Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сёньня падпісаў распараджэньне № 232-рп, якім аддаў загад падпісаць дамову аб фармаваньні абʼяднанага рынку электрычнай энэргіі саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Пуцін лічыць мэтазгодным ажыцьцявіць падпісаньне дамовы «на вышэйшым узроўні».
20 ліпеня ўрад РФ ухваліў прадстаўлены Мінэнэрга праект дамовы.
29 студзеня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэньні Вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея «пакуль цалкам ня вызначыліся па самых галоўных пытаньнях — гэта тычыцца стварэньня адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў». Паводле ягоных слоў, ён рэгулярна абмяркоўвае гэтыя пытаньні з Пуціным.
Раней Лукашэнка адзначаў, што адзіны энэргарынак — гэта адно з ключавых пытаньняў, якія трэба ўрэгуляваць у адносінах Масквы і Менску.
На нарадзе па міжнародных пытаньнях 29 ліпеня ў Менску Лукашэнка паведаміў, што на сустрэчы з Пуціным на Валааме (Рэспубліка Карэлія) у рамках візыту ў РФ 25–27 ліпеня абмяркоўваў новую формулу цэнаўтварэньня на нафту, перадаплату за яе і ўтылізацыйны збор.
«Усе гэтыя пытаньні мы абмеркавалі з прэзыдэнтам Пуціным, — сказаў Лукашэнка. — Больш за тое, мы дамовіліся пра тое, што я сёньня-заўтра (у залежнасьці ад таго, як вы гэта падрыхтуеце) накірую яму ліст з выкладаньнем сутнасьці гэтых трох пытаньняў».
- Стварэньне адзінага парлямэнту «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі — «пытаньне часу», заявіў 4 ліпеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, адказваючы на пытаньні журналістаў пасьля саміту ШАС у Астане. «І тое ж самае тычыцца фінансаў і адзінай валюты», — цытуе Пуціна ТАСС. «У цэлым ніхто не гаворыць пра тое, што гэта немагчыма, ці нельга, ці ня трэба рабіць. Трэба ж, каб мы для гэтага сасьпелі эканамічна», — удакладніў прэзыдэнт Расеі.
- На мінулым тыдні краіны Балтыі прынялі рашэньне выйсьці з адзінай энэргетычнай сыстэмы зь Беларусьсю і Расеяй. На думку беларускага эканаміста Яраслава Раманчука, «стратэгічна гэта карысна краінам Балтыі, бо яны падключыліся да эўрапейскай адзінай энэргетычнай сыстэмы, якая больш надзейная, дзе ёсьць значна большыя магутнасьці. А Беларусь, такім чынам, цяпер мае прывязку толькі да Расеі, і гэта радыкальна павялічвае нашу энэргетычную залежнасьць».
Форум