Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Расея нанесла ўдар па Дняпры новай балістычнай ракетай


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

21 лістапада прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў зь неанансаваным зваротам да грамадзян. Падчас прамовы, сярод іншага, ён заявіў, што Расея нанесла ўдар па Ўкраіне балістычнай ракетай і назваў гэта адказам на дазвол Захаду Ўкраіне атакаваць мэты на тэрыторыі Расеі дальнабойнай зброяй.

Уладзімір Пуцін у вечаровым экстраным звароце 21 лістапада ўпершыню пракамэнтаваў рашэньне саюзьнікаў Украіны дазволіць Узброеным сілам Украіны атакаваць мэты на тэрыторыі Расеі дальнабойнай зброяй.

Усьлед за Мінабароны Расеі Пуцін заявіў, што ўкраінская армія ўжо атакавала вайсковыя аб'екты ў Бранскай і Курскай абласьцях Расеі амэрыканскімі ракетамі ATACMS і брытанскімі Storm Shadow, пасьля чаго, на ягоную думку, «канфлікт набыў глябальны характар». Паводле Пуціна, у Бранскай вобласьці ў выніку падзеньня абломкаў ракет ATACMS адбыўся пажар на складзе боепрыпасаў, але «ахвяраў і сур’ёзных разбурэньняў няма», а ў Курскай вобласьці быў атакаваны адзін з камандных пунктаў групоўкі «Поўнач», у выніку атакі ёсьць загінулыя і параненыя.

Пры гэтым Пуцін зазначыў, што на ход так званай «спэцапэрацыі» (так у Расеі называюць вайну супраць Украіны — рэд.) гэта не паўплывае.

Сярод іншага, кіраўнік Расеі заявіў, што падчас удару па Дняпры Расея выпрабавала найноўшую балістычную ракету «Арэшнік» у бязьядзерным гіпэргукавым абсталяваньні, перадаюць расейскія дзяржаўныя СМІ. Паводле Пуціна, гэта была ракета сярэдняй далёкасьці, а не міжкантынэнтальная ракета, як паведамілі раней ва Ўкраіне. Балістычныя ракеты сярэдняй далёкасьці здольныя пераадольваць адлегласьць ад 3000 да 5500 кілямэтраў, міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты — больш за 5500 км.

Раней пра гэтую ракету не паведамлялі ні расейскія СМІ, ні вайскоўцы, таму якой-кольвек інфармацыі пра яе няма. Пуцін сьцьвярджае, што гэтую ракету нібыта ня могуць перахапляць сучасныя, у тым ліку амэрыканскія, сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Таксама падчас выступу Пуцін заявіў, што Расея пакідае за сабой права ужываць і ў далейшым гэтыя ракеты, аднак плянуе загадзя папярэджваць «грамадзян дружалюбных дзяржаваў», якія могуць знаходзіцца ў плянаваных мэтах ракетнага ўдару.

Пасьля выступу Пуціна ягоны прэс-сакратар Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Расея папярэдзіла ЗША пра пуск «Арэшніка» па лініі Расейскага нацыянальнага цэнтру па памяншэньні ядзернай небясьпекі за 30 хвілінаў да пуску».

Злучаныя Штаты ведалі пра падрыхтоўку Расеяй удару новай балістычнай ракетай і загадзя папярэдзілі пра гэта Ўкраіну і саюзьнікаў, заявіла прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер.

Раней 21 лістапада ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што раніцай Расея з Астраханскай вобласьці запусьціла на ўкраінскі горад Дніпро міжкантынэнтальную балістычную ракету. Здарылася гэта празь некалькі дзён пасьля паведамленьняў аб тым, што Ўкраіна выкарыстала пастаўленыя Вялікай Брытаніяй ракеты Storm Shadow і вырабленыя ў ЗША сыстэмы ATACMS для нанясеньня ўдараў па вайсковых аб’ектах у глыбіні Расеі пасьля доўгачаканага дазволу прэзыдэнта Джо Байдэна.

Апроч таго, расейскія войскі 21 лістапада атакавалі Ўкраіну 8 ракетамі — адной гіпэргукавой Х-47М2 «Кінджал» і сямю крылатымі ракетамі Х-101. Супрацьпаветраная абарона Ўкраіны зьбіла 6 крылатых ракет. Галоўнай мішэньню расейскай атакі быў паўднёва-ўсходні раён Днепрапятроўскай вобласьці і абласны цэнтар Дніпро, найважнейшы прамысловы рэгіён Украіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG