Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 гадоў кіраваньня Лукашэнкі — страта гістарычнага часу для краіны


Аляксандар Лукашэнка на саміце АДКБ ў Астане, 4 ліпеня 2024
Аляксандар Лукашэнка на саміце АДКБ ў Астане, 4 ліпеня 2024

Крызіс беларускай мадэлі — гэта разбурэньне ілюзіі, што можна забясьпечыць разьвіцьцё без дэмакратычнай трансфармацыі.

Гэтая мадэль зьяўляецца тупіковай, яна вычарпала свой рэсурс і стала тормазам разьвіцьця. Яна ня здольная адаптавацца да ўмоваў, якія зьмяніліся, а прызначаная толькі выключна для ўтрыманьня ўлады за кошт кансэрвацыі сацыяльнага статус-кво.

Сьцісла:

  • Лукашэнка рэалізаваў альтэрнатыўную мадэль посткамуністычнай трансфармацыі, не падобную на тую, якая ажыцьцяўлялася ня толькі ў постсацыялістычных краінах Усходняй Эўропы, але і на постсавецкай прасторы.
  • Беларускі ўладар выконвае місію кансэрватара, захавальніка сацыяльнага статус-кво. У афіцыйны прапагандысцкі канструкт яна ўвайшла ў выглядзе ідэалягемы «стабільнасьці».
  • Галоўны мінус створанай Аляксандрам Лукашэнкам беларускай сацыяльнай мадэлі палягае ў тым, што яна не разьвіваецца. Гэтая мадэль, як і любая манапалістычная структура, пазбаўлена ўнутраных крыніц і мэханізмаў самаразьвіцьця, самарэгуляваньня, самакарэкцыі, саманастройкі.
  • Лукашэнка, адмовіўшыся адысьці ад улады ў 2020 годзе, упусьціў свой шанец. І тым самым падпісаў сабе гістарычны прысуд.

Споўнілася 30 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Амаль эпоха. Прычым, яна ня скончаная. Якім гэты пэрыяд застанецца ў гісторыі?

Ідэалягічны міт

Улады накідаюць грамадзтву ідэалягічны міт, у якім сапраўдным пачаткам беларускай дзяржаўнасьці і нават беларускай гісторыі названыя прэзыдэнцкія выбары 1994 году. То бок Лукашэнка абвяшчаецца «айцом-заснавальнікам» незалежнасьці і дзяржаўнасьці Беларусі.

Для падтрыманьня гэтага міту штучна прыніжаюцца іншыя знакавыя падзеі багатай беларускай гісторыі. Паціху абясцэньваюцца нацыянальныя героі. Яшчэ ў 2005 годзе Лукашэнка прыбраў імёны Францішка Скарыны і Пятра Машэрава з назваў цэнтральных праспэктаў Менску. Цяпер дайшла чарга і да Кастуся Каліноўскага. Вынішчэньне ягонага імя зь беларускай гісторыі — гэта ня толькі даніна ідэалёгіі «русского мира». Проста ў Лукашэнкі не павінна быць канкурэнтаў.

Аляксандар Лукашэнка прымае віншаваньні з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Беларусі падчас сустрэчы Савету СНД. Масква, 21 кастрычніка 1994
Аляксандар Лукашэнка прымае віншаваньні з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Беларусі падчас сустрэчы Савету СНД. Масква, 21 кастрычніка 1994

Любы палітычны лідэр, які знаходзіцца ва ўладзе столькі гадоў, выконвае пэўную гістарычную місію, нават калі сам пра гэта не задумваецца. Лукашэнка задумваецца. Ён шмат разоў апавядаў, як выратаваў Беларусь, якая нібыта гібела ў пачатку 1990-х гадоў, ці як выратаваў краіну ў 2020 годзе ад мяцяжу, арганізаванага Захадам. Вобраз Лукашэнкі як Выратавальніка, Збаўцы актыўна трансьлююць дзяржаўныя мэдыя.

Альтэрнатыўная мадэль трансфармацыі

Ня будзем чапаць прымітыўную ідэалягічную апалягетыку. Але сапраўды, Лукашэнка рэалізаваў альтэрнатыўную мадэль посткамуністычнай трансфармацыі, не падобную да той, якая ажыцьцяўлялася ня толькі ў постсацыялістычных краінах Усходняй Эўропы, але і на постсавецкай прасторы, і нават у Кітаі.

Ад самага пачатку кіраваньня Лукашэнкі ў палітычным і экспэртным асяродзьдзі, прычым ня толькі беларускім, не сьціхае спрэчка наконт гістарычнага сэнсу створанай у Беларусі сацыяльнай мадэлі. Існуюць канцэпты, якія спрабуюць знайсьці ў ёй і ў дзейнасьці яе архітэктара станоўчы, рацыянальны сэнс. Напрыклад, расейскія дасьледчыкі Сяргей Кара-Мурза, Аляксандар Цыпко, Рой Мядзьведзеў, амэрыканскі палітоляг Георгі Ёфэ рабілі спробы даказаць гістарычную заканамернасьць і эфэктыўнасьць беларускай мадэлі. Іх асноўная думка зводзіцца да таго, што «праект Лукашэнкі» — гэта ледзь не аптымальная мадэль «паступовага, лягчэйшага для народу адыходу ад камунізму», павольнай адаптацыі да рэалій новай эпохі ў процівагу шокавай трансфармацыі, якая адбылася пад уплывам Захаду ў іншых посткамуністычных краінах.

Безумоўна, «праект Лукашэнкі» — гэта кансэрватыўная рэакцыя беларускага грамадзтва на выклікі мадэрнізацыі і глябалізацыі, бунт супраць насьпелых рэформаў. Можна пагадзіцца, што ў рамках гэтай сацыяльнай мадэлі значная частка насельніцтва адчувала, дый цяпер адчувае, псыхалягічны камфорт. Калісьці філёзаф Валянцін Акудовіч напісаў, што Беларусь нарэшце прыдбала свайго ўласнага дыктатара, мо гэта ня так і дрэнна, бо апошнія стагодзьдзі беларусамі правілі чужыя аўтакраты.

«Стабільнасьць» — гэта прыгожая назва застою

Аднак лічыць беларускую мадэль адаптацыяй да сучасных гістарычных тэндэнцый, спосабам паступовага адыходу ад камунізму можна было б пры ўмове, калі б краіна хай павольна, але рухалася па шляху рэформаў, эвалюцыянавала ў кірунку рынкавай эканомікі і дэмакратыі пры захаваньні сацыяльных функцыяў дзяржавы ў межах мяккага аўтарытарызму. Магчыма, «праект Лукашэнкі» ў сваёй пачатковай стадыі і меў нейкую гістарычную мэтазгоднасьць як варыянт «паступовага, лягчэйшага адыходу ад камунізму». Але ўсё разбурыла імкненьне беларускага лідэра да поўнай і аднаасобнай улады. Лёгіка адаптацыі да новых, нязвыклых для насельніцтва рэалій і лёгіка абсалютнага панаваньня супярэчылі адна адной.

Насамрэч Лукашэнка ўвайшоў у гісторыю як кансэрватар, ён выканаў місію захавальніка сацыяльнага статус-кво. У афіцыйны прапагандысцкі канструкт яна ўвайшла ў выглядзе ідэалягемы «стабільнасьці».

Галоўны мінус створанай Аляксандрам Лукашэнкам беларускай сацыяльнай мадэлі палягае ў тым, што яна не разьвіваецца. Гэта можна вымяраць нават у лічбах. Сярэднегадавы рост валавога ўнутранага прадукту ў 2010-я гады склаў 0,9%, што ў 2-3 разы ніжэй за сярэднесусьветныя паказьнікі. Створаная сацыяльная мадэль, як і ўсякая манапалістычная структура, пазбаўлена ўнутраных крыніц і мэханізмаў самаразьвіцьця, самарэгуляваньня, самакарэкцыі, саманастройкі.

Інакш кажучы, «стабільнасьць» — гэта прыгожая назва застою. А як вядома, што не разьвіваецца, тое гніе. У Беларусі гэты працэс выліўся ў глыбокі раскол грамадзтва, канфлікт, які ня можа быць вырашаны ў межах існай сыстэмы, і вострую канфрантацыю з суседзямі.

Важным паказьнікам крызісу стала эвалюцыя рэжыму Лукашэнкі з аўтарытарнага ў таталітарны. Ён стаў яшчэ больш рыгідны, няздатны да перамен.

Крызіс беларускай мадэлі — гэта разбурэньне ілюзіі, што можна забясьпечыць разьвіцьцё без дэмакратычнай трансфармацыі. Гэтая мадэль зьяўляецца тупіковай, яна вычарпала свой рэсурс і стала тормазам разьвіцьця. Яна ня здольная адаптавацца да ўмоў, што зьмяніліся, а прызначаная выключна для ўтрыманьня ўлады за кошт кансэрвацыі сацыяльнага статус-кво.

Месца ў гісторыі

Кожны палітык, нават самы цынічны, апынуўшыся на вяршыні ўлады, ня можа ня думаць пра сваё месца ў гісторыі. Рана ці позна, сьвядома ці ў глыбіні падсьвядомасьці, у яго ўзьнікае пытаньне пра тое, у якім вобразе ён застанецца ў памяці сучасьнікаў і нашчадкаў. Гэта пагатоў датычыць чалавека, які ачольвае дзяржаву 30 гадоў.

Калі б у Лукашэнкі хапіла здаровага глузду пайсьці са сваёй пасады ў 2020 годзе, ён меў бы шанец застацца ў гістарычнай памяці народу зь лепшай адзнакай. У падручніках гісторыі пэрыяд ягонай дзейнасьці, хутчэй за ўсё, ацэньваўся б пераважна нэгатыўна. Аднак у сьвядомасьці значнай часткі электарату ўспрыманьне палітыкі Лукашэнкі было б нядрэнным, выглядала б як «эпоха стабільнасьці».

Аднак Лукашэнка не сышоў, упусьціў свой шанец. І тым самым падпісаў сабе гістарычны прысуд. Сёньня ён выглядае як помнік іншай эпохі, жывы экспанат музэю мінуўшчыны, сымбаль стагнацыі і безнадзейнасьці. Кожны год ягонай улады — гэта страта гістарычнага часу для краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG