Станам на раніцу 17 ліпеня цалкам аднавілі электразабесьпячэьнне населеных пунктаў у Магілёўскай вобласьці. У Гомельскай вобласьці, якая найбольш пацярпела ад урагану 14 ліпеня, работы яшчэ працягваюцца, паведамляе прэс-служба Міністэрства энэргетыкі.
У Магілёўскай вобласьці цалкам адноўленыя ўсе лініі электраперадачы 35 кВ і вышэй. Паводле заявак спажыўцоў, яшчэ вядуцца работы на лініях 0,4 кВ — іх энэргетыкі абяцаюць скончыць цягам дня.
У Гомельскай вобласьці за ноч аднавілі электразабесьпячэньне 114 населеных пунктаў, сярод іх усе раённыя цэнтры. Станам на раніцу 17 ліпеня работы працягваліся яшчэ ў 494 населеных пунктах, было задзейнічана 197 брыгадаў.
Пакуль вядуцца рамонтныя работы, мясцовыя ўлады разьмясьцілі ў населеных пунктах перасоўныя дызэльныя генэратары — 90 зь іх ужо задзейнічана, яшчэ 28 плянуюць даставіць у рэгіён неўзабаве.
Агулам ведамства плянуе ўстанавіць генэратары ў 169 населеных пунктах, пацярпелых ад урагану.
У Гомельскай вобласьці працягваюцца навальніцы з дажджом і моцным ветрам, што ўскладняе рамонтныя работы.
Некалькі рэгіёнаў Беларусі пацярпелі ад ураганных вятроў 13-14 ліпеня. Шэсьць чалавек загінулі. Шмат населеных пунктаў засталося без электрычнасьці і водазабесьпячэньня.
Энэргасыстэма Беларусі «раней не сустракалася з сытуацыяй», падобнай да той, якая ўзьнікла ў выніку ўраганнага ветру 14 ліпеня, заявіў 16 ліпеня віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак. Чыноўнік зьвярнуў увагу на тое, што вецер быў «анамальнай сілы».
«Мы страцілі амаль усе генэравальныя магутнасьці і энэргазабесьпячальныя лініі рэгіёну Мазыра і прылеглых раёнаў, — сказаў ён. — Штармавы вецер прывёў да вялікіх пашкоджаньняў высакавольтных ліній. Былі парваныя правады, разбураныя апоры. Пацярпелі 54 высакавольтныя лініі. Галоўнай задачай было аднавіць магутнасьці і падаць электраэнэргію ў Мазыр».
Работа Мазырскай ЦЭЦ адноўленая, адноўлена 26 высакавольтных ліній, што дае магчымасьць падаваць электраэнэргію ў раёны Мазыра, адзначыў Сівак. Паводле яго, «ужо пачалі сілкавацца» асноўныя спажыўцы, у тым ліку Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.
Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, у Гомельскай вобласьці шквалісты вецер паваліў больш за 800 дрэваў, якія пашкодзілі высакавольтныя лініі электраперадачы.