Офіс Ціханоўскай: «Гэта былі перамовы з Масквой, Менск у іх ня ўдзельнічаў»
«Мы ня ўдзельнічалі ў гэтых перамовах і маем абмежаваную інфармацыю. На жаль, у нас няма сьведчаньняў, што гэты абмен мог бы прывесьці да вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Відавочна, што гэта былі перамовы з Масквой, і Беларусь у іх ня ўдзельнічала», — гаворыцца ў паведамленьні Офісу Ціханоўскай.
У заяве адзначаецца, што Офіс вітае факт вызваленьня палітвязьняў з расейскіх турмаў. Сам факт такога абмену вязьнямі ён лічыць важным прэцэдэнтам, які дапаможа і ў вызваленьні беларусаў.
«Натуральна, абмен дзеля вызваленьня прадугледжвае, што ёсьць на каго ці што абменьваць. І гэта адрозьнівае беларускую сытуацыю ад расейскай», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.
Офіс Ціханоўскай заявіў, што карыстаецца кожнай магчымасьцю і кожным інструмэнтам, каб выцягнуць беларусаў з турмаў.
«Мы ставім гэтае пытаньне рэгулярна перад заходнімі партнэрамі. У нас адбываюцца кансультацыі ў самых розных фарматах, натуральна, непублічна. І мы ведаем, што робяцца самыя розныя намаганьні па вызваленьні беларусаў. На жаль, праблема ня з боку заходніх партнэраў, а з боку рэжыму, які не зацікаўлены ў вызваленьні людзей і адкрыта гэта дэманструе».
Рада БНР: Беларускія інтарэсы чарговы раз праігнараваныя
Рада БНР у сваёй заяве сьведчыць, што беларускія інтарэсы — ня першы раз у гісторыі — праігнараваныя ў дамоўленасьцях паміж заходнімі сталіцамі. У сьпісе абмененых 1 жніўня 2024 году Вашынгтонам і Бэрлінам, з удзелам іншых эўрапейскіх дзяржаваў, узамен на асобаў, у якіх зацікаўленая Масква, няма беларускіх палітвязьняў і палонных.
«Мы з жалем вымушаныя канстатаваць, што лідэры ЗША і Эўропы ў гэтай сытуацыі праігнаравалі пакуты беларускага народа, які апынуўся ў цяперашнім становішчы не ў апошнюю чаргу таму, што ўрады найбуйнейшых дзяржаваў Захаду доўгі час былі і застаюцца згодныя бачыць Беларусь у выключнай зоне інтарэсаў Масквы.
Відавочна, што грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер, чый захоп рэжымам Лукашэнкі быў міжнародным злачынствам, абменены выключна ў інтарэсах Расейскай Фэдэрацыі.
Як вядома, сотні беларусаў праліваюць кроў у змаганьні за Ўкраіну ў барацьбе з расейскім агрэсарам. Мы спадзяваліся, што Ўкраіна магла б настойваць на вызваленьні ў гэтай схеме двух беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне, а таксама грамадзянаў Беларусі, асуджаных за спробы перашкодзіць войскам РФ зьдзейсьніць ваенныя злачынствы ва Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі.
Рада БНР таксама перакананая, што Варшава мела поўнае права ўзьняць пытаньне пра вызваленьне з лукашэнкаўскіх турмаў Андрэя Пачобута і іншых прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці.
Застаецца спадзявацца, што вышэйпрыгаданыя асобы будуць прадметам клопату Кіева і Варшавы ў эўрапейскіх і эўраатлянтычных міжнародных структурах.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае лідэраў дэмакратычнага Захаду да асэнсаваньня таго факту, што без вызваленьня Беларусі ад расейскай васальнай дыктатуры Лукашэнкі, а таксама абароны ад магчымай спробы непасрэднай акупацыі Беларусі Расеяй, немагчымая ня толькі эўрапейская пэрспэктыва Беларусі, але й мір і бясьпека на эўрапейскім кантынэнце ўвогуле».
Найбуйнейшы абмен з часоў Халоднай вайны
Расея, ЗША і некалькі іншых краін 1 ліпеня правялі гістарычны абмен вязьнямі.
Bloomberg, Sky News, CNN і іншыя заходнія СМІ са спасылкай на крыніцы 1 жніўня паведамілі некаторыя дэталі абмену.
З самага пачатку паведамлялася, што будуць вызваленыя рэпартэр Wall Street Journal Эван Гершковіч і былы марскі пяхотнік ЗША Пол Уілан. Крыху пазьней WSJ афіцыйна пацьвердзіла вызваленьне Гершковіча, а дарадца з нацыянальнай бясьпекі ЗША Джэйк Саліван адзначыў, што гэта найбуйнейшы абмен вязьнямі з часоў халоднай вайны.
Абмянялі таксама журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус.
Тэлеканал CBS паведамляў, што ў абмене ўдзельнічаюць 24 чалавекі. У тым ліку 12 палітвязьняў, як сьцьвярджаецца, у межах абмену адправяць з Расеі ў Нямеччыну. У Расею, паводле СМІ, вернуцца 8 вязьняў, сярод іх і афіцэр ФСБ Вадзім Красікаў. Гэтыя зьвесткі пацьвердзіліся пазьней, і ў Нямеччыну адправілі 12 грамадзян Нямеччыны і расейскіх палітвязьняў. У сьпісе: Дытэр Варонін, Кевін Лік, Рыка Крыгер, Патрык Шобель, Герман Мойжэс, Ільля Яшын, Лілія Чанышава, Ксенія Фадзеева, Вадзім Астанін, Андрэй Півавараў, Алег Арлоў, Саша Скачыленка.
Вызваленыя расейцы, якія вернуцца ў Расею з заходніх турмаў: Вадзім Красікаў, Арцём Дульцаў, Ганна Дульцава, Міхаіл Мікушын, Павал Рубцоў, Раман Селязьнёў, Уладзіслаў Клюшын, Вадзім Канашчонак.
Форум