Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнцтва Лукашэнкі забрала ў мяне дом і радзіму». Трыццацігадовыя — пра жыцьцё пры адным прэзыдэнту


30-годзьдзе кіраваньня Лукашэнкі. Ілюстрацыйны каляж
30-годзьдзе кіраваньня Лукашэнкі. Ілюстрацыйны каляж

Свабода пагаварыла зь беларускамі, якія нарадзіліся ў 1994 годзе, калі на першых прэзыдэнцкіх выбарах перамог Аляксандар Лукашэнка. Усе яны цяпер жывуць за мяжой і папрасілі захаваць ананімнасьць, бо непакояцца за лёс бацькоў, якія засталіся ў Беларусі.

Народжаныя ў 1994-м

  • Марта, айцішніца. Жыве ў Браціславе. Нарадзілася ў ліпені 1994-га
  • Яна, журналістка. Жыве ў Вільні. Нарадзілася ў верасьні 1994-га
  • Каця, займаецца творчасьцю. Жыве ў Кіеве. Нарадзілася ў жніўні 1994-га
  • Агата, айцішніца. Жыве ў Варшаве. Нарадзілася ў жніўні 1994-га


Сьцісла:

  • Калі б не Лукашэнка, я б ня плакала па начах, гледзячы на фатаграфіі роднага гораду, які стаў мёртвым.
  • Калі б не Лукашэнка, я б усё ж атрымала адукацыю ў роднай дэмакратычнай краіне, займалася б мовазнаўствам, і гэта было б ня менш прэстыжна, чым праца ў айці.
  • Прэзыдэнцтва Лукашэнкі забрала ў мяне дом і радзіму, дало разуменьне таго, што некаторых людзей немагчыма назваць людзьмі.
  • Пасьля дажджу выходзіць сонца, так што, калі скончыцца Лукашэнка, галоўнае — не згубіць гэты момант і ўратаваць, што яшчэ застанецца ад Беларусі.

У якім узросьце ўсьвядомілі, што ў вашай краіне не мяняецца кіраўнік, і як да гэтага паставіліся?


Марта: У 2010 годзе, калі адбываліся дастаткова маштабныя пратэсты. Я не сачыла за тым, каторы раз ужо Лукашэнка абвясьціў сваю перамогу і колькі разоў запар па законе ўвогуле можна займаць прэзыдэнцкую пасаду. Я бачыла рэакцыю грамадзтва, і да мяне дайшло, што гэта ўжо сапраўды нездаровая ва ўсіх сэнсах сытуацыя: быць ва ўладзе столькі гадоў запар.

Яна: Ведаць, здаецца, ведала, але сапраўднае асэнсаваньне таго, што ў краіне ня проста «штосьці ня так», а што гэта рэжым чалавека, які затрымаўся на пасадзе, адбылося напрыканцы 2005 году. Знаёмыя завялі мяне ў сядзібу БНФ на (тады) Варвашэні: шмат беларускай мовы, кружэлкі, налепкі, ну і галоўнае — сымболіка, якой, здаецца, раней ня бачыла. Я спытала ў сяброўкі, што гэта за месца, і яна неяк коратка сказала, што наша краіна ня вольная, а гэта месца апазыцыі, тут можна знайсьці тое, што ўлады забаранілі... Пасьля пачалася выбарчая кампанія 2006 году. Я назірала за ёю зь вялікім захапленьнем і надзеяй, але тады ж усьвядоміла, што ў нашай краіне выбары зь іншым «вынікам» не праходзяць. Пасьля тых падзей цікавасьць ня зьнікла.

Каця: Прыкладна да 20 гадоў я ніколі не цікавілася палітыкай сваёй краіны. Пасьля выбараў 2020 году я толькі пачала заглыбляцца ва ўсё, што адбываецца ў Беларусі, і разумець, як усе гэтыя гады нас проста труціла гэтая ўлада і на гэта ніхто ня можа паўплываць.

Агата: Я ўсьвядоміла, што кіраўнік краіны не мяняецца і хіба не памяняецца добраахвотна, калі адбыліся выбары прэзыдэнта ў 2006 годзе. Мне было тады амаль 12 год. Хутчэй гэта было разуменьне, бо я расла ў бацькоў, якія былі заўсёды супраць Лукашэнкі і часта тлумачылі мне, што адбываецца ў краіне.

Як магло б скласьціся ваша жыцьцё, калі б не Лукашэнка?

Марта: Мне складана меркаваць пра тое, што б было, калі б яго ніколі не выбіралі — занадта шмат пераменных, і рэтраспэктыва абмежаваная. Калі б не Лукашэнка, думаю, у мяне не было б траўмы сьведкі, праблем з гневам і наступнай тэрапіі. Я б ня плакала па начах, гледзячы на фатаграфіі майго роднага гораду, які стаў мёртвым. Я б не хвалявалася за сваіх блізкіх, якія жывуць у краіне. Шанцы на бясконцыя кар’ерныя і адукацыйныя магчымасьці ЭЗ разам з адсутнасьцю бюракратыі і іншым стаўленьнем да маёй нацыянальнасьці б моцна ўзрасьлі. І ў мяне ўсё яшчэ было б месца, куды я магла б вярнуцца. Альтэрнатыўных рэальнасьцяў бясконцая колькасьць, уключна з горшымі. Але я веру ў тое, што было б проста лягчэй, вальней і багацей жыць.

