Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына выказалася пра інтэрвію з асуджаным на сьмяротную кару немцам


Кадр зь перадачы тэлеканалу «Беларусь 1» пра асуджанага на сьмяротнае пакараньне Рыка Крыгера
Кадр зь перадачы тэлеканалу «Беларусь 1» пра асуджанага на сьмяротнае пакараньне Рыка Крыгера

У МЗС Нямеччыны самым рашучым чынам асуджаюць афіцыйныя ўлады Беларусі за публікацыю відэа з «інтэрвію» з асуджаным на сьмяротную кару нямецкім грамадзянінам Рыка Крыгерам.

Пра гэта паведамляе DW.

У ведамстве адзначылі, што публікацыя такіх ролікаў — звычайная практыка для беларускіх уладаў. У ФРГ «вельмі занепакоеныя тым, што годнасьць чалавека ў значнай ступені ўшчамляецца» паказам такіх відэа, заявіла на ўрадавай прэсавай канфэрэнцыі ў пятніцу, 26 ліпеня, прадстаўніца МЗС Нямеччыны Катрын Дэшаўэр.

Паводле яе слоў, Бэрлін заклікаў беларускае кіраўніцтва ўстрымацца ад такой практыкі. Дэшаўэр паўтарыла, што ўрад аказвае Рыку Крыгеру інтэнсіўную консульскую падтрымку.

Камэнтароў наконт абмену ня будзе

У сваю чаргу, намесьніца афіцыйнага прадстаўніка ўраду ФРГ Крыстыян Гофман адмовілася адказваць на пытаньне пра магчымы абмен грамадзяніна Нямеччыны. Яна нагадала, што на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі фэдэральны канцлер Оляф Шольц таксама адмовіўся адказваць на пытаньне пра магчымы абмен.

Апытаныя DW экспэрты лічаць, што Рыка Крыгера могуць выкарыстоўваць для абмену на Вадзіма Красікава, афіцэра ФСБ РФ, які ў 2019 годзе застрэліў у Бэрліне былога чачэнскага палявога камандзіра Зэлімхана Хангашвілі. Красікаў быў асуджаны ў Нямеччыне на пажыцьцёвае зьняволеньне. МЗС Беларусі ўжо заявіла, што беларускі бок прапанаваў ФРН «канкрэтныя рашэньні па наяўных варыянтах разьвіцьця сытуацыі».

Справа Рыка Крыгера ў Беларусі

Сьмяротны прысуд Рыка Крыгеру вынесьлі 24 чэрвеня, вядома пра гэта стала амаль празь месяц. Суд прызнаў яго вінаватым паводле шасьці цяжкіх артыкулаў КК РБ, у тым ліку ў акце тэрарызму.

25 ліпеня дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» паказаў перадачу пад назвай «Споведзь нямецкага тэрарыста», удзельнікам якой стаў Крыгер. Ён расказаў пра сваё жаданьне «спатрэбіцца» Ўкраіне, пра тое, як пачаў адпраўляць заяўкі ва ўкраінскія добраахвотніцкія фармаваньні, а затым на загад «куратара» вылецеў у Менск, дзе даставіў заплечнік на станцыю Азярышча, дзе пазьней адбыўся выбух, у выніку якога ніхто не пацярпеў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG