Беларуская опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук, якая цяпер жыве ва Ўкраіне, распавяла, што ўрэшце атрымала пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці — амаль празь месяц пасьля яго зьяўленьня на сьвет. Раней беларуска расказвала, што сутыкнулася з праблемамі ў атрыманьні гэтага і іншых дакумэнтаў.
«Карнійка Максім Руслановіч. Нарэшце атрымалі пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці (не прайшло і месяца). Цяпер нас чакае новы квэст — атрыманьне ўкраінскага грамадзянства. Чаму ўсё так складана, Украіна?!» — напісала Маргарыта Ляўчук у Інстаграме.
Раней Маргарыта Ляўчук расказвала, як сутыкнулася з праблемамі ва Ўкраіне. Цяпер яна жыве ў Харкаве, выйшла замуж за ўкраінскага вайскоўца і нядаўна нарадзіла сына. У сваім Instagram Ляўчук абурылася стаўленьнем да беларусаў з боку ўкраінскіх уладаў. Паводле сьпявачкі, яна не магла назваць сваё дзіця без атрыманьня дазволу міграцыйнай службы, бо ва Ўкраіне яе прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы». Таксама яна ня можа адкрыць рахунак у банку і зарэгістравацца як прадпрымальніца, а яшчэ — атрымліваць «дзіцячыя» грошы. У сваім звароце сьпявачка нагадала, што яна ў вышуку ў Беларусі і Расеі, мае 4 крымінальныя справы.
«Я падтрымліваю Ўкраіну, я нарадзіла сына-ўкраінца, мой муж ваюе цяпер, і я не магу нармальна жыць, бо маю беларускі пашпарт», — выказалася беларуска.
Маргарыта Ляўчук — беларуская сьпявачка і блогерка, былая салістка Нацыянальнага тэатру опэры і балета Беларусі. Падчас выбараў 2020 году падтрымала пратэстоўцаў, пасьля чаго была вымушана зьехаць з Беларусі празь перасьлед. Разам з блогерам Андрэем Павуком стварыла сатырычны праект «Красная зелень», таксама ўдзельнічае ў мностве іншых праектаў у сфэры культуры.
У канцы чэрвеня яе завочна асудзілі ў Беларусі на 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры 100 тысяч беларускіх рублёў.
Маргарыта Ляўчук — не адзіная, хто працягвае сутыкацца з праблемамі, жывучы ва Ўкраіне. Ад лютага 2022 году беларусы ва Ўкраіне, як добраахвотнікі, так і «цывільныя», маюць шэраг праблемаў — заблякаваныя банкаўскія рахункі, складанасьці зь легалізацыяй, непрызнаньне беларускіх дыплёмаў аб адукацыі і іншыя. Паводле грамадзян Беларусі, якія працягваюць жыць ва Ўкраіне цяпер, ад пачатку поўнамаштабнай вайны гэтыя праблемы не вырашаюцца.
Форум