Яна: Можа, без Лукашэнкі маё жыцьцё не было б такім палітызаваным. Зь іншага боку — уся папярэдняя гісторыя вельмі добра накладалася на маё сталеньне і так званы падлеткавы бунт. Таму, магчыма, калі б не было Лукашэнкі, гэты бунт быў бы скіраваны супраць кагосьці ці чагосьці іншага.

Каця: Я вельмі люблю сваю краіну, я там вырасла, там засталіся ўсе, каго я вельмі люблю і па кім сумую. На жаль, праз Лукашэнку зараз я баюся ехаць дадому. Страх, што мяне пасадзяць з прычыны маіх поглядаў на ўладу, вельмі вялікі.

Агата: Каб не Лукашэнка і яго бесьперапынная ўлада, я б працягвала жыць у сваёй краіне на сваёй зямлі, не баючыся больш ніколі ня ўбачыць сваіх родных і некаторых сяброў. Думаю, у мяне б было больш людзей у асяродзьдзі, для якіх адзіная мова — беларуская, і напэўна ў свой час я б менш чула ад аднаклясьнікаў, што беларуская мова — калгасная. Яшчэ, напэўна, я б усё ж атрымала адукацыю ў роднай дэмакратычнай краіне, займалася б мовазнаўствам, і гэта было б ня менш прэстыжна, чым праца ў айці. У Беларусі я навучалася па спэцыяльнасьці «беларуская філялёгія», але сышла адтуль у 2016 годзе, бо маіх бацькоў пачалі выклікаць у дэканат праз мой удзел у шэсьці на Дзень Волі. Унівэрсытэт у Беларусі так і ня скончыла, бо тады вырашыла, што я завязала зь беларускай адукацыяй, прынамсі пакуль ня зьменіцца сыстэма адукацыі і ўвогуле не адбудзецца зьменаў у бок дэмакратыі.

Што 30-гадовае прэзыдэнцтва Лукашэнкі забрала ў вас? А што дало?

Марта: Прэзыдэнцтва Лукашэнкі забрала ў мяне дом і радзіму, дало разуменьне таго, што некаторых людзей немагчыма назваць людзьмі. Ні любові, ні жалю — як у іх да мяне, так і ў мяне да іх.

Яна: На дадзены момант, напэўна, забрала магчымасьць наведаць родны горад Менск і сваякоў там. А зь іншага боку, дало тое, што дало. Большасьць сяброў і знаёмых у маім коле — гэта людзі, зь якімі я пазнаёмілася дзякуючы паглыбленьню ў беларускую культуру, палітычную сытуацыю.

Каця: Мне ўлада нічога не дала за гэтыя 30 гадоў майго жыцьця, толькі адабрала дом і блізкіх.

Агата: Яго 30-гадовае прэзыдэнцтва забрала ў мяне, па-першае, родны дом. Пасьля пераезду да мяне ў кватэру прыходзілі супрацоўнікі КДБ зь ператрусам, і цяпер я не магу вярнуцца ў Беларусь. Таксама забрала пачуцьцё базавай бясьпекі, бо прыходзілася жыць ва ўмовах, калі ты ня можаш называць рэчы сваімі імёнамі, калі кожны баіцца сьмела выказацца, бо гэта ж пачалося задоўга да 2020 году. А з таго, што дало — дык гэта ўсьведамленьне, што ня трэба чакаць нейкага выратаваньня, а кожнаму варта браць адказнасьць за сваю будучыню ў свае рукі. Толькі так разам можна перамагчы зло.

Ці жылі б вы за мяжой, калі б у Беларусі мяняліся прэзыдэнты?

Марта: Так, але тут трэба разумець асаблівасьці майго характару: мне падабаецца выходзіць з зоны камфорту і спазнаваць новае. Калі б я нарадзілася дзе-небудзь у Францыі, я б не змагла б пражыць там усё сваё жыцьцё таксама. Сытуацыя з Лукашэнкам проста паскорыла мой пераезд.
Але важна зразумець адно: калі ты жывеш адзін за мяжой, табе грэе душу думка пра тое, што калі нешта пойдзе ня так, ты можаш вярнуцца дадому. Я не магу. Гэтая крытычная розьніца цісьне і адначасова дае стымул забыцца пра «мінулае жыцьцё» і будаваць новае ўжо ў ЭЗ без аглядкі на штосьці.

Яна: Думаю, што не жыла б за мяжой. Прынамсі, асноўным пунктам вяртаньня заставаўся б Менск.

Каця: Пакуль не пераехала ва Ўкраіну, мяне не турбавала палітыка. Толькі ва Ўкраіне я зразумела, што ўсе гэтыя гады жыла як у турме. Многія пытаюцца ў мяне да гэтага часу, у чым розьніца паміж Украінай і Беларусьсю, я ім расказваю анэкдот пра дзьвюх аўчарак.

На мяжы жылі дзьве аўчаркі і адна зь іх вырашыла паглядзець, як у Беларусі жывецца. Прайшло пару тыдняў, і яна вярнулася назад, а ў яе і пытаюцца:
— Чаго назад прыйшла?
— Тут хаця б гаўкаць можна.

Ці ёсьць у вашым атачэньні (сям’я, сябры, блізкія) прыхільнікі Лукашэнкі?

Марта: Падазраю, што мая бабуля ўсё глядзіць на яго праз ружовыя акуляры, але мы не абмяркоўваем гэтую тэму зь ёю. Ёй ужо даўно за 80, і нам прасьцей абысьці гэты востры вугал. З астатнімі, хто быў у маім атачэньні і падтрымліваў Лукашэнку, я даўно перастала мець зносіны.

Яна: Не. Памятаю толькі выпадак падчас рэфэрэндуму 2004 году. Да бацькоў у госьці прыйшлі сябры, і адзін сказаў, што прагаласаваў «так», то бок за тое, каб Лукашэнка мог пераабірацца неабмежаваную колькасьць разоў. Мае бацькі тады вельмі на яго абурыліся. Але былі і ёсьць шмат знаёмых, якія проста намагаюцца жыць так, каб ніяк зь беларускай палітыкай не сутыкацца і не размаўляць пра яе.

Каця: Мая маці працуе на дзяржслужбе больш за 30 гадоў, і гэтая тэма ніколі не ўзьнімалася ў нашай сямʼі. На дадзены момант уся мая сямʼя пражывае ў Беларусі і не падтрымлівае рэжым, проста дажываюць да пэнсіі.

Агата: Сярод блізкага атачэньня ў мяне няма прыхільнікаў Лукашэнкі. Але некаторыя далёкія родзічы і знаёмыя (аднаклясьнікі і аднагрупнікі, напрыклад) дагэтуль падтрымліваюць Лукашэнку.

Ці ўспрымалі вы Лукашэнку як надвор’е, як тое, на што немагчыма ўплываць?

Марта: Калі шчыра, я дагэтуль яго так успрымаю. На яго можа паўплываць або куля, або інфаркт, або сьмерць расейскага патрона (ва ўсякім разе, у цяперашніх рэаліях). І ўсе гэтыя фактары, відавочна, не асабліва знаходзяцца пад уплывам народу ці ўраду ў выгнаньні.

Яна: Нішто ня вечна, у тым ліку Лукашэнка. Рана ці позна сытуацыя зьменіцца. Вядома, магу прыгадаць некалькі пэрыядаў, калі хацелася махнуць рукой. 2015 год ці 2022, калі пачалася вайна ва Ўкраіне і стала ясна, што пакуль вайна ня скончыцца яе перамогай, то і зьменаў унутры Беларусі чакаць марна. То бок гэтыя моманты хутчэй былі паказчыкам пэўнага застою, але здарыўся 2020-ы, ад якога я таксама не чакала таго, што адбылося. Перад ковідам я была ўпэўненая, што пройдуць такія ж выбары, як у 2015-м. А пасьля дажджу выходзіць сонца, так што калі скончыцца Лукашэнка, галоўнае — не згубіць гэты момант, уратаваць, што яшчэ застанецца ад Беларусі, і прапрацаваць/рэфармаваць ягоную спадчыну.

Агата: Не было ўспрыманьня гэтага чалавека як надворʼя, бо я ўпэўненая, што і на яго магчыма паўплываць, проста трэба ведаць як. Але ніколі і не было веры, што ён проста возьме і сыдзе са сваёй пасады.

Якой вы бачыце Беларусь без Лукашэнкі?

Марта: Той, пра якую сапраўды без сарказму можна будзе сказаць «Беларусь для жыцьця». Пакуль яна толькі для несвабоднага маркотнага існаваньня па ўказах самаабвешчаных небажыхароў.

Яна: У Беларусі без Лукашэнкі будзе вельмі шмат працы, каб выправіць усё, што сталася падчас Лукашэнкі. Хочацца, каб была актыўная палітычная канкурэнцыя, сапраўдная сацыяльная палітыка, адкрытыя межы, адсутнасьць цэнзуры, добрыя ўмовы для вядзеньня бізнэсу ці разьвіцьця культурных праектаў.

Каця: Я вельмі спадзяюся, што Лукашэнка хутка памрэ і ўсе ягоныя паплечнікі сыдуць! Хай да ўлады прыйдзе чалавек, які зможа падняць нашу краіну, яна ж такая цудоўная! Я вельмі хачу свабодна езьдзіць да мамы ў госьці і паказаць сваім дзецям, дзе расла іх маці.

Агата: Я бачу вольную Беларусь без Лукашэнкі толькі ва ўмовах адсутнасьці ўплыву Расеі. З адраджэньнем беларускай мовы і культуры, з добрымі ўмовамі для бізнэсоўцаў і разьвіцьця эканомікі. Я ўпэўненая, што ў Беларусі ёсьць вялізны патэнцыял, каб стаць годнай разьвітай эўрапейскай краінай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG