За апошні тыдзень маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» апублікавала інфармацыю аб зьяўленьні ў беларускай паветранай прасторы чатырох баявых бесьпілётнікаў «Шахед». Некаторыя зь іх выкарысталі Беларусь для транзыту на ўкраінскую тэрыторыю. Некалькі, паводле інфармацыі рэсурсу, маглі застацца ў Беларусі. Сьцьвярджаецца таксама, што ва ўсіх выпадках «Шахедамі» зацікавіліся сілы супрацьпаветранай абароны Беларусі. У паветра падымаліся баявыя самалёты і верталёты. Пра факты зьбіцьця меркаваных расейскіх «Шахедаў» над Беларусьсю інфармацыі пакуль няма.
Што такое «Шахед»
Сямейства бесьпілётных апаратаў «Шахед» распрацавалі ў Іране ў канцы 2010-х гадоў. Бесьпілётнікі масава прымяняюцца Расеяй на вайне супраць Украіны. Пры гэтым Мінабароны РФ адмаўляе выкарыстаньне іранскіх тэхналёгій і сьцьвярджае, што выкарыстоўвае апараты «Герань» уласнай вытворчасьці і распрацоўкі. Візуальна «Герань» не адрозьніваецца ад «Шахедаў», што дае падставы сумнявацца ў расейскай вэрсіі.
«Шахеды» — гэта параўнальна невялікі апарат з рухавіком, падобным да матацыклетнага. У залежнасьці ад мадыфікацыі такі бесьпілётнік можа праляцець ад 1000 да 2000 кілямэтраў на адным бáку і несьці пры гэтым каля 50 кіляграмаў выбухоўкі. Вышыня палёту — ад 40 да 4000 мэтраў. Вага — каля 200 кіляграмаў, памеры — 3 мэтры ў даўжыню і 2 мэтры ў шырыню. Сярэдняя хуткасьць — 15-170 кілямэтраў на гадзіну.
«Шахеды» падчас палёту могуць мяняць траекторыю і вышыню адпаведна загадзя заплянаванай праграме, што ўскладняе іх зьнішчэньне сродкамі супрацьпаветранай абароны.
Палёты «Шахедаў» над Беларусьсю
Інфармацыя пра тое, што выпушчаныя з расейскай тэрыторыі «Шахеды» маглі залятаць на тэрыторыю Беларусі, зьяўлялася і раней, аднак з 11 ліпеня 2024 году паведамленьні аб такіх здарэньнях пачалі зьяўляцца рэгулярна. Пералічваем гэтыя выпадкі і расказваем пра маршруты палётаў.
11 ліпеня. Палёт над Лоевам і Хойнікамі
Пра тое, што ўвечары 11 ліпеня адзін з расейскіх «Шахедаў» залятаў у Беларусь, першым паведаміў украінскі рэсурс «Инсайдер UA». Паводле гэтага паведамленьня, дрон заляцеў на беларускую тэрыторыю з паветранай прасторы Чарнігаўскай вобласьці ўвечары 11 ліпеня. Сьцьвярджаецца таксама, што «Шахед» знаходзіўся над Беларусьсю каля гадзіны і, даляцеўшы да Хойнікаў, павярнуў у бок Украіны (тут меркаваны маршрут). Як паведамляе рэсурс «Беларускі Гаюн», у гэты ж час над Хойнікамі заўважылі баявы верталёт і зьнішчальнік Узброеных сіл Беларусі. Той жа рэсурс сьцьвярджае, што «Шахед» вылецеў зь Беларусі ў раёне Палескага радыяцыйнага запаведніку.
13 ліпеня. Палёт над Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскімі абласьцямі
Паводле «Беларускага Гаюна», інцыдэнт пачаўся прыкладна ў 3 гадзіны ночы, калі з тэрыторыі Украіны ў Гомельскую вобласьць заляцеў чарговы баявы бесьпілётнік. Як паведамляе рэсурс са спасылкай на ўкраінскія крыніцы, «Шахед» зноў заляцеў у Беларусь у раёне Лоева, аднак на гэты раз накіраваўся не на поўдзень, а паляцеў на поўнач над Гомлем і Жлобінам, пасьля чаго прадоўжыў маршрут над Магілёўскай вобласьцю. Агулам, паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», «Шахед» лятаў над Беларусьсю некалькі гадзін і праляцеў каля 350 кілямэтраў, завяршыўшы маршрут у раёне Віцебску. Больш дакладнай інфармацыі аб гэтым здарэньні зь іншых крыніц няма.
16 ліпеня. Палёт над Хойнікамі і Нароўляй
Паводле зьвестак «Беларускага Гаюна» і ўкраінскіх крыніц, расейскі бесьпілётнік заляцеў на беларускую тэрыторыю прыкладна ў 4 гадзіны раніцы 16 ліпеня. Як сьцьвярджае «Гаюн», гэта здарылася ў раёне вёскі Белая Сарока, адкуль дрон паляцеў на поўнач і зьявіўся ў небе над Хойнікамі. Пасьля накіраваўся да Брагіна і Камарына, праляцеўшы над Беларусьсю каля 60 кілямэтраў.
16 ліпеня. Палёт над Нароўляй і ў кірунку Бабруйска і Магілёва
Паводле зьвестак «Беларускага Гаюна», расейскі дрон зьявіўся над беларускай тэрыторыяй у 8:40, пасьля чаго паляцеў на поўнач да Нароўлі і далей у кірунку Бабруйска. Як сьцьвярджаюць назіральнікі, у сувязі з гэтым інцыдэнтам у неба зноў паднялася беларуская вайсковая авіяцыя, якая вылятала з Баранавічаў і Мачулішчаў. Вайсковыя самалёты заўважылі над Магілёвам. Усяго расейскі «Шахед» праляцеў над Беларусьсю больш за 300 км.
Увечары 16 ліпеня «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскі «Шахед» разьбіўся ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласьці, паміж Парычамі і Любаньню. Пры гэтым, паводле зьвестак маніторынгавай групы, адбыўся выбух. Беларускае Міністэрства абароны пакуль ніякім чынам не камэнтавала гэтай інфармацыі.
«Каб не саскочылі»
Пра палёты «Шахедаў» Свабода размаўляла з «Сэнатам», камандзірам дружыны аэраназіраньня са Зьвязу бесьпілётных сыстэмаў «Вольт» з Сотні агнявой падтрымкі «Літвін» палка імя Кастуся Каліноўскага. Па інфармацыі вайскоўца, «Шахеды» ёсьць на ўзбраеньні ў беларусаў і тэарэтычна гэта маглі быць іх палёты.
«Гэта як адзін з варыянтаў. Яшчэ адзін — так званыя „фальшцэлі“, дзе замест выбуховага зараду закладзены дадатковыя бáкі, каб ён мог максымальна лятаць. І ён проста лятае і „закалупвае“ супрацьпаветраную абарону тым, што ён лятае і яго ня могуць зьбіць. Яму плянуюць маршрут, каб ён аблятаў тыя месцы, дзе раней былі зафіксаваныя сродкі супрацьпаветранай абароны», — кажа «Сэнат».
Па словах суразмоўцы, заглушыць «Шахед» ўкраінскія вайскоўцы ня могуць. Яго або зьбіваюць з курсу пры дапамозе радыёэлектроннага ўзьдзеяньня, або расстрэльваюць з кулямётаў. Прымяніць ракету супраць «Шахеда», кажа вайсковец, могуць тады, калі ён ляціць у аб’ект крытычнай інфраструктуры.
Па ягонай інфармацыі, 16 ліпеня ў Гомельскай вобласьці «Шахед» сапраўды ўпаў, але ён быў без баявой часткі.
«Выбух быў, але проста ад удару аб зямлю выбухнуў бэнзін, які не дагарэў», — зазначыў вайсковец.
Суразмоўца таксама агучыў вэрсію пра тое, што Расея можа запускаць свае «Шахеды» над беларускай тэрыторыяй наўмысна.
«Могуць шкодзіць — запускаць „Шахеды“ празь Беларусь, каб „не саскочылі“ і каб уцягнуць Беларусь у вайну», — мяркуе вайсковец.
Суразмоўца дадаў, што ў Беларусі няма сродкаў СПА, каб змагацца з «Шахедамі». Супрацьпаветраная абарона «заточаная» на змаганьне з самалётамі, верталётамі, ракетамі і толькі крыху разьвілася на барацьбу з бесьпілётнікамі тактычнага і апэратыўнага ўзроўню, лічыць экспэрт.
«Непаладкі і збоі»
Ваенны аналітык і былы афіцэр паліцыі Ізраіля Сяргей Мігдаль у камэнтары Свабодзе ня выключыў, што заўважаныя над Беларусьсю «Шахеды» былі расейскімі і першапачаткова накіроўваліся для ўдару па Ўкраіне.
«Цяпер расейцы атакуюць дронамі ў асноўным з усходу і поўдня. І, хоць беларускага кірунку ўкраінцы не выключаюць, але накіраваньне дронаў праз тэрыторыю Беларусі можа быць нечаканым. Бо дроны могуць, у адрозьненьне ад балістычных ракет, ляцець зыгзагамі, паварочваць за рог і гэтак далей. Не выключаю, што расейцы выбралі такі кірунак, каб абысьці самыя магутныя эшалёны супрацьпаветранай абароны. Напрыклад, паляцець у бок Польшчы, потым зьвярнуць на поўдзень і пайсьці на цэль, атакаваць», — разважае аналітык.
Паднятыя ў паветра над Беларусьсю зьнішчальнікі і верталёты экспэрт называе спробай беларускіх уладаў паказаць, што палёты «Шахедаў» іх хвалююць, хоць насамрэч яны далі расейцам на гэта згоду.
Сяргей Мігдаль лічыць, што «Шахеды» расейскай вытворчасьці маюць нялепшую якасьць і таму могуць упасьці, разваліцца ў паветры, мець збоі ў сыстэме навігацыі.
«Чаму бомбы і бесьпілётнікі падаюць на Белгарад? Не таму, што расейцы хочуць зьнішчыць горад. Таму што якасьць такая, тэхнічныя непаладкі і збоі», — кажа аналітык.
Форум