Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму расейскія дроны лятаюць над Беларусьсю? Разьбіраем асноўныя вэрсіі


Іранскі дрон «Шагед»
Іранскі дрон «Шагед»

Палёты «Шагедаў» маглі быць расейскім папярэджаньнем Лукашэнку, што яго спробы зьнізіць напружанасьць у адносінах з Украінай і Захадам набліжаюцца да «чырвонай рысы» неляяльнасьці Маскве.

Сьцісла

  • Выпадковасьцю гэтыя палёты патлумачыць складана як з прычыны іх частаты, гэтак і працягласьці.
  • Варыянт, што Ўкраіна сродкамі РЭБ перанакіравала «Шагеды», не стасуецца з палітычным кантэкстам — пасьля міралюбных заяваў Лукашэнкі Кіеву больш, чым калі-небудзь, непатрэбнае новае абвастрэньне.
  • Калі гэта сьвядомае рашэньне Расеі, то яно магло быць прынятае з чыста ваенных меркаваньняў.
  • Шэраг апошніх крокаў афіцыйнага Менску можна трактаваць як спробы зьнізіць напружанасьць у адносінах з Украінай і Захадам.
  • Палёты «Шагедаў» маглі быць расейскім папярэджаньнем Лукашэнку, што гэтыя спробы набліжаюцца да «чырвонай рысы» неляяльнасьці Маскве.

Адказаў на гэтае пытаньне прапануецца некалькі — з рознай ступеньню праўдападобнасьці.

Самы просты і відавочны — выпадковасьць. На вайне як на вайне, ювэлірнай дакладнасьці чакаць не выпадае, да таго ж дроны, якія заляталі ў Беларусь — канструкцыі дастаткова прымітыўнае, такія мапэды з крыламі. Складанай электронікі ў іх няма, іх эфэктыўнасьць — якраз у іх таннасьці. Таму збоі магчымыя і наагул, а адносна такой зброі — тым больш.

Аднак два факты ў гэтую вэрсію не ўкладаюцца.

Першае — частата, за 5 дзён (11–16 ліпеня) — чатыры выпадкі. Пры тым, што раней, больш як за два гады вайны, такіх інцыдэнтаў альбо не было наагул, альбо яны былі надзвычай рэдкімі.

Другое — працягласьць палётаў. Паводле зьвестак «Беларускага гаюна» адзін зь іх ляцеў над Беларусьсю нават некалькі гадзінаў.

Калі ў 2015 годзе на вайне ў Сырыі расейскі баявы самалёт заляцеў у паветраную прастору Турэччыны і быў зьбіты — ён прабыў над Турэччынай некалькі сэкундаў. Магло быць і выпадковасьцю. Калі баявы апарат лятае над тэрыторыяй краіны, якая не зьяўляецца бокам вайны, гадзінамі — да выпадковасьці гэта ня вельмі падобна.

Застаюцца вэрсіі, што палёты дронаў над Беларусьсю былі вынікам сьвядомага рашэньня. Хто яго прыняў?

Адзін з варыянтаў — украінцы сродкамі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) перахапілі кантроль над дронамі і накіравалі іх у паветраную прастору Беларусі. Тут адразу ўзьнікае пытаньне тэхнічнай магчымасьці. Вайсковыя экспэрты (якім я не зьяўляюся) даюць супярэчлівыя адказы — адны кажуць, што гэта магчыма, іншыя — што не. Прэцэдэнты падобнага перахопу кантролю на цяперашняй вайне неяк не прыгадваюцца.

Да таго ж вэрсія «ўкраінскага сьледу» ня вельмі стасуецца з ваенна-палітычным кантэкстам. 13 ліпеня Аляксандар Лукашэнка наведаў вайсковую частку ў Лунінецкім раёне і заявіў пра ліквідацыю напружанасьці на мяжы з Украінай. Раней у ліпені ён і беларускія генэралы гаварылі пра абвастрэньне сытуацыі, дадатковыя беларускія вайсковыя кантынгенты перакідаліся да мяжы, гучалі намёкі на магчымасьць ужываньня нават ядзернай зброі. І раптам 13 ліпеня: «Цяпер у нас ускладненьняў ніякіх няма з украінцамі. І я спадзяюся, што і ня будзе. Мы ніякія ня ворагі для ўкраінцаў». А «Шагеды» заляталі на тэрыторыю Беларусі ня толькі ў гэты дзень, але і яшчэ праз тры дні. Калі гэта ўчынілі ўкраінцы, то дзеля якой мэты?

Калі краіна, ад якой паходзіць пагроза, заяўляе пра разрадку напружанасьці, калі робіць і практычныя крокі ў гэтым кірунку — для чаго тузаць яе, учыняць непрыемныя сюрпрызы? Што Лукашэнка і пасьля 13 ліпеня застаўся ваенным саюзьнікам Расеі, дык у Кіеве ў курсе. Але заводзіць расейскія дроны ў паветраную прастору Беларусі — для таго каб што? Каб Лукашэнка зноў крычаў, што Ўкраіна рыхтуецца да нападу і нават ужо напала сродкамі РЭБ, каб ізноў вярнуў на мяжу дадатковыя войскі, толькі што адкліканыя адтуль?

І якая карысьць ад гэтага Ўкраіне? Яна не праглядаецца, нават калі гэта была ўкраінская апэрацыя «пад чужым сьцягам» — завялі дроны ў беларускае неба, каб Лукашэнка падумаў, што гэта расейцы зрабілі, і раззлаваўся на іх.

Занадта мудрагелістая вэрсія. Тэхнічна, напэўна, можна высьветліць, ці быў збой у палётным заданьні дрона і ці быў перахоп кантролю. Тады беларускі бок расшыфраваў бы сапраўднага арганізатара апэрацыі «пад чужым сьцягам», і вынікам стала б новае абвастрэньне сытуацыі на мяжы. Для чаго гэта ўкраінцам?

Ну і, нарэшце, вэрсія, паводле якой расейцы сьвядома запусьцілі свае дроны па траекторыях у паветранай прасторы Беларусі. Чаму? Адзін з магчымых адказаў — а чаму б і не? З апэратыўных і стратэгічных меркаваньняў.

У лютым 2022 году завялі ў Беларусь велізарную ўдарную групоўку і выкарысталі для нападу на Ўкраіну. А празь некалькі месяцаў амаль усю яе і вывелі зь Беларусі. З 24 лютага 2022 году яны з тэрыторыі Беларусі рэгулярна абстрэльвалі Ўкраіну. А з кастрычніка 2022 году абстрэлы зь беларускай тэрыторыі спыніліся. Чаму? Бо палічылі мэтазгодным з ваеннага пункту гледжаньня.

Але гэтую формулу можна і перавярнуць. Да 11 ліпеня 2024 году расейскія дроны над Беларусьсю не ляталі. А з гэтага дня — паляцелі. У межах гэтай падвэрсіі Лукашэнка — толькі і цалкам марыянэтка Крамля, кшталту Дзяніса Пушыліна — кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі «ДНР». Чаму расейскія войскі дзейнічаюць на тэрыторыі Данецкай вобласьці Ўкраіны так, а не інакш? Таму што ў генштабе РФ так вырашылі. Думкі Пушыліна на гэты конт ніхто не пытае наагул.

Тут усё, па сутнасьці, упіраецца ў гэтае прынцыповае пытаньне, на якім ужо зламана нямала дзідаў. Лукашэнка — Пушылін, ён ня мае абсалютна ніякай аўтаноміі ў прыняцьці рашэньняў, ад ягоных думак, пажаданьняў, просьбаў ваенная палітыка Крамля не залежыць абсалютна? Магчыма, і так. Я такога бачаньня не падзяляю. Апроч іншага — і таму, што яно ня вельмі стасуецца з фактамі.

Апошнім часам мы назіраем цэлы ланцуг крокаў афіцыйнага Менску, якія абазначаюць прынамсі гатоўнасьць Лукашэнкі дээскаляваць сытуацыю на поўдні, поўначы і захадзе. Вызваленьне 18 палітвязьняў, прапанова новага кіраўніка МЗС Максіма Рыжанкова Польшчы пачаць перамовы аб урэгуляваньні адносінаў, бязьвіз для грамадзянаў 35 краінаў Эўропы, нарэшце, прыгаданая заява Лукашэнкі на мяжы аб пэўнай нармалізацыі адносінаў з Украінай і адводзе ад мяжы часткі беларускіх войскаў, падведзеных туды на пачатку ліпеня. Усе гэта — ня новая разрадка, не адмова ад ваеннага саюзу з Расеяй, ня зьмена геапалітычнай арыентацыі. Але ўсё гэта крокі, жэсты, прапановы ў адным кірунку.

І ня тое што Лукашэнка зрабіў гэтыя рухі як абсалютна сувэрэнны кіраўнік, што ён ставіць Маскву перад фактам і яму напляваць, што там падумаюць пра ягоныя рухі. Зусім ня так.

Мяркую, што пра большую частку гэтых крокаў і заяваў Масква была загадзя паінфармаваная, а магчыма, гэтыя крокі зь ёю былі і ўзгодненыя. Пры гэтым Лукашэнка прапаноўваў праўдападобныя матывацыі, якія апэлявалі да інтарэсаў Расеі. Крэмль зараз імкнецца прымусіць Кіеў да мірных перамоваў на сваіх умовах, ён імкнецца ўплываць у гэтым кірунку на грамадзкую думку і эліты на Захадзе. Больш лагодны, менш агрэсіўны вобраз адзінага ваеннага саюзьніка РФ можа быць і карысным для прасоўваньня гэтай палітыкі Крамля.

Неяк так мог Лукашэнка тлумачыць у Крамлі свае апошнія дзеяньні і заявы. Яму маглі там на гэта нават даць згоду. Але зь цяжкім сэрцам. І з падазрэньнямі.

І паказьнік гэтага дваістага стаўленьня — гэта вал, кананада абвінавачваньняў Лукашэнкі ў здрадзе, які пракаціўся па праваенных расейскіх ТГ-каналах пасьля ягоных заяваў у Лунінецкім раёне. Цікава, што нічога падобнага не гучала на расейскіх фэдэральных каналах, у расейскіх СМІ. Гэта значыць, што адназначнай перакваліфікацыі Лукашэнкі ў здраднікі на ўзроўні Пуціна, на ўзроўні Крамля не адбылося. Прынамсі, пакуль.

Але некаму ў Расеі, у тым ліку і ў расейскай уладзе, падалося, што Лукашэнка наблізіўся да «чырвонай лініі» неляяльнасьці. Незалежнасьць расейскіх праваенных ТГ-каналаў — даволі адносная. Лёс Гіркіна-Стралкова, як і Прыгожына, усе памятаюць. І калі гэтыя каналы так дружна накінуліся на Лукашэнку (чаго раней, прынамсі гэтак дружна, не рабілі), то выглядае, што нехта з высокага ўзроўню расейскай улады даў адмашку, а то і каманду. Але на дазаваную рэакцыю: у ТГ-каналах — так, на фэдэральных тэлеканалах — не.

У сьвятле гэтай інфармацыйнай кампаніі і дзіўныя палёты «Шагедаў» над Беларусьсю могуць быць тым жа самым — дазаваным папярэджаньнем пра тое, што прастора самастойных дзеяньняў у Лукашэнкі не нулявая, але і ня вельмі шырокая, і ён да яе мяжы наблізіўся.

Некаторыя экспэрты бачаць у гэтых палётах наўпрост уцягваньне Лукашэнкі, беларускага войска ў вайну. Гэта падаецца малаімаверным. Ужо марыянэтка ён ці не, але прамому загаду ваяваць ён наўрад ці мог бы супрацьстаяць. Калі б быў намер прымусіць яго ваяваць, дык дзеля гэтага ёсьць нашмат больш эфэктыўныя шляхі, якія абмяркоўваюцца зь лютага 2022 году.

З тэрыторыі Ўкраіны прылятае ўкраінская ракета (трафэйная) на Мазырскі НПЗ, дывэрсійная група «ветлівых людзей» наносіць удар па тэрыторыі Беларусі, пакідаючы візытку Буданава, усьлед ужо фэдэральныя каналы РФ узвываюць: Украіна напала на Беларусь, кроў беларусаў на руках украінскіх «нацыстаў», пралітая кроў патрабуе помсты, бла-бла-бла. Адбіцца ад прамога ўдзелу ў вайне ў такой сытуацыі Лукашэнку было б няпроста, нават калі ў прынцыпе магчыма.

Прынялі б палітычнае рашэньне, што беларуская армія на вайне патрэбная, дык учынілі б нешта падобнае. Ці проста загадалі б: «Трэба, Саша».

Палёты «Шагедаў» у гэтым сэнсе маюць малы матывацыйны патэнцыял. Але папярэджаньнем, як і кампанія ў ТГ-каналах, цалкам могуць быць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG