Сюжэт на 17 хвілін выйшаў пад загалоўкам «Споведзь нямецкага тэрарыста, прыгаворанага да сьмерці». Яго зьмест пераказвае выданьне «Позірк».
Закадравы голас кажа, што гісторыя Крыгера актыўна абмяркоўваецца ў СМІ, але там «шмат недакладнай інфармацыі».
Таксама сьцьвярджаецца, што ўлады Нямеччыны «захоўваюць маўчаньне» (ёсьць рэакцыя нямецкага замежнапалітычнага ведамства. — «Позірк»).
Сьцьвярджаецца, што за апошнія гады Беларусь сутыкнулася з «інфармацыйным і рэальным тэрорам», а «павелічэньне тэрарыстычных злачынстваў» стала прычынай зьмены ў 2022 годзе заканадаўства з магчымасьцю пакараць сьмерцю за тэракт, «незалежна ад наступстваў».
Заяўляецца, што Крыгер «не выпадковая ахвяра» і нібыта «на тэракт пайшоў сьвядома» па заданьні Службы бясьпекі Ўкраіны.
Як сьцьвярджаюць ананімныя аўтары, «апынуўшыся ў складанай сытуацыі», Крыгер «асабіста зьвярнуўся з просьбай аб дапамозе» да канцлера Оляфа Шольца і прэзыдэнта Франка-Вальтара Штайнмаэра, але «нямецкі бок да гэтага часу маўчыць».
У сюжэце Крыгер кажа, што «год таму» нібыта прыняў рашэньне паехаць ва Ўкраіну, каб увайсьці ў склад Іншаземнага легіёну.
Ён паведамляе, што ў Нямеччыне працаваў санітарам-выратавальнікам і ў службе бясьпекі амбасады ЗША ў Бэрліне.
Крыгер сьцьвярджае, што ва Ўкраіне цяпер «каля 132 фармаваньняў з іншаземных наймітаў» і ён адпраўляў заяўкі «ва ўсё, што змог знайсьці».
«І тое фармаваньне, якое адгукнулася хутчэй за іншых, прапанавала ўступіць у свае рады, аднак пасьля свайго роду трэніроўкі, выкананьня заданьняў», — сказаў ён.
Крыгер не назваў структуру, аднак на экране ў гэты момант быў прадэманстраваны размыты скрыншот з сымболікай беларускага палка Каліноўскага, пэўна, зь яго вэб-сайту. Таксама былі паказаныя скрыншоты нейкай перапіскі на ангельскай мове ў мэсэнджарах і ў электроннай пошце ў верасьні і кастрычніку 2023 году.
Па словах Крыгера, яго зьвязалі з куратарамі з СБУ, якія «пазванілі па мабільным тэлефоне празь відэасувязь» (у арыгінале Крыгер кажа пра відэачат у Telegram. — «Позірк».)
Зь ім «меў зносіны [чалавек] у Т-уніформе (мабыць, гаворка пра тэніску характэрнага ахоўнага колеру. — „Позірк“), ён быў у масцы».
«Ззаду два сьцягі: украінскі і сьцяг, які я не зусім ведаю: з палоскамі — белай, чырвонай і ўнізе яшчэ раз белай», — сказаў Крыгер.
Далей ён сьцьвярджае, што яму паступіла прапанова вылецець у Менск для выкананьня заданьняў, у выпадку посьпеху нібыта вынікала вяртаньне ў Нямечыны і адтуль — паездка ва Ўкраіну.
Яму нібыта паабяцалі заключыць дамову зь Мінабароны Ўкраіны, але на выкананьне заданьняў ён «не атрымліваў грошай».
Дэманструецца электронны пасадачны талён на рэйс авіякампаніі Azerbaijan Airlines з Бэрліна ў Баку на 1 кастрычніка 2023 году на імя Крыгера. Пасьля гэтага паказаны відэакадры з Крыгерам зь менскага аэрапорту ад 2 кастрычніка, у тым ліку на пашпартным кантролі.
Ён паведамляе, што ў Менск прыляцеў з азэрбайджанскай сталіцы. У Асіповічах (Магілёўская вобласьць) «па каардынатах з СБУ» зьняў вайсковыя аб’екты і адправіў іх адрасату.
Затым дэманструюцца кадры апэратыўнай здымкі з Крыгерам у кайданках, дзе ён апісвае свае дзеяньні.
На наступны дзень, паводле Крыгера, ён зрабіў фатаздымкі на чыгуначнай станцыі Азярышча пад Менскам і таксама адправіў іх заказчыку. Паказаны відэакадры зь ім з чыгуначнага вакзала, датаваныя 4 кастрычніка.
Крыгер кажа, што мусіў выехаць па каардынатах і знайсьці нейкі заплечнік 5 кастрычніка. Потым зноў паказаны кадры апэратыўнай здымкі зь яго ўдзелам.
Заплечнік, як сьцьвярджаецца, трэба было пакласьці на каляіну чыгункі, ён гэта зрабіў і адправіў фота з пацьверджаньнем.
Крыгер пры гэтым кажа: «Цяпер мяне супакойвае, што ніхто не пацярпеў, што не было чалавечых ахвяр». Пасьля гэтага ён пачынае плакаць.
Затрыманьне, паводле Крыгера, адбылося на наступны дзень у аэрапорце перад заплянаваным вылетам зь Менску.
У сюжэце паказаны відэазапіс выбуху на чыгуначнай каляіне ля плятформы, часавая адзнака — 23:22 5 кастрычніка.
Далей Крыгер сказаў пра сустрэчу зь нямецкімі дыпляматамі і пра тое, што яны мелі магчымасьць сачыць за судовым працэсам; гучаць абвінавачаньні ў адмове дапамогі зь іх боку.
Судовы працэс, зазначыў ён, пачаўся 16 чэрвеня. Дата вынясеньня выраку названая не была.
Па словах Крыгера, у судзе ён першапачаткова цалкам прызнаваў віну, затым — часткова.
«Я пісаў лісты, яны мелі час (пэўна, урад. — „Позірк“). Адзіны, хто зараз за мяне змагаецца, гэта мая сямʼя», — сказаў ён і заплакаў.
«Шанцы ёсьць, яны не выкарыстоўваюцца, я ня ведаю, чаму. Час гуляе абсалютна супраць мяне», — дадаў Крыгер.
У любы момант прысуд могуць прывесьці ў выкананьне, зазначыў ён:
«Я дакладна лічу сябе вінаватым. 〈...〉 Каюся кожную сэкунду».
«Магу толькі спадзявацца, што прэзыдэнт гэтай краіны, спадар Лукашэнка, мне даруе. Прабачыць», — сказаў Крыгер (у перакладзе ў гэты момант гаворка ішла аб памілаваньні. — «Позірк».)
Ён выказаў надзею на сустрэчу з роднымі і дадаў, што «ўлады Нямеччыны ўвогуле нічога ня робяць».
Маналёг і сам сюжэт завяршаецца прызнаньнем Крыгера ў тым, што яму «вельмі страшна».
Пры падрыхтоўцы матэрыялу па магчымасьці выкарыстаны пераклад словаў Крыгера з нямецкай, зроблены «Позіркам». Некаторыя цытаты гучаць толькі ў расейскім перакладзе.
Форум