вашымі сем’ямі».

Капус меў на ўвазе журналістаў беларускай службы Свабоды Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка, а таксама іх калегу з украінскай службы Ўладзіслава Есіпенку, яны застаюцца за кратамі і ў абмен ня ўключаныя.

Джо Байдэн у сваёй заяве назваў абмен «дыпляматычным подзьвігам»:

«Агулам мы дамовіліся аб вызваленьні 16 чалавек з Расеі, у тым ліку пяці грамадзянаў Нямеччыны і сямі грамадзянаў Расеі, якія былі палітычнымі зьняволенымі ў сваёй краіне. Некаторыя з гэтых жанчын і мужчын несправядліва ўтрымліваюцца пад вартай на працягу многіх гадоў. Усе яны перажылі неймаверныя мукі і нявызначанасьць. Сёньня іх пакуты скончыліся. Я ўдзячны нашым саюзьнікам, якія падтрымлівалі нас на працягу цяжкіх і складаных перамоваў для дасягненьня гэтага выніку, уключаючы Нямеччыну, Польшчу, Славенію, Нарвэгію і Турэччыну».

<...> І дазвольце мне дакладна заявіць: я не спыню працу да таго часу, пакуль кожны амэрыканец, каго несправядліва затрымалі або ўтрымліваюць у якасьці закладнікаў па ўсім сьвеце, не ўзьяднаецца са сваёй сям'ёй».

Джо Байдэн выступае ў акружэньні родных вызваленых Расеяй палітвязьняў
Джо Байдэн выступае ў акружэньні родных вызваленых Расеяй палітвязьняў

Вядома, што ў межах абмену Расея вызваліла:

  • палітыка Ільлю Яшына,
  • былую старшыню штабу Навальнага ў Уфе Лілію Чанышаву,
  • былую старшыню штабу Навальнага ў Томску Ксенію Фадзееву,
  • былога старшыню штабу Навальнага ў Барнауле Вадзіма Астаніна,
  • Андрэя Піваварава з «Адкрытай Расеі»,
  • праваабаронцу Алега Арлова,
  • мастачку Сашу Скачыленку.

А таксама:

  • Рыка Крыгера, асуджанага да сьмяротнага пакараньня ў Беларусі грамадзяніна Нямеччыны,
  • Кевіна Ліка, падлетка з грамадзянствам Расеі і Нямеччыны, асуджанага за шпіянаж,
  • Дытэра Вароніна, фігуранта справы Івана Сафронава,
  • Патрыка Шобэля, грамадзяніна Нямеччыны, абвінавачанага ў кантрабандзе наркотыкаў,
  • велаактывіста Германа Мойжэса, які мае грамадзянства Расеі і Нямеччыны.

Сярод вызваленых расейцаў, якія вернуцца ў Расею з заходніх турмаў:

  • Вадзім Красікаў,
  • Арцём Дульцаў і Ганна Дульцава,
  • Міхаіл Мікушын,
  • Павал Рубцоў,
  • Раман Селязьнёў,
  • Уладзіслаў Клюшын,
  • Вадзім Канашчонак.

Расейскія і беларускія чыноўнікі пакуль не камэнтавалі абмен.

Як адбываўся абмен

Паведамленьні пра абмен зьявіліся пасьля таго, як за апошнія дні з расейскіх турмаў раптоўна зьніклі 9 расейскіх актывістаў і адзін грамадзянін ЗША, а шэраг расейцаў, якіх утрымлівалі ў турмах ЗША, зьніклі з турэмных базаў дадзеных. Гэта выклікала здагадкі пра магчымы абмен зьняволенымі з удзелам Расеі, ЗША і некалькіх эўрапейскіх краін.

Паводле інфармацыі CBS, абмен каардынавалі шэраг амэрыканскіх дзяржаўных установаў, у тым ліку Белы дом, Дзярждэпартамэнт і ЦРУ. Дэталі апэрацыі старанна хаваліся. Турэцкая інфармацыйная агенцыя IHA News паведамляла таксама, што ў каардынацыі абмену ўдзельнічала і кіраўніцтва турэцкай выведкі.

1 жніўня агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцу паведаміла, што Расея ў рамках абмену зьняволенымі вызваліла рэпартэра Wall Street Journal Эвана Гершковіча і былога марскога пяхотніка ЗША Пола Ўілана. Паводле зьвестак выданьня, Гершковіч і Ўілан ужо выехалі за тэрыторыю Расеі і накіроўваюцца «да пунктаў прызначэньня» па-за межамі краіны. Паводле зьвестак некаторых СМІ, гэта ў Турэччыне.

Вольга Карлава, адвакатка Пола Ўілана, заявіла 31 ліпеня, што ня ведае, дзе цяпер яе кліент, а ўлады турмы ў Мардоўскай вобласьці, дзе яго трымалі, праігнаравалі запыты пацьвердзіць, ці знаходзіцца ён у папраўчай установе.

Празь некалькі гадзін пасьля таго, як стала вядома пра зьнікненьне Ўілана, адвакат расейскага апазыцыянэра Ўладзіміра Кара-Мурзы заявіў, што яго не пусьцілі да кліента ў омскую турму. Bloomberg са спасылкай на эўрапейскага чыноўніка паведаміў, што Уладзімір Кара-Мурза будзе вызвалены ў межах абмену.

Тэлеграм-канал Mash сьцьвярджаў, што ў Калінінградзе расейскаму боку перадалі раней выкрытых у Славеніі супрацоўнікаў СВР Арцёма і Ганну Дульцавых.

31 ліпеня стала вядома, што некалькі расейцаў, асуджаных за злачынствы ў ЗША, зьніклі з базы зьвестак амэрыканскіх турмаў, сярод іх:

  • падрадчык расейскіх сілавых міністэрстваў Уладзіслаў Клюшын, асуджаны за інсайдэрскі гандаль акцыямі,
  • Аляксандар Віньнік, асуджаны за адмываньне чатырох мільярдаў даляраў праз крыптабіржы,
  • Максім Марчанка, асуджаны за абыход амэрыканскіх санкцыяў супраць Расеі,
  • Вадзім Каношчанка, меркаваны супрацоўнік ФСБ, якога абвінавачваюць у кантрабандзе ў Расею прадукцыі амэрыканскіх кампаній, якія падлягаюць экспартнаму кантролю,
  • кібэрмахляр, сын дэпутата Дзярждумы РФ Раман Селязьнёў, і яшчэ некалькі чалавек.

Зьнікненьне расейцаў з амэрыканскай турэмнай базы адбылося на тле перамяшчэньня з расейскіх калёніяў у невядомым кірунку некалькіх вядомых расейскіх палітвязьняў. Сярод іх назвалі апазыцыянэра Ўладзіміра Кара-Мурзу, былога сустаршыню праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» Алега Арлова, а таксама Ільлю Яшына, Сашу Скачыленку, Лілію Чанышаву, Ксенію Фадзееву і Марыю Панамарэнку.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выдаў 30 ліпеня сем засакрэчаных указаў. Гэта могуць быць указы аб памілаваньні палітвязьняў, сувязь зь якімі была страчаная ў апошнія некалькі дзён.

Памілаваньне немца Крыгера ў Беларусі

30 ліпеня Аляксандар Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера. Пасьля гэтага прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант на пытаньне, ці выдасьць Беларусь Крыгера Нямеччыне, адказала, што Бэрлін пакуль не зьвяртаўся да Менску і што «кіраўніцтва Нямеччыны лёс іх грамадзяніна, мяркуючы па ўсім, зусім не хвалюе».

Сьмяротны прысуд Крыгеру вынесьлі 24 чэрвеня, вядома пра гэта стала амаль празь месяц. Суд прызнаў яго вінаватым паводле 6 цяжкіх артыкулаў КК РБ, у тым ліку ў акце тэрарызму.

На відэа, апублікаваным ФСБ, бачна, што Крыгера саджалі ў самалёт у Маскве. Атрымліваецца, спачатку яго прывезьлі туды зь Менску.

  • Журналістку татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашаву асудзілі на 6 з паловай гадоў пазбаўленьня волі нібыта за распаўсюджваньне «фэйкаў» пра расейскую армію (артыкул 207.3 КК РФ). Падставай стала апублікаваная рэдакцыяй Idel.Рэаліі кніга «Не — вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну». Курмашаву, якая мае падвойнае грамадзянства (ЗША і Расеі), затрымалі 2 чэрвеня 2023 году ў аэрапорце Казані, куды яна прыяжджала да хворай маці, перад вылетам дадому ў Прагу.
  • Амэрыканскага журналіста Эвана Гершковіча затрымалі ў Расеі 30 сакавіка 2023 году і ў ліпені 2024 году асудзілі на 16 гадоў зьняволеньня на закрытым судовым працэсе аб шпіянажы. Паводле вэрсіі сьледзтва, журналіст нібыта «на заданьне ЦРУ» зьбіраў у Сьвярдлоўскай вобласьці сакрэтную інфармацыю пра дзейнасьць прадпрыемства «НПК „Уралвагонзавод“», якое выпускае і рамантуе вайсковую тэхніку. Эван Гершковіч не прызнаў віны. Кіраўніцтва ЗША і The Wall Street Journal катэгарычна адмаўляюць абвінавачаньні.
  • Уладзіміра Кара-Мурзу, аднаго з самых вядомых расейскіх апазыцыянэраў, у красавіку 2023 году асудзілі на 25 гадоў калёніі строгага рэжыму паводле артыкулаў аб дзяржаўнай здрадзе, аб супрацоўніцтве зь непажаданай арганізацыяй і аб «фэйках пра расейскую армію». «Фэйкамі» расейскія суды прызнаюць паведамленьні пра вайну ва Ўкраіне, якія не супадаюць з афіцыйнай вэрсіяй Крамля. Кара-Мурза не прызнаў сваёй віны на судзе, ён лічыць сваю справу палітычнай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG