На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае экспэрт Фінскага інстытуту міжнародных спраў Рыгор Ніжнікаў.
— Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даў даручэньне падпісаць дамову аб фармаваньні аб’яднанага рынку электрычнай энэргіі саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Якія наступствы гэта будзе мець для беларускай эканомікі?
— Беларускі бок пагадзіўся на гэтую дамову яшчэ летась. Улічваючы сытуацыю зь БелАЭС (тое, што яна ня можа нікуды экспартаваць энэргію), дамова для Беларусі даволі выгадная. Беларусь зможа пастаўляць гэтую энэргію Расеі. І Расеі гэта выгадна, бо мы бачым, што адбываецца з расейскай энэргетыкай: увесь час Украіна атакуе.
— Краіны Балтыі абвясьцілі, што выходзяць з супольнай энэргетычнай сыстэмы з Расеяй і Беларусьсю. Што гэта азначае, асабліва ў спалучэньні зь беларуска-расейскай энэргетычнай дамовай?
— Гэтае пытаньне на парадку дня ўжо даўно. Гэта трэба было зрабіць. Ад Расеі адвязваюцца паступова ўсе краіны рэгіёну, за выключэньнем хіба Вугоршчыны. Астатнія, асабліва калі маюць гарантыі эканамічнай бясьпекі і атрыманьня рэсурсаў не з Расеі — адразу ж спыняюць сувязі з Масквой, як толькі для гэтага ёсьць магчымасьць. Раней гэта зрабіла Фінляндыя, цяпер — краіны Балтыі.
— На мінулым тыдні Лукашэнка сустракаўся з Пуціным у Расеі на Валааме. Пасьля завяршэньня перамоваў, ужо ў Менску, Лукашэнка сказаў, што размова ішла аб парадку аплаты паставак нафты ад «Раснафты». Узгадка гэтай праблемы — ці не маскіроўка больш сурʼёзных праблемаў?
— Лукашэнка таргуецца. Думаю, што размова найперш ішла пра іншае — пра пытаньні бясьпекі. Але ён у абмен на выкананьне пажаданьняў Масквы ў сфэры бясьпекі і абароны просіць нешта ў адказ. Ён нагадаў, што яго цікавіць, і публічна гэта агучыў. Гаспадарчыя пытаньні, пра якія ўзгадаў Лукашэнка, — добрая маскіроўка іншых пунктаў парадку дня яго перамоваў з Пуціным.
— На пачатку ліпеня было абвешчана, што ЗША маюць намер разьмясьціць на тэрыторыі саюзьнікаў (Нямеччыны) ракеты сярэдняй далёкасьці. Пуцін заявіў, што гэта не застанецца без адказу. Гэты адказ можа быць у Беларусі? Дарэчы, апошнюю савецкую ракету такой клясы расьпілавалі ў 1990 годзе менавіта ў Беларусі. Ці могуць і іх вярнуць?
— Я лічу, што гэта вельмі слушная гіпотэза. Гэта менавіта тое, што вельмі цікавіць Пуціна. І менавіта за гэта Лукашэнка можа прасіць у Крамля шмат якія эканамічныя даброты. Для Масквы гэта будзе эфэктыўны інструмэнт, каб адказаць ЗША і націснуць на Эўропу. Лукашэнку будзе складана адмовіцца ад такой прапановы. Але за гэта ён сёе-тое ад Крамля і атрымае.
— Некаторыя экспэрты палічылі, што сакрэтнасьць вакол перамоваў Лукашэнкі і Пуціна на Валааме — сьведчаньне таго, што паміж імі, як той казаў, прабег чорны кот. Прабег, на ваш погляд?
— Тое, што Лукашэнка два дні з Пуціным сам-насам перамаўляецца... Сапраўды, мала хто з палітыкаў і чыноўнікаў столькі часу камунікуе з прэзыдэнтам РФ. І гэта паказьнік станоўчага стаўленьня Пуціна да Лукашэнкі. Ня ўпэўнены, што нават прэмʼер Расеі Міхаіл Мішусьцін размаўляе з Пуціным так доўга. Тандэм Лукашэнка-Пуцін цяпер у добрым стане.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум