Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу аб выбуху на Сьветлагорскім ЦКК накіравалі ў суд


Генпракуратура Беларусі
Генпракуратура Беларусі

Падазраванаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Генэральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу пра выбух на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце, паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства. Падазраваным у справе праходзіць намесьнік начальніка цэху. Яму інкрымінавалі «парушэньне правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананьне, якое пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць дзьвюх і больш асоб» (ч. 3 арт. 306 Крымінальнага кодэксу).

Фігуранту справы пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі з «пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю», піша «Позірк» са спасылкай на Генпракуратуру.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны 7 чэрвеня 2023 году «арганізаваў і непасрэдна кіраваў правядзеньнем падначаленымі работнікамі хімічнай ачысткі (прамываньня) цеплаабменьніка ад арганічных адкладаў». Пры гэтым ён «разумеў, што выбраныя ім спосаб прамываньня і ачышчальны сродак у выглядзе перакісу вадароду не прадугледжаны тэхнічнай дакумэнтацыяй», — адзначае сьледзтва.

«Выяўленая намесьнікам начальніка цэха нядбайнасьць прывяла да спантаннай ланцуговай экзатэрмічнай рэакцыі раскладаньня перакісу вадароду і хімічнага выбуху ў рэжыме яе дэтанацыі, ад чаго на месцы здарэньня загінулі трое рабочых», — сьцьвярджае Генпракуратура.

Паводле ацэнак сьледзтва, выбух нанёс маёмасную шкоду прадпрыемству на 7 млн рублёў. Абвінавачанаму ў пазове выставілі патрабаваньні аб кампэнсацыі шкоды.

7 чэрвеня 2023 году начальнік Сьветлагорскага раённага аддзелу надзвычайных сытуацый Андрэй Высоцкі паведаміў, што падчас пошукава-ратавальных работ на месцы аварыі на ЦКК «выяўлены парэшткі, як мяркуецца, трох чалавек».

СК паведаміў, што ў выніку «ўспышкі газапаветранай сумесі» на прадпрыемстве пацярпелі чатыры чалавекі.

Цэнтар мэдычнага рэагаваньня Міністэрства аховы здароўя заяўляў, што пацярпелых чацьвёра (1985–1996 гг. н.). Ва ўсіх дыягнаставаныя паверхневыя раны галавы і паверхневыя апёкі рук.

8 чэрвеня Сьледчы камітэт паведаміў пра гібель у выніку выбуху трох чалавек. Загінулыя — супрацоўнікі прадпрыемства ва ўзросьце 31, 24 і 42 гадоў.

Тады сілавікі гаварылі пра завядзеньне справы паводле арт. 302 КК («Парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бясьпекі на выбухованебясьпечных прадпрыемствах або ў выбухованебясьпечных цэхах альбо правілаў бясьпекі выбухованебясьпечных работ»).

Сьветлагорскі ЦКК — буйны вытворца сульфатнай беленай цэлюлёзы, гофракардону, гофраскрынак, паперы для гафраваньня і іншых прадуктаў зь першасных і другасных папяровых валокнаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG