Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў пра свае перамовы з Пуціным і праблемы з выкананьнем дамовы аб гарантыях бясьпекі


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна 26 ліпеня 2024 году. Фота AFP
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна 26 ліпеня 2024 году. Фота AFP

Расейская кампанія «Роснефть» патрабуе ад Беларусі папярэдняй аплаты за пастаўкі нафты.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў часе перамоў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам абмяркоўваў «праблемныя пытаньні» ў выкананьні дамовы аб гарантыях бясьпекі.

«Увосень, напярэдадні 25-годзьдзя дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, у Менску адбудуцца ўсе найбольш важныя мерапрыемствы — і саюзны Саўмін, і Вышэйшы дзяржаўны савет. З прэзыдэнтам [Расеі] мы дамовіліся, што да гэтага моманту павінны быць закрытыя ўсе праблемны пытаньні — і па лініі саветаў бясьпекі [дамова аб гарантыях бясьпекі], і па тэмах ураду. Усе пытаньні мусяць быць вырашаныя да пачатку чацьвёртага кварталу», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У той жа час ён падкрэсьліў, што пытаньні бясьпекі «мелі закрыты характар», але падключаны «ўсе сілавыя структуры і міністры, у тым ліку Міністэрства замежных спраў у пэўных пытаньнях».

Пасьля свайго візыту ў Расею, 29 ліпеня, Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб міжнародных пытаньнях.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «Расея адкрытая да супрацы зь Беларусьсю» ў авіябудаўніцтве, мікраэлектроніцы, станкабудаўніцтве і ў космасе.

Пры гэтым ён нагадаў прадстаўнікам ураду словы, якія нібыта сказаў яму Пуцін у часе свайго апошняга візыту ў Менск, пра тое, што «Беларусь павінны быць незалежнай, самадастатковай краінай з устойлівай эканамічнай асновай».

У ліку нявырашаных з Расеяй праблем Лукашэнка назваў надгляд у аэрапортах, роўмінг і нястача пасажырскага транспарту, у прыватнасьці цягнікоў.

Асобна ён спыніўся на тым, што ўрады Расеі і Беларусі не змаглі дамовіцца аб новай формуле цэнаўтварэньня на нафту, утылізацыйным зборы і папярэдняй аплаце за нафту.

«Усе гэтыя пытаньні мы абмеркавалі з прэзыдэнтам Пуціным. Больш за тое, мы дамовіліся, што я сёньня-заўтра, залежна ад таго, як вы гэта падрыхтуеце, накірую яму пісьмовае пасланьне, ліст з выкладаньнем сутнасьці гэтых трох пытаньняў. Напрыклад, што тычыцца папярэдняй аплаты за нафту, якую ў асноўным пастаўляе ў Беларусь кампанія «Роснефть», то гэта нават абурыла прэзыдэнта Расеі. «Гэтага быць ня можа! Якая перадплата? Усё жыцьцё працавалі безь перадплаты — зможам і далей працаваць», — расказаў Лукашэнка аб рэакцыі Пуціна.

Лукашэнка знаходзіўся зь візытам у Расеі 25–26 ліпеня. СМІ паведамлялі, што сустрэча з Уладзімірам Пуцінам адбывалася ў манастыры на востраве Валаам, што на Ладажаскім возеры. Але дэталі аб зьмесьце перамоў раней не публікаваліся.

З 2022 году Лукашэнка наведваў Расею і сустракаўся з Пуціным болей за 20 разоў. Часта ягоныя палёты ў Маскву не анансуюцца і робяцца вядомымі толькі ў дзень самога візыту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG