Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка Юрыя Захаранкі, які зьнік 25 гадоў таму, спадзяецца на справядлівы суд пасьля зьмены ўлады ў Беларусі


Юры Захаранка ў 1999 годзе. Фота з архіву Алены Захаранкі
Юры Захаранка ў 1999 годзе. Фота з архіву Алены Захаранкі

Свабода пагутарыла з дачкой экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі Аленай, якая больш за 20 гадоў жыве ў Нямеччыне.

Яе бацька, былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка, прапаў 25 гадоў таму, і справа аб ягоным зьнікненьні ў Беларусі не расьсьледаваная.

Алена Захаранка пачала размову словамі падзякі за памяць пра яе бацьку:

«Для мяне, маёй сям’і гэта вельмі эмацыйны дзень, цяжкі напамін пра падзеі, якім ужо столькі гадоў, а для нас нібыта гэта адбылося ўчора! Бо мы не змаглі зьмірыцца з тым, што здарылася, бо забойцы і замоўцы засталіся на свабодзе. Але мы ня страцілі веры, што калісьці будзе справядлівы суд. А вы ў гэта верыце?» — запытала Алена Захаранка, і голас яе задрыжаў. Яна выбачылася за сьлёзы і працягнула размову.

«Добра, што ёсьць шмат людзей, якія не забылі гэтай гісторыі, не забылі герояў, якія паклалі свае жыцьці за тое, каб калісьці ў Беларусі ўсё ж запанаваў закон. Такі час абавязкова прыйдзе», — мяркуе Алена Захаранка.

Раней сям’я Захаранкаў праз абаронцаў рэгулярна атрымлівала зьвесткі пра тое, што сьледзтва аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі чарговым разам аднаўляецца. Цяпер Алена Захаранка кажа, што ўжо некалькі гадоў зьвестак пра хаця б фармальнае падаўжэньне сьледзтва яна ня мае.

«Ня ведаем, што там адбываецца, і гэта ня важна, ня мае ніякага сэнсу. На вынік таго сьледзтва мы не спадзяёмся, бо пакуль гэты чалавек застаецца пры ўладзе, нічога ня зьменіцца», — кажа Алена Захаранка пра Лукашэнку.

Алена Захаранка, дачка зьніклага Юрыя Захаранкі
Алена Захаранка, дачка зьніклага Юрыя Захаранкі

Увосень 2023 году ў Швайцарыі адбыўся суд над былым байцом беларускага спэцназу Юрыем Гараўскім, які прызнаваўся ў тым, што ў 1999 годзе браў удзел у выкраданьні Юрыя Захаранкі, а пазьней Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У выніку тых выкраданьняў беларускія апазыцыянэры былі забітыя, як засьведчыў Юры Гараўскі. Суд, аднак, апраўдаў экс-сілавіка, адзначыўшы ў ягоных паказаньнях супярэчнасьці.

Алена Захаранка з адвакатам аспрэчыла судовае рашэньне. Дачка Юрыя Захаранкі працягвае спадзявацца на тое, што ў справе адбудзецца новы суд.

«Мы падалі скаргу і дамагаемся далейшых сьледчых дзеяньняў, спадзяёмся на новы працэс. Але, шчыра, я таксама не асабліва веру, што гэта дасьць вынік адносна прыцягненьня да адказнасьць асноўных забойцаў. Бо тут у нас няма дастаткова сьведак. Гараўскі адзіны, і той зьмяніў паказаньні. Хаця я ўдзячная яму за тое, што выступіў у судзе. Паводле маіх зьвестак, ён працягвае знаходзіцца ў Эўропе, а дзе менавіта, не афішуецца, інакш яго могуць проста зьнішчыць. А іншыя сьведкі і ўдзельнікі тых падзей ці хаваюцца ў Беларусі, ці знаходзяцца там пры ўладзе. Ніхто зь іх ня будзе казаць праўду пра тыя падзеі, пакуль у Беларусі не адбудзецца палітычных зьменаў. Упэўненая, што тады знойдзецца дастаткова сьведак і суд над забойцамі нашага таты адбудзецца», — кажа Алена Захаранка.

Пра сябе Алена расказала, што імкнецца весьці актыўнае грамадзкае жыцьцё, у тым ліку каб пераадолець гора ад страты бацькі, якое яе не пакідае.

«Працую ў краме. Мне трэба кантактаваць зь людзьмі, таму маю шмат сацыяльных кантактаў. Калі б я была проста дома са сваім болем сам-насам, мне было б вельмі цяжка эмацыйна. Дзякуючы працы з гэтым я спраўляюся. Можна сказаць, што за 20 гадоў мы інтэграваліся ў нямецкае грамадзтва. І я, мая сястра Юлія, наша мама Вольга».

Пра свайго адзінага сына Кірыла Алена расказвае з асаблівай цеплынёй і гонарам.

«Яму ўжо 25 гадоў. Сюды ён прыехаў, калі быў толькі годзік, а цяпер такі дарослы, добры! Кірыл ужо працуе, выдатна валодае нямецкай мовай, фактычна як немец, але разумее і па-расейску, зь ім мы размаўляем на расейскай, у тым ліку абмяркоўваем і беларускія падзеі. А стрыечны брат Кірыла Дзяніс яшчэ школьнік. Таксама добра вучыцца, разьвіваецца добра», — падзялілася Алена.

Жонка Юрыя Захаранкі Вольга на пэнсіі. Паводле Алены, яна стараецца часьцей бачыцца з маці.

«Мама знаходзіцца дома, мае прыбаўку да пэнсіі, глядзіць сваё здароўе. І сочыць за падзеямі ня толькі ў Беларусі ці Нямеччыне, але і ў сьвеце. Ведае, што адбываецца, і ведае, чаму гэта адбываецца. Пра тое, што адбываецца ў Беларусі, дык дакладна ведае прычыны ўсяго гэтага. Бо мы назіралі, з чаго пачыналася, і можна было прадбачыць, да чаго гэта прывядзе. Вось і прывяло фактычна да фашызму, калі чалавек, каб утрымацца ва ўладзе, зьдзекуецца са свайго народу».

Юры Захаранка ў форме
Юры Захаранка ў форме

У студзені 2024 году Юрыю Захаранку споўнілася б 72 гады. Сёньня Алена Захаранка па традыцыі пойдзе ў царкву і паставіць сьвечку ў памяць таты, які для яе застаўся маладым.

«Для нас усіх ён застаўся маладым, 47-гадовым барацьбітом, які ніколі не здаваўся. Калі ён праяжджаў на сваёй белай машыне („Жыгулі“ шасьцёрка ў яго была) насустрач картэжу Лукашэнкі, дык заўсёды мігаў яму фарамі. Рознымі спосабамі нібы выклікаў таго на асабісты двубой, але, як бачыце, сілы выявіліся няроўнымі. Тата гэта прадбачыў, але не забаяўся».

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG