На Гомельшчыне працягваюць змагацца з наступствамі непагадзі 14 ліпеня. У Мазыры ўвечары 16 ліпеня паведамілі пра аднаўленьне электрычнасьці. Тым часам Жыхароў Калінкавічаў папярэдзілі пра магчымыя адключэньні вады.
Мазырская цеплаэлектрастанцыя (ЦЭЦ) вяртаецца да звыклага рэжыму працы пасьля ліквідацыі наступстваў непагадзі, якая абрынулася на горад увечары 14 ліпеня і пакінула мясцовых жыхароў без вады і электрычнасьці, паведаміла ўвечары 16 ліпеня Мінэнэрга Беларусі.
Пасьля ліквідацыі наступстваў непагадзі на Мазырскай ЦЭЦ аднавілі выпрацоўку пары і электраэнэргіі. Таксама адноўлена энэргазабесьпячэньне галоўнага прамысловага спажыўца гораду — Мазырскага НПЗ.
«Вядуцца работы па аднаўленьні гарачага водазабесьпячэньня жыльлёвага фонду. Плянуецца, што падача гарачай вады насельніцтву пачнецца найбліжэйшым часам і будзе ажыцьцяўляцца паэтапна», — паведамілі ў Мінэнэрга.
Пасьля 20-ай гадзіны вечара 16 ліпеня прэс-служба Міністэрства энергетыкі паведаміла пра аднаўленьне электразабесьпячэньня ў Мазыры.
«Электраэнэргія паступае прамысловым спажыўцам і ў жылфонд. Сьвятло вярнулася ў большасьць шматкватэрных дамоў Мазыра. У цяперашні час энэргетыкі завяршаюць працы ў прыватным сэктары горада», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Увечары 14 ліпеня моцная бура пакінула 105 тысяч жыхароў Мазыра без вады і электрычнасьці. У Гомельскай вобласьці абвясьцілі надзвычайную сытуацыю і сфармавалі апэратыўны штаб па ліквідацыі наступстваў непагадзі.
У ноч на 16 ліпеня ў Мазыры з дапамогай электрагенэратараў пачалі падаваць ваду. Пасьля 10-й раніцы 16 ліпеня электраэнэргія пачала паступаць на Мазырскую ЦЭЦ.
Праз адсутнасьць электрычнасьці спынілі працу Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і прадпрыемства «Мазырсоль».
Жыхароў Калінкавічаў папярэдзілі пра магчымыя адключэньні вады
У сувязі з падключэньнем аб’ектаў «Калінкавічыводаканалу» да электразабесьпячэньня ў дамах гараджан можа зьнікнуць вада. «Рэкамэндуем папоўніць запасы вады», — паведамляе гарадзкі тэлеграм-канал «Калинковичи».
Раней паведамлялі, што ў горадзе пачалі паэтапна аднаўляць энэргазабесьпячэньне. Па стане на 14.38 16 ліпеня каля 60 працэнтаў жылога фонду гораду падключылі да электраэнэргіі.
* * *
Паводле зьвестак МНС, 14 ліпеня ў Гомельскай вобласьці шквалісты вецер паваліў больш за 800 дрэваў, якія пашкодзілі высакавольтныя лініі электраперадач.
Зафіксавана 457 выпадкаў пашкоджаньня дахаў жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў, 114 сельскагаспадарчых будынкаў у 249 населеных пунктах 15 раёнаў і Гомля.
Форум